ТАРА́НДА Мікалай Іванавіч (н. 15.8.1947, в. Падлессе Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. мастак. Скончыў Віцебскі пед. ін-т (1970). У 1970—94 нач. бюро прамысл. эстэтыкі з-да «Чырвоны Кастрычнік» (г. Орша), адначасова ў 1970—91 кіраўнік студыі выяўл. мастацтва Палаца культуры з-да. Працуе ў графіцы, скульптуры, станковым жывапісе, пераважна ў жанрах пейзажа і нацюрморта. Стварыў графічныя серыі «Аршаншчына» (1973), «Вільня» (1976), «Мантажнікі» (1977), «Сенежскае возера» (1977—79), «Сёстры» (1983), «Крым» (1987—89); скульптурныя партрэты А.​Папкова (1973), Аксаны (1974), бацькі (1975), помнік жыхарам г. Барань, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну (1985; разам з А.​Сапіным). Жывапісным работам уласцівы дынамізм, колеравая экспрэсія, маляўнічасць вобразнага ладу: «Вёска Барань» (1985), «Кветкі Беларусі» (1986), «Ружы» (1987), «Суздаль», «Чэрвеньская рапсодыя» (абедзве 1994), «Памяці Сезана» (1995), «Абуджэнне», «Лілеі», «Памяці А.​Арлова» (усе 1996), серыі «Балгарыя», «Віцебшчына» (усе 1997—2002).

Літ.:

Крепак Б. Николай Таранда: Живопись, графика: [Альбом]. Каунас, 1997;

Коктыш Л. «Художник — это состояние внутренней свободы» // Беларусь. 1999. № 4.

Г.​А.​Фатыхава.

М.Таранда. Вёска Барань. 1985.

т. 15, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)