рускі пісьменнік. Скончыў Дзярж.ін-т кінематаграфіі (1932). У 1932—51 кінарэжысёр і мастак-мультыплікатар. Друкаваўся з 1938. Пісаў пераважна для дзяцей. У прозе Н., насычанай гумарам і гульнёй, пед. ідэі і пазнавальны матэрыял праламляюцца праз псіхалогію цікаўнага і смешнага хлопчыка-непаседы: зб-кі апавяданняў «Тук-тук-тук!» (1945), «Прыступкі» (1946), «Фантазёры» (1957, аднайм. фільм 1966), «Прыгоды Толі Клюквіна» (1961, аднайм. фільм 1964), аповесці «Вясёлая сямейка» (1949), «Дзённік Колі Сініцына» (1950), «Віця Малееў у школе і дома» (1951, Дзярж. прэмія СССР 1952; экранізацыя пад назвай «Два сябры» 1955) і інш. Трылогія «Прыгоды Нязнайкі і яго сяброў» (1954), «Нязнайка ў Сонечным горадзе» (1958), «Нязнайка на Месяцы» (1964—65, Дзярж. прэмія Расіі імя Н.К.Крупскай 1970) — раман-казка з элементамі навук. фантастыкі і паліт. сатыры. Аўтар «Аповесці пра майго сябра Ігара» (1972), п’ес (зб. «Два сябры», 1962), фельетонаў, сцэнарыяў маст. і анімацыйных фільмаў і інш. На бел. мову асобныя творы Н. пераклалі І.Грамовіч, А.Якімовіч і інш. Спектаклі паводле яго твораў пастаўлены ў т-рах Беларусі: «Прыгоды Нязнайкі» ў Дзярж. т-ры лялек (1962), Гомельскім абл.драм. т-ры (1963), «Незвычайны Нязнайка» ў Бел.рэсп. т-ры юнага гледача (1982).
расійскі жывапісец і мастацтвазнавец. Нар.мастакСССР (1956). Акад.АНСССР (1943), АМСССР (1947). Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1894—96) у І.Рэпіна, маст. школе А.Ажбе (1896—98) у Мюнхене. У 1913—25 узначальваў Траццякоўскую галерэю. Выкладаў у Маскоўскім ун-це (праф. з 1921), маст. ін-це (1937—43, дырэктар). У 1944—60 дырэктар Ін-та гісторыі мастацтваў АНСССР. Чл. аб’яднання «Свет мастацтва» і «Саюз рускіх мастакоў». Раннія творы выкананы пад уплывам югендстылю («Дама з сабачкам», 1899). У пач. 1900-х г. творча выкарыстоўваў метады імпрэсіянізму, ствараў жыццесцвярджальныя, мажорныя пейзажы («Вераснёўскі снег», 1903; «Белая зіма», «Грачыныя гнёзды», «Сакавіцкі снег», «Лютаўскі блакіт», усе 1904). У пейзажах пазнейшага часу відавочна імкненне да абагульненых вобразаў («Ясны восеньскі вечар», 1923; «Зімні сонечны дзень», 1941). Выканаў партрэты дзеячаў культуры (М.Дз.Зялінскага, 1923, М.В.Марозава, 1934, С.А.Чаплыгіна, 1935, С.С.Пракоф’ева, 1941), пісаў карціны на гісторыка-рэв. тэмы. Аўтар манаграфічных даследаванняў пра рус. мастакоў Феафана Грэка, А.Рублёва, В.Сярова і інш. Па ініцыятыве і пры ўдзеле Грабара выдавалася першая «Гісторыя рускага мастацтва» (т. 1—6, 1909 — 16); адзін з аўтараў «Гісторыі рускага мастацтва» (т. 1—13, 1953—69). Адзін з заснавальнікаў рэстаўрацыйнай справы, аховы помнікаў мастацтва і даўніны. У Нац.маст. музеі Беларусі 7 твораў Грабара, у т. л. «Водблеск світання» (1904), аўтапартрэт у сінім касцюме (1935) і інш.Дзярж. прэмія СССР 1941.
Тв.:
И.И.Левитан: Жизнь и творчество. М., 1913 (разам з С.Глаголем);
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫБАЕ́ДАЎ (Аляксандр Сяргеевіч [15.1.1795) (паводле інш. крыніц 1790),
Масква — 11.2.1829], рускі пісьменнік, дыпламат. Скончыў Маскоўскі ун-т (1810). У 1812 пайшоў добраахвотнікам у армію, у 1813—16 служыў у Кобрыне, Брэсце. У 1816 у Пецярбургу зблізіўся з А.Пушкіным, В.Кюхельбекерам, П.Каценіным. З 1817 на службе ў Калегіі замежных спраў, у 1818—22 сакратар рус.дыпламат. місіі ў Персіі. У 1826 за сувязь з дзекабрыстамі арыштаваны, але з-за адсутнасці доказаў вызвалены. З 1828 паўнамоцны пасол Расіі ў Персіі. Забіты ў Тэгеране фанатычным натоўпам мусульман (пахаваны ў Тбілісі). Аўтар камедый «Студэнт» (1817, выд. 1889, з Каценіным), «Свая сям’я, ці Замужняя нявеста» (1818, з А.Шахаўскім і М.Хмяльніцкім), «Прытворная нявернасць» (1818, з А.Жандрам). Сусв. вядомасць Грыбаедаву прынесла камедыя ў вершах «Гора ад розуму» (нап. 1822—24). Забароненая цэнзурай (пры жыцці аўтара апубл. толькі ўрыўкі ў альманаху Ф.В.Булгарына «Русская Талия за 1825 г.»), камедыя распаўсюджвалася ў рукапісах (налічвалася каля 40 тыс.экз.). Поўнасцю ў Расіі яна надрукавана ў 1862. «Гора ад розуму» — адзін з самых злабадзённых і вольналюбівых твораў рус. драматургіі 19 ст. Сінтэтычнасць драматургічнай паэтыкі Грыбаедава (спалучэнне ямба з жывой мовай), сінтэз традыцый і наватарства стварылі новую эстэт. якасць — маст, рэалізм, які стаў этапным у развіцці рус. і сусв. драматургіі. У Гомельскім абл. краязнаўчым музеі зберагаецца унікальны варыянт камедыі (належаў графу І.Ф.Паскевічу) з радкамі на рус. і франц. мовах, дапісаных рукой Грыбаедава. На бел. мову камедыю пераклаў М.Лужанін (1949), у 1963 яна была пастаўлена ў Магілёўскім драм. т-ры.
Тв.:
Горе от ума. Комедии. Драматические сцены, 1814—1827. Л., 1987;
Соч.М., 1988;
Бел.пер. — Гора ад розуму. Мн., 1949.
Літ.:
А.С.Грибоедов: Творчество. Биография. Традиции. Л., 1977;
Мещеряков В.П. Жизнь и деяния Александра Грибоедова. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ПІ (Lippi),
італьянскія жывапісцы эпохі Ранняга Адраджэння; прадстаўнікі фларэнційскай школы жывапісу.
Фра Філіпа Л. (каля 1406, г. Фларэнцыя, Італія — 9.10.1469). У 1421—56 быў манахам-кармелітам. Як мастак склаўся пад уплывам Мазачыо, Мазаліна, Анджэліка, Л. Манака. Працаваў у Фларэнцыі, Падуі (1434—37), Прата (1452—64, з перапынкамі), Спалета (з 1466). Яго фрэскавыя цыклы вызначаюцца вытанчанасцю лінейнага малюнка, мяккай святлоценявой лепкай формы, гармоніяй светлага, стрыманага каларыту, індывідуальнасцю і простанароднасцю вобразаў («Рэформа кармеліцкага ордэна» ў царкве Санта-Марыя дэль Карміне ў Фларэнцыі, 1432—33; «Сцэны з жыцця Іаана Хрысціцеля і св. Стэфана» ў саборы ў Прата, 1452—64). Алтарным кампазіцыям уласцівы лірычнасць, змякчэнне пластычнай трохмернасці форм складанымі, гарманічна-плаўнымі матывамі руху і святлоценявой насычанасцю каларыту («Мадонна Тарквінія», «Мадонна з немаўляці, св. Фрэдрыяна, св. Аўгусцінам і анёламі», абедзве 1437; «Каранаванне Маці Божай», 1441—47; «Дабравешчанне», 1440-я г.; «Тонда Барталіні», 1452; «Пакланенне немаўляці», канец 1450 — пач. 1460-х г.). Сярод яго вучняў С.Батычэлі.
Філіпіна Л. (каля 1457, г. Прата, Італія — 18.4.1504). Сын Фра Філіпа Л. Вучыўся ў свайго бацькі, пазней у Батычэлі. У сталы перыяд зазнаў уплывы Леанарда да Вінчы і нідэрландскіх жывапісцаў. Творчасць вызначаецца эмацыянальнай выразнасцю контурных ліній і вытанчанасцю колеравай гамы, якая падкрэсліваецца багаццем арх.-дэкар. матываў, навеяных ант. мастацтвам. Сярод твораў: фрэскі ў капэле Бранкачы ў царкве Санта-Марыя дэль Карміне (каля 1481—83) і капэле Строцы ў царкве Санта-Марыя Навела (1487—1502) у Фларэнцыі, у царкве Санта-Марыя сопра Мінерва ў Рыме (каля 1488—93), алтарныя кампазіцыі «Сцэны з жыцця Лукрэцыі» (каля 1475—80), «Мадонна на троне са святымі» (1485), «Пакланенне немаўляці Хрысту» (сярэдзіна 1480-х г.), «Пакланенне вешчуноў» (1496) і інш. У позніх работах узмацніліся рысы неспакою і манернай напружанасці.
Фра Філіпа Ліпі. Тонда Барталіні. 1452.Філіпіна Ліпі. Апостал Філіп каля храма Марса. Цуд з драконам. Фрэска ў капэле Строцы ў царкве Санта-Марыя Навела. 1487—1502.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТЫ́С ((Matisse) Анры Эміль Бенуа) (31.12.1869, г. Ле-Като, Францыя — 3.11.1954),
французскі жывапісец, графік і скульптар. Вучыўся ў Парыжы ў акадэміі Жуліяна (з 1891), Школе дэкар. мастацтваў (з 1893) і Школе прыгожых мастацтваў (1895—99). Зазнаў уплывы імпрэсіянізму, неаімпрэсіянізму, пуантылізму, П.Сезана, А.Радэна, усх. мастацтва. У 1905—07 адзін з лідэраў фавізму. У сваіх карцінах стварыў новы тып маст. выразнасці праз экзальтаваныя, яркія кантрастныя колеры, у якіх знікаюць лініі контураў выявы: «Жанчына ў зялёным капелюшы», «Расчыненае акно. Каліўр», «Асалода, цішыня і раскоша» (усе 1905), «Нацюрморт на чырвоным дыване», «Радасць быцця» (абодва 1906), «Марго» (1907), «Пустыня, чырвоная гармонія», «Чырвоны пакой» (абедзве 1908), «Танец» (1910) і інш. Пад уражаннем падарожжаў у Марока, Туніс, Паўд. Іспанію ствараў работы, у якіх пераважалі манахромныя фарбавыя плоскасці, выразныя колеравыя кантрасты, арабескі: «Чырвоная майстэрня» (1911), «Чырвоныя рыбы» (1914), «Мараканцы на тэрасе», «Тры сястры», «Мастак і мадэль» (усе 1916), «Дзяўчаты на пляжы» (1916—17), «Урок ігры на піяніна» (1917), серыя «Адаліскі» (1920-я г.), «Дэкаратыўная фігура на арнаментальным фоне» (1927—28), «Румынская блуза» (1940), «Маладая дзяўчына ў белай хустцы» (1941), «Азія» (1946), «Маладая англічанка» (1947), «Вялікі чырвоны інтэр’ер» (1948) і інш. Аўтар пано «Танец» і «Музыка» для асабняка С.Шчукіна ў Маскве (1911), фрыза «Танец» у фондзе Барнса ў Мерыёне (ЗША, 1931—33), афармлення інтэр’ера (у т. л. вітражы) «Капэлы ружанцаў» у Вансе каля Ніцы (Францыя, 1953), скульптур «Дэкаратыўная фігура» (1908), «Венера ў ракавіне» (1931), рэльефу «Аголеная жаночая фігура са спіны» (1930) і інш. Вытанчанасцю лініі вызначаюцца графічныя творы: серыя «Тэмы і варыяцыі» (1941—42), ілюстрацыі да твораў А.Мантэрлана, С.Малармэ, П.Рансара, Шарля Арлеанскага і інш.
Літ.:
Алпатов М.В. Матисс. М., 1969;
Зубова М.В. Графика Матисса. М., 1977;
Эсколье Р. Матисс: Пер. с фр.Л., 1979.
В.Я.Буйвал.
А.Матыс. Танец. 1910.А.Матыс. Чырвоны пакой. 1908.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКАЛА́ЕЎ (Сяргей Піліпавіч) (13.7.1889, Масква — 26.6.1973),
расійскі і бел.тэатр.мастак. Засл. арт. Расіі (1932). Нар.маст. Беларусі (1949). Скончыў Строганаўскае маст. вучылішча ў Маскве (1912, вучань К.Каровіна). У 1910—17 працаваў у тэатрах Масквы, у 1938—59 у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі. Яго дэкарацыі адметныя высокім жывапісным майстэрствам, арганічным адзінствам муз. і зрокавых вобразаў, выразнасцю пабудовы сцэн. прасторы, глыбокім веданнем перспектывы. У Вялікім тэатры ў Маскве аформіў дэкарацыі да оперы «Дэман» А.Рубінштэйна (1936). У дэкарацыях да бел.нац. спектакляў выявіў веданне нар. архітэктуры і нац. касцюма. Сэнсавую і эмац. нагрузку атрымаў сцэн. пейзаж, які стаў арган. звяном падзей у операх «У пушчах Палесся» (1939), «Надзея Дурава» (1956) А.Багатырова, «Алеся» (1944) і «Дзяўчына з Палесся» (1953) Я.Цікоцкага, «Кастусь Каліноўскі» Дз.Лукаса (1947), балетах «Князь-возера» (1949), «Палымяныя сэрцы» (1955) В.Залатарова. Дэкарацыям да спектакляў рус. класікі ўласцівы гарманічнае ўзаемадзеянне колеру з характарам вобразаў, гіст. дакладнасць: оперы «Царская нявеста» (1938), «Садко» (1957) М.Рымскага-Корсакава, «Пікавая дама» (1941, 1948), «Чаравічкі» (1949), «Мазепа» (1952) П.Чайкоўскага, «Дуброўскі» Э.Напраўніка (1948), «Князь Ігар» А.Барадзіна (1949), «Іван Сусанін» М.Глінкі (1950), «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага (1954). Маштабнасцю вобразаў і лірызмам вызначаюцца дэкарацыі да балетаў «Лебядзінае возера» (1948), «Спячая прыгажуня» (1954) Чайкоўскага, «Канёк-Гарбунок» Ц.Пуні (1949). Аформіў дэкарацыі да опер і балетаў «Чыо-Чыо-сан» Дж.Пучыні (1940, 1945), «Марная засцярога» П.Л.Гертэля (1943), «Кармэн» Ж.Бізэ (1945), «Травіята» (1946), «Рыгалета» (1948) Дж.Вердзі, «Фауст» Ш.Гуно (1950), «Эсмеральда» Пуні, «Ціхі Дон» І.Дзяржынскага, «Марозка» М.Красева (усе 1951), «Аіда» (1953, 1970) Вердзі. Дзярж. прэмія СССР 1950.
Літ.:
Карнач П.А. С.Ф.Нікалаеў. Мн., 1970.
П.А.Карнач.
С.П.Нікалаеў.С.Нікалаеў. Дэкарацыя да оперы «Дзяўчына з Палесся» Я.Цікоцкага. 1953.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НСКІ АБЛАСНЫ́ ДРАМАТЫ́ЧНЫ ТЭА́ТР.
Існаваў у 1939 — чэрв. 1941 і 1946—54 у г. Пінск Брэсцкай вобл. Створаны з пераведзенага ў Пінск Заслаўскага калгасна-саўгаснага т-ра. Маст. кіраўнік П.А.Данілаў. У 1946 створаны нанава з пераведзенага ў Пінск Палескага абласнога драматычнага тэатра. Гал. рэжысёр В.В.Пацехін. Творчую пазіцыю тэатра вызначаў асветніцкі, прапагандысцкі характар. У даваен. час у рэпертуар уваходзілі творы бел., рус., замежнай класічнай драматургіі: «Партызаны» і «Хто смяецца апошнім» К.Крапівы, «Памылка» Я.Маўра, «Канец маскараду» У.Стэльмаха і Ю.Рудзько, «Жыццё кліча» У.Біль-Белацаркоўскага, «Слава» В.Гусева, «Машачка» А.Афінагенава, «Сын народа» Ю.Германа, «Гонар» Г.Мдывані, «Без віны вінаватыя» і «На бойкім месцы» А.Астроўскага, «Хітрыкі Скапэна» Мальера і інш. Спектаклі ставілі рэжысёры і акцёры тэатра або запрошаныя з інш. тэатраў. У 1946—54 тэатр звяртаўся да героіка-патрыятычнай тэматыкі («Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона, «З народам» К.Крапівы і інш.), тэмы стваральнай працы («Пяюць жаваранкі» К.Крапівы, «Выбачайце, калі ласка!» А.Макаёнка, «Алазанская даліна» К.Губарэвіча і І.Дорскага і інш.). Адметнае месца ў тэатры займалі лепшыя ўзоры бел. драматургіі, пастаўленыя як муз.-драм. прадстаўленні: «Паўлінка» Я.Купалы, «Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча, «Несцерка» В.Вольскага. У спектаклях шырока выкарыстоўваліся нар. абрады, песні, танцы, акцёрамі створаны каларытныя нар. характары. Ставіліся таксама п’есы М.Горкага («Ягор Булычоў і іншыя», «Васа Жалязнова», «Апошнія»), Астроўскага («Свае людзі — паладзім», «Лес», «Беспасажніца»), М.Гогаля («Рэвізор»).
У трупе працавалі нар.арт. Беларусі С.Бульчык, засл. артысты Беларусі Ю.Гальперына, Л.Гамуліна, А.Даніловіч, В.Окалаў, Л.Цімафеева, М.Цурбакоў, С.Яворскі, А.Яфрэменка, акцёры Ф.Бутвілоўскі, Т.Вольская, П.Гвоздзеў, П.Дакука, А.Дашкоўскі, В.Дземянкова, А.Кашына, І.Кунцэвіч, У.Палцеўскі, А.Ротар, В.Сівіцкі, мастак, засл. дз. маст. Чувашыі Б.Архангельскі і інш. Рэарганізаваны ў Магілёўскі абласны драматычны тэатр.
К.Б.Кузняцова.
Пінскі абласны драматычны тэатр. Сцэна са спектакля «Рэвізор».
расійскі і індыйскі мастак, мастацтвазнавец, грамадскі дзеяч. Сын М.К.Рэрыха і А.І.Рэрых. Ганаровы чл.АМСССР (1978) і Балгарскай АМ (1978), чл.Інд.нац. акадэміі прыгожых мастацтваў (1987). Вучыўся на арх. курсах Калумбійскага і Гарвардскага ун-таў (ЗША, 1920—23). З 1923 узначальваў Міжнар. цэнтр мастацтваў «Карона Мундзі», з 1928 віцэ-прэзідэнт Музея М.Рэрыха ў Нью-Йорку, чл.-заснавальнік Пакта Рэрыха, таксама кіраваў даследаваннямі па батаніцы, аюрведычнай і тыбецкай медыцыне, вывучэннем гімалайскага і тыбецкага мастацтва і фальклору ў Міжнар.НДІ «Урусваці». З 1931 жыў у Індыі. У 1980-я г. ў г. Бангалор заснаваў культ.-асв. «Цэнтр мастацтваў», у які ўваходзяць школа выяўл. мастацтваў, музей стараж.-інд. мастацтва, выставачныя залы і маст. галерэя імя М.Рэрыха. Па яго ініцыятыве створаны Міжнар. цэнтр Рэрыхаў з Цэнтрам-музеем імя М.Рэрыха (1989, Масква) і Міжнар. мемарыяльны трэст імя М.Рэрыха (1992, Індыя). Яго творчасць як мастака і як грамадскага дзеяча прасякнута глыбокім гуманізмам. У творчасці абапіраўся на лепшыя традыцыі рас.рэаліст. мастацтва, заходнееўрап. жывапісу, стараж. традыцыі Індыі. Сярод лепшых твораў: «Чаша Буды» (1938), трыпціх «Укрыжаванне чалавецтва» (1939—40), «Гірнар» (1944), серыя «Свяшчэнная флейта» (1946—48), «Дэвіка Рані Рэрых» (1951), «Чырвоная зямля» (1953), «Вечнае жыццё» (1954), «Вясна» (1958), «П’ета», «Вогненны дракон» (абодва 1960), «Папярэджанне чалавецтву» (1962), «Дажджы» (1971), «Мая краіна цудоўная» (1974), «Палюбі бліжняга свайго» (1976). Маст. мова партрэтаў, пейзажаў, жанравых карцін і кампазіцыйных фантазій вылучаецца поліфанічным гучаннем колеру, светланоснасцю. Філас. светапогляд Р. складаўся на аснове гуманіст. традыцый эпохі Адраджэння і вывучэння Жывой Этыкі. Лічыў, што прыгажосць з’яўляецца эвалюцыйнай сілай, якая пераўтварае жыццё.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭСПУБЛІКА́НСКІ ТЭА́ТР БЕЛАРУ́СКАЙ ДРАМАТУРГІ́І Створаны ў снеж. 1990 у Мінску як падраздзяленне Бел.т-ра імя Я.Купалы па рабоце з.драматургамі. З 1993 атрымаў статус рэсп.т-ра і сучасную назву. Заснавальнік і першы маст. кіраўнік т-ра В.Мазынскі. З вер. 2000 т-р узначальвае В.Анісенка.
Гал. мастак В.Цімафееў (да 2000). З вер. 1994 працуе з пастаяннай трупай, сфарміраванай з выпускнікоў акцёрскага аддзялення Бел.АМ (маст. кіраўнік Мазынскі). Спектаклі ідуць на бел. мове. Першы спектакль — «Ку-ку» М.Арахоўскага. Т-р аддае перавагу творам пачынаючых драматургаў, у рабоце з якімі выкарыстоўваюцца індывідуальныя формы, праводзяцца семінары, сцэн. чытанні п’ес па ролях і інш.Найб. ўвагу надае фарміраванню бел. рэпертуару: «Барбара Радзівіл» Р.Баравіковай, «Галава» І.Сідарука, «Нагавіцы святога Георгія» і «Чорны квадрат» М.Клімковіча і М.Адамчыка, «Паваліўся нехта» У.Галубка і Л.Родзевіча, «Містэр Розыгрыш» С.Кандрашова, «Пеўчыя» Г.Марчука, «Заложніца кахання» і «Стомлены д’ябал» С.Кавалёва, «Дзіця з Віфлеема» М.Пінігіна, «Апошняя пастараль» А.Адамовіча, «Развітанне з Радзімай» А.Паповай і інш. Сярод твораў рус. і замежнай класікі: «Рычард III» і «Макбет» У.Шэкспіра, «Лекар паняволі» Мальера, «Узлёт Артура Уі, які можна было спыніць...» Б.Брэхта, «Шампань-скага!» паводле А.Чэхава («Прапанова», «Юбілей») і інш. Рэпертуар вызначаецца жанравай разнастайнасцю: фарс-абсурд, камедыя жахаў, паэт. драма, прытча, сцэны з рыцарскіх часоў, фарс-рэпетыцыя; асветніцкі спектакль для старэйшых школьнікаў («Бог Дыяніс — тэатра Бог» — І.Чаркаса). Спектаклі ставілі і ставяць рэжысёры А.Гарцуеў, А.Гузій, М.Дзінаў (Гавядзінаў), У.Осіпаў, Пінігін, В.Растрыжэнкаў, Т.Сулімава, Р.Таліпаў. Значны ўклад у дзейнасць т-ра Т.Мархель.
І.І.Чаркас.
Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі. Сцэна са спектакля «Апошняя пастараль» А.Адамовіча.Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі. Сцэна са спектакля «Галава» І.Сідарука.Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі. Сцэна са спектакля «Стомлены д’ябал» С.Кавалёва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕВАСТО́ПАЛЬСКАЯ АБАРО́НА 1854—55,
349-дзённая (25.9.1854—8.9.1855) абарона Севастопаля рас. войскамі ад узбр. сіл саюзных дзяржаў (Францыя, Вялікабрытанія, Турцыя, Сардзінскае каралеўства) у Крымскую вайну 1853—56. Пасля паражэння рас. войск на р. Альма саюзныя войскі падышлі да Севастопаля. Абарону горада ўзначаліў нач. штаба Чарнаморскага флоту віцэ-адм. У.А.Карнілаў, яго памочнікі — віцэ-адм. П.С.Нахімаў і контр-адм. У.І.Істомін. Пад іх кіраўніцтвам Севастопаль быў абаронены з боку мора, паводле плана інж.-падпалк. Э.І.Татлебена на сушы пабудаваны ўмацаванні, якія прыкрывалі подступы да Малахава кургана. Каб праціўнік не прарваўся ў порт, каля ўвахода ў Паўн. бухту былі затоплены 7 старых караблёў, з якіх знялі частку гармат, а з экіпажаў (10 тыс.чал.) сфарміравалі 22 батальёны. Нягледзячы на колькасную перавагу ў войсках і тэхн. сродках, неаднаразовыя штурмы, армія саюзнікаў доўгі час не магла поўнасцю блакіраваць крэпасць і зламаць яе абаронцаў. Толькі накіраваўшы гал. сілы супраць ключавой пазіцыі абароны — Малахава кургана, праціўнік 8.9.1855 захапіў яго. Рас. войскі пакінулі Севастопаль; яны страцілі каля 102 тыс.чал., праціўнік — каля 71 тыс.чал. Гераічная С.а. паўплывала на вынік мірных перагавораў. У час С.а. вызначыліся 54-ы Мінскі, 27-ы Віцебскі, 28-ы Полацкі, 51-ы Літоўскі пях. палкі. Мужна змагаліся на абарончых пазіцыях ураджэнцы Мінскай губ. браты Ігнацій і Іосіф Ляскоўскія (выпускнікі Брэсцкага кадэцкага корпуса), ураджэнцы Гродзенскай губ. І.Сержпутоўскі і Р.Траўгут; загінулі выпускнікі Полацкага кадэцкага корпуса паручнікі А.Пісарэўскі, В.Маркевіч, А.Бушкоўскі, капітан М.Фядотаў і інш. Ў Севастопалі пастаўлены помнікі Карнілаву, Нахімаву, Татлебену, матросу П.М.Кошку, затопленым караблям Чарнаморскага флоту, створана панарама «Абарона Севастопаля» і інш.