СТРАТЫГРА́ФІЯ ў археалогіі,

апісанне ўмоў залягання культ. пласта археал. помнікаў адносна геал. напластаванняў і інш. слаёў. Апісанне вядзецца па пластах зверху ўніз з пазначэннем характару глебы, прыродных і культ. уключэнняў, парушэнняў натуральнага залягання і інш. С. дае магчымасць вызначаць змену культ. комплексаў у часе і параўноўваць час існавання помнікаў у пэўным месцы («вертыкальная» С.). Калі розначасовыя рэчы трапляюцца ў адным гарызонце, выкарыстоўваюць «гарызантальную» С. «Параўнальная» С. — параўнанне розных археал. комплексаў — дае магчымасць вызначаць храналогію асобных культурных з’яў на тэр. асобных рэгіёнаў, краін, цэлых кантынентаў і нават усяго свету. З дапамогай звестак С. вызначаецца адносная, а потым і абсалютная храналогія каменнага веку і абгрунтоўваецца яго перыядызацыя. С. цесна звязана з глебазнаўствам і геалогіяй.

У.​Ф.​Ісаенка.

т. 15, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)