ХО́ЛЬБЕЙН, Гольбейн (Holbein) Ганс Малодшы (каля 1497 або 1498, г. Аўгсбург, Германія — паміж 7.10 і 29.11.1543), нямецкі жывапісец і графік эпохі Адраджэння. Вучыўся ў свайго бацькі Хольбейна Старэйшага. У 1515—26 працаваў у Базелі, выканаў ілюстрацыі да «Пахвалы глупству» Эразма Ратэрдамскага (1515). Смеласцю кампазіцыйнага вырашэння і сілай эмацыянальнага ўздзеяння вызначаецца карціна «Мёртвы Хрыстос» (1521), стварыў партрэты (Эразма Ратэрдамскага, 1523). У серыі малюнкаў «Вобразы смерці» (вядома пад назвай «Танец смерці», 1524—26) у алегарычнай і гратэскавай форме адлюстраваў падзеі Сялянскай вайны 1524—26 у Германіі. У 1526—28 і з 1532 працаваў у Вялікабрытаніі (з 1536 прыдворны мастак караля Генрыха VIII), дзе раскрыўся яго талент партрэтыста. У творах амаль ювелірную дакладнасць у адлюстраванні дэталей спалучаў з пластычнай і эмацыянальнай цэласнасцю вобраза; графічны партрэт Томаса Мора (1527), жывапісныя партрэты Нікласа Кратцэра, астранома англійскага караля Генрыха VIII (1528), ням. купца Г.Гісцэ (1532), франц. пасла Ш.Марэта (каля 1534—35), каралевы Джэйн Сеймур (1536—37), Генрыха VIII (1539—40). Мастацтва Х. паўплывала на развіццё зах.-еўрап. партрэта.
Літ.:
Г.Гольбейн Младший: [Альбом]. М.; Л., 1962;
Либман М.Я. Дюрер и его эпоха. М., 1972.
Г.Хольбейн Малодшы. Партрэт Нікласа Кратцэра, астранома англійскага караля Генрыха VIII 1528.