ЧУРЛЁНІС (Čiurlionis) Мікалоюс Канстанцінас (22.9.1875, г. Варэна, Літва — 10.4.1911),

літоўскі жывапісец і кампазітар; прадстаўнік сімвалізму. Вучыўся ў рысавальнай школе Я.​Каўзіка (1902—05) і маст. вучылішчы (1905) у Варшаве. Вывучаў музыку ў Варшаўскім муз. ін-це (1894—99) і Лейпцыгскай кансерваторыі (1901—02). Чл. аб’яднання «Свет мастацтваў» (1911). У аснове яго твораў «нар. рамантыка» літоўскага фальклору, у позні перыяд прасочваюцца аналогіі музыкі і выяўл. мастацтва. Творчая манера вылучаецца своеасаблівай абагульненасцю, вытанчаным каларытам: жывапісныя кампазіцыі «Саната вясны», «Саната сонца» (абодва 1907), «Саната мора», «Саната зорак» (абодва 1908), трыпціх «Казка» (1907), цыклы «Стварэнне свету» (1904—06), «Казка каралёў», «Знакі задыяка», «Вясна», «Зіма» (усе 1907), «Жэмайскія крыжы» (1909). Муз. творчасць Ч. адносіцца да неарамантызму, звязана з літ. фальклорам. Аўтар першых літ. сімф. паэм («У лесе», 1900; «Мора», 1907), стр. квартэта, больш як 200 твораў для фп. і інш. Запісваў і гарманізаваў мелодыі літ. нар. песень. З 1965 у Літве праводзіцца конкурс выканаўцаў імя Ч. (з 1991 міжнар.). Мемар. музеі ў гарадах Каўнас і Друскінінкай.

Літ.:

Чюрлените Я.К. Воспоминания о М.​К.​Чюрленисе: Пер. с лит. Вильнюс, 1975;

Ландсбергис В.В. Творчество Чюрлениса. 2 изд. Л., 1975.

М.К.Чурлёніс.
М.К.Чурлёніс. Саната зорак. 1908.

т. 17, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)