СЯМЕ́ЙСТВА,

таксанамічная катэгорыя ў біял. сістэматыцы. Аб’ядноўвае блізкія роды, якія маюць агульнае паходжанне. Напр., С. букавых утвараюць роды бук, дуб і інш., С. вавёркавых — роды вавёркі, суркі і інш. Некат. С. маюць вял. колькасць родаў (складанакветныя — каля 1 тыс., хамяковыя — каля 100), іншыя некалькі родаў і нават адзін (напр., бабровыя). Лац. назву С. ўтвараюць шляхам прыбаўлення да асновы тыповага роду канчатка -idae (у заалогіі і вірусалогіі) і -aceae (у батаніцы, мікалогіі і бактэрыялогіі). Буйныя С. часам разбіваюць на падсямействы (канчаткі адпаведна -inae i -oideae), трыбы (калены), падтрыбы (падкалены). Блізкія С. аб’ядноўваюць у атрады ў жывёл і ў парадкі ў раслін, часам у прамежкавыя групы — надсямействы, падатрады і інш.

т. 15, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)