СТАЛЯРО́Ў Іван Міхайлавіч (н. 20.5.1923, г. Віцебск),
бел. мастак. Засл. дз. маст. Беларусі (1993). Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1951), Маскоўскі паліграф. ін-т (1960). Выкладаў у віцебскіх маст.-графічным вучылішчы (з 1951), у пед. ін-це (1959—85). Працуе пераважна ў акварэлі і графіцы. Творам уласцівы натурны дакументалізм, апавядальнасць, падкрэсленая дынаміка разгортвання сюжэтнага дзеяння, тонкая нюансіроўка колеру. Тэме Вял. Айч. вайны прысвечаны работы: «Партызанская пабыўка» (1960), «Машкоўцы перад заданнем» (1965), «У разведцы» (1976), «Партызанскі хлеб» (1984), «Выхад з блакады» (1989), «Дзень расплаты» (1992), «Пайсці на заданне» (1997). Аўтар пейзажаў «Арка палаца Бухарскага хана» (1959), «Стары Полацк» (1966), «Руіны старажытнай крэпасці» (1972), «Суражская зямля» (1980), «Мармашэльскі манастыр» (1981), «Від на вёску Буева» (1998); ілюстрацый да твораў М.Горкага «Буравеснік» (1982), Я.Купалы «Курган» (1983), М.Гогаля «Страшная помста» (1985), былін і казак (1990—91).
Тв.:
Акварель: Материалы и способы письма. Мн., 1980.
Літ.:
Цыбульскі М. Віцебская акварэль. Віцебск. 1996.
М.Л.Цыбульскі.
т. 15, с. 141
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)