СТРАМІ́НСКІ (Стшамінскі) Уладзіслаў Максімілянавіч

(21.11.1893, Мінск —25.12.1952),

бел. мастак; прадстаўнік авангарднага мастацтва. Зазнаў уплывы К.​Малевіча і супрэматызму. Скончыў Маскоўскі кадэцкі корпус (1911), Ваен. інж. вучылішча ў С.-Пецярбургу (1914). У 1918—19 працаваў у Мінску, з 1920 у Смаленску, з 1922 у Вільні, з 1936 у Вілейцы (Мінская вобл.). З 1940 у г. Лодзь (Польшча), выкладаў (1945—50) у Вышэйшай маст. школе. Прапагандаваў рэв. авангард, стварыў смаленскі філіял аб’яднання Сцвярджальнікі новага мастацтва, суполкі «Блок» (1925), «Прэзенс» (1926), «A.R.» («Рэвалюцыйныя мастакі», 1929; усе з Г.​Стажэўскім і інш.). Заснавальнік тэорыі унізму (маніфест «Унізм у жывапісе», 1928), у якой сцвярджаў, што адзіная значнасць карціны — яна сама, а жывапіс, матэрыял, колер, форма, фактура і інш. павінны ўяўляць адзінае цэлае. Сярод твораў: «Архітэктанічная кампазіцыя 9с» (1929), «Пейзаж Лодзі» (1931), «Мора. Марскі пейзаж» (1933), «Уністычная кампазіцыя 14» (1934), цыклы «Дэпартацыя», «Грамадзянская вайна», «Таннае, як багна», «Твары», «Заходняя Беларусь», «Вайна дамам», «Рукі, якія не з намі» і інш.

Я.​Ф.​Шунейка.

У.Страмінскі. Пейзаж Лодзі. 1931.

т. 15, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)