ДАЛЬНАЗО́РКАСЦЬ,
адхіленне ад нармальнай рэфракцыі вока, што перашкаджае выразна бачыць на блізкай адлегласці. Бывае рэфракцыйная (ад слабай пераламляльнай здольнасці аптычнай сістэмы вока) ці восевая (ад занадта кароткай пярэдне-задняй восі вока). Д. — звычайная рэфракцыя вока нованароджаных, пры росце паступова развіваецца суразмерная эметрапічная рэфракцыя вока. У дальназоркім воку прамяні святла, якія ідуць ад далёкіх і блізкіх прадметаў, перасякаюцца і збіраюцца за сятчаткай вока, таму прадметы відаць невыразна.
Адрозніваюць 3 ступені Д.: слабую, сярэднюю і высокую. Пры слабай і сярэдняй хворыя добра бачаць блізкія і далёкія прадметы, бо акамадацыйная здольнасць вока (магчымасць мяняць крывізну і таўшчыню крышталіка) добрая. На высокай ступені Д. хворыя кепска адрозніваюць прадметы здалёку і зблізку, нават з карэкцыяй. Некарэгіраваная Д. у дзяцей можа прывесці да развіцця касавокасці. Выпраўляюць Д. акулярамі з выпуклымі (збіральнымі) шкельцамі.
Л.М.Марчанка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)