ТАЛЕЙРА́Н, Талейран-Перыгор (Talleyrand-Périgord) Шарль Марыс (13.2.1754, Парыж — 17.5.1838), французскі дзярж. дзеяч, дыпламат.
Князь Беневенцкі (1806—15), герцаг Дзіно (з 1817). У 1775—91 генеральны вікарый, біскуп. У 1789 выбраны ад духавенства ў Ген. штаты; далучыўся да трэцяга саслоўя. Ініцыятар дэкрэта аб перадачы царк. зямель у распараджэнне нацыі. Пасля звяржэння манархіі (1792) у эміграцыі (да 1796). У 1797—1807 міністр замежных спраў Францыі. У 1808 уступіў у тайныя зносіны з рас. імператарам Аляксандрам I, пазней з аўстр. міністрам замежных спраў К.В. фон Метэрніхам. У 1814—15 у перыяд 1-й рэстаўрацыі Бурбонаў кіраўнік урада і міністр замежных спраў. На Венскім кангрэсе 1814—15 узначальваў франц. дэлегацыю. Выкарыстаўшы супярэчнасці паміж краінамі-пераможцамі, дамогся расколу антыфранц. кааліцыі еўрап. дзяржаў і прыняцця выгадных для Францыі рашэнняў. У 1830—34 пасол у Лондане.
Літ.:
Тарле Е.В. Талейран. М., 1962;
Борисов Ю.В. Шарль Морис Талейран. 2 изд. М., 1989.