СЫ́ТЧАНКА Уладзімір Іванавіч (н. 5.8.1951, г. Маладзечна Мінскай вобл.),

бел. мастак, графік. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1975). У 1979—83 на Мінскім маст.-вытв. камбінаце. Працуе ў галіне станковай і кніжнай графікі, плаката і жывапісу, у тэхніках пастэлі і акварэлі. Для яго працы характэрны дасканалая кампазіцыйная пабудова, выразная тэхніка выканання, лірызм і рамантычнасць. Сярод твораў: серыі лінарытаў «Скульптары і графікі» (1975), «Мінск сучасны» (1984); гравюры «Нацюрморт з люстэркам», «Нядзелька» (абедзве 1980), «Аўтапартрэт» (1983); акварэлі «Надзея» (1978), «Аўтапартрэт», «Нацюрморт з лялькаю» (абедзве 1979), «Вясковы дворык» (1996); пастэлі «Партрэт дзяўчыны» (1976), «Нацюрморт» (1981); плакаты. Аформіў зб. бел. нар. песень «Купалінка» (1986), зб. вершаў «Мы — беларусы» (1988); кнігі «Лістапад на пачатку лета» І.​Стадольніка, «Дыялог» А.​Дударава (абедзве 1987), «У тумане» В.​Быкава (1989), «Голас крыві брата твайго» В.​Адамчыка (1991), «Хлопчык глядзіць» А.​Вярцінскага (1992) і інш.

І.​Л.​Чэбан.

У.Сытчанка. Роздум. З серыі «Скульптары і графікі». 1975.

т. 15, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)