САКАЛО́ВА (Тамара Міхайлаўна) (н. 20.4.1950, г. Мюльдорф, Германія),
бел. мастак. Скончыла Бел.тэатр.-маст.ін-т (1972). У 1973 выкладала ў Бабруйскім маст. вучылішчы, у 1974 працавала на Мінскім маст. камбінаце, з 1975 на Барысаўскім камбінаце прыкладнога мастацтва. З 1988 чл. творчага аб’яднання «Няміга—17». Працуе ў кераміцы. Аўтар гарэльефа «Купальская ноч» і пано для рэстарана «Папараць-кветка» ў г. Маладзечна (1984), дэкар. скульптуры «Танец» для Палаца культуры ў г. Мазыр (1985), «Хімеры», «Вартавы» для Дома творчасці Бел. саюза тэатр. дзеячаў у в. Астрашыцкі Гарадок Мінскага р-на (1988). Аўтар керамічных пластоў і скульптур, часта афарбаваных у адзін або кантрастныя колеры. Ім уласцівы геаметрычнасць формаўтварэння, архітэктанічнасць, канцэптуальны падыход да вырашэння ідэі: цыклы «У прасторы сіняга» («Танга», кампазіцыі «З’яўленне», «Джаз», усе 1994), «Спакуса» («Спакуснік», «Аракул», «Жоўты сабака», кампазіцыя «Вежы», усе 1995), «Пункт вяртання» («Гексаграма», «Чаргаванне», «Узаемадзеянне», «Хронас», «Белы зігзаг», «Чорны зігзаг», «Лесвіца», усе 1997), кампазіцыі «Вусень» (1998), «Множанне», «Злучэнне», «Меандр» (усе 1999), серыя «Трохмерныя аб’екты» (2001).