ДАЛЬНАЗО́РКАСЦЬ, гіперметрапія,

адхіленне ад нармальнай рэфракцыі вока, што перашкаджае выразна бачыць на блізкай адлегласці. Бывае рэфракцыйная (ад слабай пераламляльнай здольнасці аптычнай сістэмы вока) ці восевая (ад занадта кароткай пярэдне-задняй восі вока). Д. — звычайная рэфракцыя вока нованароджаных, пры росце паступова развіваецца суразмерная эметрапічная рэфракцыя вока. У дальназоркім воку прамяні святла, якія ідуць ад далёкіх і блізкіх прадметаў, перасякаюцца і збіраюцца за сятчаткай вока, таму прадметы відаць невыразна.

Адрозніваюць 3 ступені Д.: слабую, сярэднюю і высокую. Пры слабай і сярэдняй хворыя добра бачаць блізкія і далёкія прадметы, бо акамадацыйная здольнасць вока (магчымасць мяняць крывізну і таўшчыню крышталіка) добрая. На высокай ступені Д. хворыя кепска адрозніваюць прадметы здалёку і зблізку, нават з карэкцыяй. Некарэгіраваная Д. у дзяцей можа прывесці да развіцця касавокасці. Выпраўляюць Д. акулярамі з выпуклымі (збіральнымі) шкельцамі.

Л.​М.​Марчанка.

т. 6, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАКАДЗІ́ЛЫ (Crocodylia),

атрад паўзуноў падкл. архазаўраў. З сям. (алігатары: 4 роды, 8 відаў; гавіялы: 1 род, 1 від; сапраўдныя К.: 3 роды, 14 відаў). Пашыраны ў трапічным і субтрапічных паясах, па берагах прэсных вадаёмаў, у балотах. У некат. краінах (Егіпет, Індыя) лічацца свяшчэннымі жывёламі. У Чырв. кнізе МСАП 19 відаў.

Даўж. 1,2—7 м. Галава прадаўгаватая, хвост доўгі, сплюшчаны з бакоў. Цела ўкрыта рагавымі шчыткамі. Найб. высокаарганізаваныя паўзуны: маюць 4-камернае сэрца, другаснае касцявое паднябенне, зубы ў асобных ячэйках, мазжачок добра развіты. Кормяцца воднымі беспазваночнымі, рыбай, наземнымі пазваночнымі, іншы раз нападаюць на жывёлу, нават на людзей. Актыўныя ўначы. Размнажаюцца яйцамі (20—100 шт.). Жывуць да 100 гадоў. Мяса ядомае, скура ідзе на галантарэйныя вырабы. Разводзяць у шэрагу краін. Гл. таксама Кайманы.

Э.​Р.​Самусенка.

т. 8, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСІ́ЗМ,

сукупнасць канцэпцый, аснову якіх складаюць палажэнні аб фізічнай і псіхічнай няроўнасці чалавечых рас і ўплыве расавых адрозненняў на гісторыю і культуру грамадства, аб спрадвечным падзеле людзей на вышэйшыя і ніжэйшыя расы. Сцвярджае, што вышэйшыя расы з’яўляюцца адзінымі стваральнікамі цывілізацыі і закліканымі да панавання, а ніжэйшыя не здольны да стварэння і нават да засваення высокай культуры і асуджаны на эксплуатацыю. Першая расісцкая канцэпцыя распрацавана французам Ж.​А.​Габіно, які абвясціў арыйцаў «вышэйшай расай» («Эсэ аб няроўнасці чалавечых рас», 1884). У далейшым Р. пераплёўся з сац. дарвінізмам, мальтузіянствам, еўгенікай (Д.​Хайкрафт і Б.​Кід у Вялікабрытаніі, Ж.​Лапуж у Францыі, Л.​Вольтман, Х.​Чэмберлен, О.​Аман у Германіі). Стаў афіц. ідэалогіяй фашызму выкарыстоўваецца для апраўдання расавай дыскрымінацыі, сегрэгацыі і апартэіду. Р. асуджаны Міжнар. супольнасцю. Гл. таксама Нардызм.

т. 13, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЎНАВА́ГІ РУХО́МАЙ ПРЫ́НЦЫП у біялогіі,

вызначэнне стану дынамічнага балансу (гамеастазу), які падтрымліваецца за кошт адноснага пастаянства асн. якасна-колькасных характарыстык пэўнага прыроднага комплексу (экасістэмы). Сфармуляваны рас. батанікам А.​Яленкіным (1921). Баланс бесперапынна абнаўляецца ў сістэме рэчыва — энергія на фоне некат. ваганняў яе кампанентаў, якія паступова мяняюцца ў эвалюцыйным, гіст. і індывід. планах, нават да пераходу ў якасна іншы стан (на працягу адносна вял. адрэзка часу). Адносная стабільнасць прыроднага комплексу захоўваецца як адзінае цэлае на фоне некат. пастаянных ваганняў асобных кампанентаў экасістэмы. Аднак пад уздзеяннем непастаянных (незвычайных) знешніх сіл апорны пункт структуры экасістэмы можа перамяшчацца ад аднаго кампанента да другога. Напр., захаванне раўнавагі ў буйной расл. супольнасці (тайга, саванна, трапічны лес) або якой-н. папуляцыі шматлікага віду жывёл у межах экасістэмы (супольнасць насякомых, рыбнае насельніцтва вадаёма і інш.).

А.​М.​Петрыкаў.

т. 13, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ЙТЛІНГ ((Weitling) Вільгельм) (5.10.1808, г. Магдэбург, Германія — 25.1.1871),

дзеяч ранняга ням. рабочага руху, сацыяліст. Кравец. У 1836 у Парыжы ўступіў у Саюз справядлівых, напісаў яго маніфест «Чалавецтва, якое яно ёсць і якім яно павінна быць» (1838). Удзельнік няўдалага паўстання бланкістаў (1839). З 1841 у Швейцарыі, дзе апублікаваў гал. твор «Гарантыі гармоніі і свабоды» (1842); арыштаваны за паліт. агітацыю і зняволены (1843). Вызвалены ў 1844. Чл. Брусельскага камуніст. карэспандэнцкага к-та (1846). З 1846 у ЗША (у час рэвалюцыі 1848—49 у Германіі быў на радзіме). Асуджаў капіталізм, але не прымаў навук. камунізму К.​Маркса і Ф.​Энгельса. Быў упэўнены ў магчымасці неадкладна здзейсніць сац. пераварот з апорай на немаёмныя слаі. Пераацэньваючы стыхійнасць рэв. бунту, лічыў яго ўдарнай сілай люмпен-пралетарыяў і нават крымін. злачынцаў. Бачыў у асобе Хрыста перадавога змагара за сац. справядлівасць.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 4, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗГО́НЫ, гвалты,

адработачная феад. павіннасць сялян, часткова мяшчан у ВКЛ у 15—18 ст.; найб. ранняя форма працоўнай павіннасці. З устанаўленнем у 16 ст. штотыднёвай паншчыны З. праводзіліся для тэрміновых с.-г. работ звыш цягла. Падзяляліся на вялікія (зганялі ўсіх працаздольных) і малыя (1—2 работнікі з гаспадаркі на ворыва і сяўбу), на конныя і пешыя. У адрозненне ад паншчыны на З. прымушаліся працаздольныя з кожнай сям’і, нават кутнікі, якія не мелі зямлі і двара. Колькасць З. залежала ад плошчы панскай ворнай зямлі і патрэб у дадатковай рабочай сіле. З часам колькасць іх павялічвалася. У 2-й пал. 18 ст. найчасцей праводзілася 12 З. у год. У залежнасці ад відаў работ З. мелі назву шарваркі, талокі, работы з разавым пачастункам — абжынкі. У балансе рабочай сілы фальварковай гаспадаркі З. мелі значную ўдзельную вагу.

П.​Р.​Казлоўскі.

т. 7, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСТЫ́Т (ад грэч. mastos сасок, грудзі),

грудніца, гнойна-запаленчае захворванне малочнай залозы. У жанчын найчасцей бывае пасля родаў (лактацыйны) ад пападання інфекцыі (стафілакокі, стрэптакокі і інш.) праз трэшчыны саскоў. Узнікненню садзейнічаюць застой малака, ускладненыя роды, агульныя хваробы. Звычайна развіваецца з аднаго боку. Зрэдку хварэюць дзяўчаты і нават мужчыны; бывае таксама М. нованароджаных. Цячэнне вострае, т-ра 38—39 °C, боль, зацвярдзенне і значнае павелічэнне малочнай залозы. Без лячэння ў залозе ўтвараецца балючы інфільтрат (інфільтрацыйны М.), скура чырванее, павялічваюцца падпахавыя лімфавузлы. Бывае таксама флегманозны (нагнаенне інфільтрату) і гангрэнозны (амярцвенне тканак). Лячэнне вострай і інфільтратнай форм тэрапеўтычнае, флегманознай і гангрэнознай хірургічнае. У жывёл М. бывае ў самак млекакормячых, часцей у кароў і коз у першыя тыдні пасля ацёлу (акоту) і ў час запускання. Часцей працякае скрыта. Прыводзіць да зніжэння ці страты малочнай прадукцыйнасці, пагаршэння якасці малака.

Ю.​К.​Малевіч.

т. 10, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯСЕ́Ц (Alopex lagopus),

млекакормячая жывёла сям. воўчых атр. драпежных. Пашыраны ў тундрах і лесатундрах арктычнага ўзбярэжжа і на астравах, трапляецца ў Сібіры да воз. Байкал, на Д. Усходзе да р. Амур. У ледавіковы перыяд быў пашыраны на тэр. Рускай раўніны (рэшткі знойдзены нават у Крыме). 2 формы: П. белы (футра летам шаравата-бурае, зімою белае) і блакітны ( і летам, і зімою дымчата-шэры). На Беларусі выкапнёвы від; рэшткі выяўлены на палеалітычных стаянках Бердыж Чачэрскага, Юравічы Калінкавіцкага р-наў Гомельскай вобл. і каля г. Смаргонь Гродзенскай вобл.

Даўж. цела 75 см, хваста 52 см, маса да 11 кг. Усёедныя, асн. корм — грызуны. Манагамы, часам палігамы. Нараджаюць 7—10, зрэдку да 25 шчанят. Каштоўны пушны звер, аб’ект зверагадоўлі.

Э.​Р.​Самусенка.

Пясец: 1 — белы (а — у зімовым футры; б — у летнім футры); 2 — блакітны.

т. 13, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЦЭТО́НАВЫЯ ЦЕ́ЛЫ, кетонавыя целы,

група арганічных злучэнняў, якія ўключаюць -оксімасляную, ацэтавоцатную кіслоты і ацэтон.

β-оксімасляная і ацэтавоцатная к-ты — прамежкавыя прадукты нармальнага абмену рэчываў у чалавека і жывёл. Утвараюцца ў печані пры няпоўным акісленні тлустых к-т, лёгка акісляюцца ў шкілетных мышцах і нырках. Інтэнсіўнасць іх утварэння залежыць ад стану вугляводнага абмену. Пры канчатковым акісленні іх у здаровым арганізме ўтвараецца вада і вуглякіслы газ. Калі паніжана здольнасць арганізма акісляць рэчывы да канчатковых прадуктаў абмену (пры цукровым дыябеце, недахопе вугляводаў, голадзе, ірвоце, некат. парушэннях нерв. і эндакрыннай сістэм і інш.), к-ты назапашваюцца ў крыві і мачы хворых у таксічных дозах (да 500 мг% супраць нормы — 1 мг%) і часткова ператвараюцца ў ацэтон, які выдзяляецца нават праз лёгкія, што прыводзіць да павышэння кіслотнасці крыві (ацыдозу) і атручэння арганізма. Ад увядзення ў арганізм інсуліну ці дадатковай колькасці вугляводаў утварэнне ацэтонавых целаў памяншаецца.

т. 2, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛОРУ́ССКИЙ ВЕ́СТНИК»,

штодзённая грамадска-паліт. і літ. газета. Выдавалася з 21.11(4.12).1904 да 16(29) 11.1905 у Мінску на рус. мове. У залежнасці ад паліт. сітуацыі і складу рэдакцыі часта мяняла кірунак. Спачатку скіроўвалася на шлях ліберальна-бурж. «надпартыйнага» асветніцтва, абвяшчала праграму яднання ўсіх класаў, саслоўяў і нацыянальнасцяў краю на аснове гуманізму і справядлівасці. Пасля адмовілася ад лібералізму, выступала за «непарушнасць самадзяржаўя», за вайну з Японіяй да пераможнага канца, супраць «несвоечасовых і нават пагібельных для будучыні Расіі» рэформаў, адмаўляла нац. і культ. самабытнасць беларусаў і ўкраінцаў. Пад націскам рэв. руху летам 1905 набыла ліберальна-бурж. афарбоўку, нярэдка друкавала матэрыялы апазіцыйнага і выкрывальнага зместу, выказвалася за паліт. рэформы. Пасля таго як улады прыпынілі выданне газ. «Северо-Западный край», мінская дэмакр. грамадскасць фактычна ператварыла «Белорусский вестник» у сваю трыбуну, дзе выкрываўся ўрадавы тэрор, прапагандаваліся дэмакр. ідэі. У такіх умовах выдаўцы спынілі выданне газеты.

У.​М.​Конан.

т. 3, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)