СПАКО́Й у раслін,

фізіялагічны стан, пры якім зніжаецца ці спыняецца рост і інтэнсіўнасць абмену рэчываў. Праяўляецца ў затрымцы прарастання насення, клубняў, цыбулін і распускання пупышак як прыстасаванне да неспрыяльных знешніх умоў у пэўныя перыяды жыццёвага цыкла або сезона года. У перыяд спакою павышаецца здольнасць расліны пераносіць без пашкоджання засуху, высокія ці нізкія т-ры і інш. Адрозніваюць глыбокі спакой, пры якім рост не аднаўляецца нават пры аптымальных знешніх умовах (выклікаецца ўнутр. фактарамі — інгібітарамі росту), і вымушаны (выклікаецца знешнімі фактарамі), спыняецца з надыходам спрыяльных умоў. Дрэвавыя расліны восенню пераходзяць у глыбокі спакой, які пад канец зімы змяняецца вымушаным задоўга да распускання пупышак. У трапічных і субтрапічных паясах з засушлівым перыядам вегетацыя раслін перарываецца летнім спакоем.

т. 15, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)