ХО́ЛЬБЕЙН, Гольбейн (Holbein) Ганс Малодшы (каля 1497 або 1498, г. Аўгсбург, Германія — паміж 7.10 і 29.11.1543), нямецкі жывапісец і графік эпохі Адраджэння. Вучыўся ў свайго бацькі Хольбейна Старэйшага. У 1515—26 працаваў у Базелі, выканаў ілюстрацыі да «Пахвалы глупству» Эразма Ратэрдамскага (1515). Смеласцю кампазіцыйнага вырашэння і сілай эмацыянальнага ўздзеяння вызначаецца карціна «Мёртвы Хрыстос» (1521), стварыў партрэты (Эразма Ратэрдамскага, 1523). У серыі малюнкаў «Вобразы смерці» (вядома пад назвай «Танец смерці», 1524—26) у алегарычнай і гратэскавай форме адлюстраваў падзеі Сялянскай вайны 1524—26 у Германіі. У 1526—28 і з 1532 працаваў у Вялікабрытаніі (з 1536 прыдворны мастак караля Генрыха VIII), дзе раскрыўся яго талент партрэтыста. У творах амаль ювелірную дакладнасць у адлюстраванні дэталей спалучаў з пластычнай і эмацыянальнай цэласнасцю вобраза; графічны партрэт Томаса Мора (1527), жывапісныя партрэты Нікласа Кратцэра, астранома англійскага караля Генрыха VIII (1528), ням. купца Г.Гісцэ (1532), франц. пасла Ш.Марэта (каля 1534—35), каралевы Джэйн Сеймур (1536—37), Генрыха VIII (1539—40). Мастацтва Х. паўплывала на развіццё зах.-еўрап. партрэта.
Літ.:
Г.Гольбейн Младший: [Альбом]. М.; Л., 1962;
Либман М.Я. Дюрер и его эпоха. М., 1972.
Г.Хольбейн Малодшы. Партрэт Нікласа Кратцэра, астранома англійскага караля Генрыха VIII 1528.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧУРЛЁНІС (Čiurlionis) Мікалоюс Канстанцінас (22.9.1875, г. Варэна, Літва — 10.4.1911),
літоўскі жывапісец і кампазітар; прадстаўнік сімвалізму. Вучыўся ў рысавальнай школе Я.Каўзіка (1902—05) і маст. вучылішчы (1905) у Варшаве. Вывучаў музыку ў Варшаўскім муз. ін-це (1894—99) і Лейпцыгскай кансерваторыі (1901—02). Чл. аб’яднання «Свет мастацтваў» (1911). У аснове яго твораў «нар. рамантыка» літоўскага фальклору, у позні перыяд прасочваюцца аналогіі музыкі і выяўл. мастацтва. Творчая манера вылучаецца своеасаблівай абагульненасцю, вытанчаным каларытам: жывапісныя кампазіцыі «Саната вясны», «Саната сонца» (абодва 1907), «Саната мора», «Саната зорак» (абодва 1908), трыпціх «Казка» (1907), цыклы «Стварэнне свету» (1904—06), «Казка каралёў», «Знакі задыяка», «Вясна», «Зіма» (усе 1907), «Жэмайскія крыжы» (1909). Муз. творчасць Ч. адносіцца да неарамантызму, звязана з літ. фальклорам. Аўтар першых літ.сімф. паэм («У лесе», 1900; «Мора», 1907), стр. квартэта, больш як 200 твораў для фп. і інш. Запісваў і гарманізаваў мелодыі літ.нар. песень. З 1965 у Літве праводзіцца конкурс выканаўцаў імя Ч. (з 1991 міжнар.). Мемар. музеі ў гарадах Каўнас і Друскінінкай.
Літ.:
Чюрлените Я.К. Воспоминания о М.К.Чюрленисе: Пер. с лит. Вильнюс, 1975;
Ландсбергис В.В. Творчество Чюрлениса. 2 изд. Л., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЮО́Н Канстанцін Фёдаравіч (24.10.1875, Масква — 11.4.1958),
расійскі жывапісец, педагог. Нар.маст.СССР (1950). Правадз.чл.АМСССР (1947). Скончыў Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і архітэктуры (1898), у 1898—1900 выкладаў у ім, у 1900—17 ва ўласнай студыі ў Маскве (з І.Дудзіным). У 1952—55 праф. Маскоўскага маст. ін-та імя В.Сурыкава, у 1948—50 дырэктар НДІ тэорыі і гісторыі мастацтваў АМСССР. Чл. аб’яднанняў «Свет мастацтваў», Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі, адзін з заснавальнікаў «Саюза рускіх мастакоў». У сакавітай яркай жывапіснай манеры перадаваў пейзажы: «Веснавы сонечны дзень» (1910), «Сакавіцкае сонца» (1915), «Канец зімы. Поўдзень» (1919), «Расчыненае акно» (1947), «Раніца індустрыяльнай Масквы» (1949), жанравыя і гісторыка-рэв. карціны «Вясковае свята» (1910), «Парад Чырвонай Арміі» (1923), «Падмаскоўная моладзь» (1926), «Штурм Крамля ў 1917 годзе» (1947), «Парад на Краснай плошчы ў Маскве 7 лістапада 1941 года» (1942), арх. пейзажы стараж.-рус. гарадоў, партрэты. Аформіў оперы М.Мусаргскага «Барыс Гадуноў» у Т-ры Елісейскіх палёў у Парыжы (1912—13), «Хаваншчына» ў Вял. т-ры ў Маскве (1940) і інш.Дзярж. прэмія СССР 1943.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РЫД Язэп Міхайлавіч (27.7.1896, г. Адэса, Украіна — 1.9.1939),
бел. графік і жывапісец. Вучыўся ў Віленскім ун-це (1923—25) і Парыжы (1928). Вядучы мастак гумарыстычна-сатыр.зах.-бел.час.«Маланка» (1926—28). Яго палітычна завостраныя карыкатуры былі скіраваны супраць сац. і нац. ўціску ў Зах. Беларусі і Польшчы, а таксама закраналі тэмы міжнар. жыцця. Аформіў паэт.зб. «Вянок» (2-е выд., 1927) М.Багдановіча, «Шум баравы» М.Васілька, «Веснапесні» Хв.Ільяшэвіча (абодва 1929), «Журавінавы цвет» (1937) М.Танка, кн. «Беларускі дзіцячы спеўнік» (1925) А.Грыневіча, «Беларускія народныя песні» Р.Шырмы, «Беларускія (крывіцкія) казкі» (абедзве 1929), падручнік «Пішы самадзейна» (1929) С.Паўловіча і інш., змяшчаў свае малюнкі ў час. «Родныя гоні» (1927), «Заранка» (1927—31), газ.Бел.сял.-рабочай грамады «Народны звон» (1926). Стварыў серыю гравюр для «Беларускага календара на 1927 год» (серыя «Дванаццаць месяцаў» выкарыстоўвалася і ў інш. календарах канца 1920 — пач. 30-х г.). Аўтар літаграфічных партрэтаў Я.Купалы (1923) і Я.Коласа (1931). Апошнія гады працаваў як партрэтыст (жывапісны партрэт скульптара Р.Яхімовіча), пейзажыст («Віды Вільні і ваколіцаў») і дэкаратар (сграфіта на фасадзе будынка букіністычнай кнігарні ў Вільні).
Літ.:
Ліс А.С. Пякучай маланкі след. Мн., 1981.
А.С.Ліс.
Я.Горыд. Ілюстрацыя да казкі «Змей». 1929.Я.Горыд. Вокладка кн. «Беларускія (крывіцкія) казкі». № 1. 1929.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМЫ́КА Віктар Аляксандравіч (н. 1.1.1923, в. Сенькава Магілёўскага р-на),
бел.жывапісец, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1970). Нар. мастак Беларусі (1992). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1958), з 1959 выкладае ў ім жа (праф. з 1982; з 1991 Бел.АМ). Тэматычныя карціны «Салдаты» (1967), «1941 год. Над Прыпяццю» (1970), «Жанчынам Вялікай Айчыннай прысвячаецца» (1972), «Песня аб маім атрадзе» (1978), «Яблыкі ўраджаю 1941 года» (1987) і інш. вылучаюцца рамантызмам, сімвалічнасцю вобразаў, метафарычнасцю, гармоніяй кампазіцыі і колеру. У яго творах сінтэз тонкага лірычнага пачуцця з эпічнай шырынёй абагульненняў, жаданнем звязаць сучаснасць з бел. мінуўшчынай: «Халодны дзень. Браслаўшчына» (1963), «Ільны беларускія», «Чырвоныя землі Полаччыны» (абодва 1970), «На радзіме Янкі Купалы», «Глубелька — сэрца блакітных азёраў Беларусі» (абодва 1975), «Якое надвор’е будзе заўтра» (1988), «Над старымі акопамі цішыня» (1995). Аўтар серыі партрэтаў «Людзі цаліннага краю» (1963), партрэтаў Я.Брыля (1968), бацькі (1977), камісара А.Ф.Юр’ева (1982), В.Быкава (1984), аўтапартрэт (1988). Сярод пейзажаў: «Ружовы сакавік» (1974), «Над ракой Бобр крычаць жураўлі», «Месячная ноч бухты Чэхава» (абодва 1985), «Ліпень пахне травамі» (1990), «На схіле дня» (1996) і інш.
Літ.:
Бойка У.А. В.А.Грамыка. Мн., 1979;
В.А.Громыко: Красные земли Полотчины: [Альбом]. М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́ЙГЕЛЬ (дакладней Брогел) Старэйшы, ці «Мужыцкі» (Bruegel de Oude, Boeren Brueghel) Пітэр (паміж 1525 і 1530, г. Брэда, Нідэрланды — 5.9.1569), нідэрландскі жывапісец; адзін з заснавальнікаў флам. і галандскага рэаліст. мастацтва. У 1551 прыняты ў Антверпенскую гільдыю жывапісцаў. З 1563 працаваў у Бруселі. У раннія гады зазнаў уплыў Х.Босха. У яго творчасці ўвасобіліся пачуцці і страсці эпохі; складана перапляталіся гумар і трагізм, гратэск і грубаватая прастата з горыччу, сарказм з сатыр. павучальнасцю. Свайго гал. героя — сучасніка ён маляваў бескампрамісна («Сялянскае вяселле», «Сялянскі танец», абедзве каля 1566—67). Пачуццё бязмежнай велічы сусвету і неабходнасці ва ўсіх выпадках памятаць пра вечнасць жыцця і арыентавацца на яго першародныя законы не пакідалі мастака і тады, калі ён звяртаўся да тэмы вайны, голаду і смерці. Сэнс яго твораў неадназначны і часам глыбока зашыфраваны: «Перапіс у Віфлееме» (1566), «Сарока на шыбеніцы» (1568), «Сляпыя» (1568). Вял. значэнне ў яго творчасці мелі нідэрл. традыцыі, фальклор і нар. міфатворчасць. Нярэдка прыказка ці прытча выкарыстоўваліся ім як іншасказальная форма для глыбокага роздуму пра лёс краіны і свайго народа («Краіна гультаёў», 1567). У канцы жыцця звяртаўся да сцэн сял. жыцця, пейзажа («Змрочны дзень», «Поры года», «Вяртанне статка», «Паляўнічыя на снезе», «Жніво», усе 1565).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́НЦЫГ Май Вольфавіч (н. 27.4.1930, Мінск),
бел.жывапісец. Засл. дз. маст. Беларусі (1973). Нар. мастак Беларусі (1995). Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1952), Маскоўскі маст.ін-т імя Сурыкава (1958). З 1958 выкладае ў Бел.АМ (праф. з 1980). Працуе ў розных жанрах станковага жывапісу. Сярод работ: тэматычныя карціны «Раніца новага Мінска» (1959), «Партызанскае вяселле» (1968), «Купалаўскія радкі» (1972), «Легенда Беларусі» (1975), «І памятае свет уратаваны...» (1985—95); лірычныя пейзажы «Стары і новы Мінск» (1963), «Цішыня» (1976), «Бацькаўшчына мая» (1982), «Мая Лагойшчына» (1985), серыя «Віцебск — радзіма Шагала» (1994); нацюрморты «Бэз» (1962), «Аб Вялікай Айчыннай...» (1968), «Ялінка» (1971), «Палітра новабудоўляў» (1979); партрэты «Сталявар» (1956), «Кінарэжысёр Э.Клімаў» (1985), пісьменнікаў А.Адамовіча і В.Быкава (абодва 1986) і інш. 3 твораў манум. жывапісу: мазаічнае пано ў кінатэатры «Партызан» (1966), мазаіка ў гасцініцы «Юбілейная» (1969, з Б.Няпомняшчым) — абодва ў Мінску. Творам Д. ўласцівы арыгінальныя кампазіцыйныя рашэнні, драматургічнасць зместу. Канструктыўна-пластычнае валоданне колерам, спалучэнне прыёмаў манум. і станковага мастацтваў, метафарычнасці і канкрэтыкі дазваляюць яму ствараць яркія маст. вобразы, поўна раскрыць сваю творчую індывідуальнасць. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1968.
Літ.:
Сурский О.А. М.В.Данциг. М., 1975;
Крэпак Б.А. Май Данцыг. Мн., 1976;
Петэрсан С. Убачым новыя творы // Мастацтва. 1995. № 9.
Л.Ф.Салавей.
М.В.Данцыг.М.Данцыг. І памятае свет выратаваны... 1985—95.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖО́ТА ДЫ БАНДО́НЕ [Giotto di Bondone; 1266 або 1267, Коле-ды-Веспіньяна (?), Італія — 8.1.1337],
італьянскі жывапісец, прадстаўнік Протарэнесансу. Вучыўся, верагодна, у майстэрні Чымабуэ. Працаваў пераважна ў Падуі і Фларэнцыі. З імем Дж. ды Б. звязаны паварот у развіцці італьян. жывапісу, яго разрыў з сярэдневяковымі канонамі і традыцыямі італа-візант. мастацтва 13 ст. Знаёмства з познаант. жывапісам і творамі П.Каваліні вызначыла далейшае развіццё творчасці Дж. ды Б. У 1304—06 ён стварыў вядомыя размалёўкі капэлы дэль Арэна (Скравеньі) у Падуі. Размешчаныя на сценах капэлы ў 3 ярусы размалёўкі перадаюць гісторыю жыцця Марыі і Хрыста ў выглядзе шэрагу драм. эпізодаў. Захаванне ў кожнай кампазіцыі адзінства часу і месца, энергічная пабудова аб’ёмаў і прасторы, прастата сітуацый і пластычная выразнасць жэстаў, светлы, святочны каларыт робяць размалёўкі выдатным творам протарэнесансавага жывапісу Італіі. У пач. 14 ст. Дж. ды Б. выканаў размалёўкі ў царкве Бадзія (1300—02, Фларэнцыя), а таксама некалькі алтарных абразоў, сярод якіх найб. вядомы «Мадонна Аньісанці» (1310—20, Фларэнцыя). У размалёўках капэл Перуцы (каля 1320) і Бардзі (1320—25) у фларэнційскай царкве Санта-Крочэ дасягнуў арган. сувязі з архітэктурай, стрыманасці каларыту і манументальнасці вобразаў. Аўтар праекта кампанілы (званіцы) фларэнційскага сабора Санта-Марыя дэль Ф’ёрэ (буд-ва пачата ў 1334).
Літ.:
Данилова И. Джотто: [Альбом]. М., 1970.
Джота ды Бандоне.Джота ды Бандоне. Фрэска «Уезд Хрыста ў Іерусалім» у капэле дэль Арэна ў Падуі. 1304—06.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХРЭ́МЧЫК Іван Восіпавіч (16.12.1903, Мінск — 9.3.1971),
бел.жывапісец. Нар. мастак Беларусі (1949). Праф. (1964). Скончыў Вышэйшы маст.-тэхн.ін-т у Маскве (1930). Вучыўся ў А.Архіпава, К.Істоміна, А.Шаўчэнкі. З 1931 на пед. рабоце, з 1963 у Бел.тэатр.-маст. ін-це. Працаваў у галіне партрэта, тэматычнай карціны, пейзажа, манум. жывапісу. Карціны: «Падпісанне маніфеста пра ўтварэнне БССР» (1929), «Уступленне Чырвонай Арміі ў Мінск» (1935), «Гідраторф Асінбуд» (1937), «Твар ворага» (1942), «Пасяджэнне ЦК КП(б) Беларусі 3 ліпеня 1941 г.» (1944). Адна з лепшых яго работ «Абаронцы Брэсцкай крэпасці» (1958). Стварыў шэраг партрэтаў сучаснікаў: У.І.Уладамірскага (1948), Е.А.Міровіча (1952), П.С.Пестрака (1968), С.Б.Баткоўскага (1971) і інш.; пейзажы «Сонечны дзень» (1952), «Бэз цвіце» (1958), «Квітнеючая вясна» (1963), «З акна майстэрні» (1971) і інш. Творы манум. жывапісу: 2 пано для Усебел. выстаўкі сельскай гаспадаркі і прам-сці (1930), дэкар. фрыз «Свята беларускага народа» для бел. павільёна Усесаюзнай с.-г. выстаўкі ў Маскве (1939), плафон «Дружба народаў» у Тэатры юнага гледача ў Мінску (1955), пано «Беларускія народныя майстры» ў канферэнц-зале Бел.т-ва дружбы з замежнымі краінамі (1956, з І.Давідовічам). Імя Ахрэмчыка прысвоена Бел. ліцэю мастацтва.
Літ.:
Аладова Е.В. И.О.Ахремчик. М., 1960.
І.В.Ахрэмчык.І.Ахрэмчык. Абаронцы Брэсцкай крэпасці. 1958.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТЫЧЭ́ЛІ (Botticelli; сапр.Алесандра ды Марыяна Філіпепі; Alessandro di Mariano Filipepi) Сандра
(каля 1445, Фларэнцыя — 17.5.1510),
італьянскі жывапісец, прадстаўнік фларэнційскай школы жывапісу ранняга Адраджэння. Вучыўся ў Філіпа Ліпі. Раннія работы вызначаліся яснай прасторавай пабудовай, дакладным малюнкам, увагай да бытавых дэталяў. З канца 1470-х г. быў набліжаны да двара Медычы і гуманістычных колаў Фларэнцыі. Творчасць Батычэлі мае рысы адухоўленасці, арыстакратычнай вытанчанасці. У карцінах «Вясна» (каля 1477—78), «Нараджэнне Венеры» (каля 1483—84) і інш. стварыў паэтычна абагульненыя, гарманічныя вобразы, поўныя светлага летуцення. Далікатнасць фігур, лёгкія трапяткія лінейныя рытмы, празрыстасць фарбаў ствараюць атмасферу элегічнага смутку. У партрэтах з выключнай тонкасцю і вастрынёй раскрыў складаныя нюансы ўнутр. стану чалавека. На яго творчасць значна паўплывалі сац. перамены ў Фларэнцыі ў 1490-я г., што выявілася ў павышаным драматызме і экспрэсіі вобразаў, маралізатарстве і рэліг. экзальтацыі («Святы Себасцьян», 1474; «Пакланенне вешчуноў», 1477; «Паклёп», пасля 1495; «Сцэны з жыцця св. Зіновія», каля 1505; фрэскі «Святы Аўгусцін», 1480; серыя фрэсак з жыцця Майсея і Хрыста ў Сіксцінскай капэле Ватыкана, 1481 — 82; малюнкі да «Боскай камедыі» Дантэ, 1492—97).
Літ.:
Боттичелли: Сб. материалов о творчестве: Пер. с фр., англ., итал. М., 1962;