ДА́НЦЫГ Май Вольфавіч

(н. 27.4.1930, Мінск),

бел. жывапісец. Засл. дз. маст. Беларусі (1973). Нар. мастак Беларусі (1995). Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1952), Маскоўскі маст. ін-т імя Сурыкава (1958). З 1958 выкладае ў Бел. АМ (праф. з 1980). Працуе ў розных жанрах станковага жывапісу. Сярод работ: тэматычныя карціны «Раніца новага Мінска» (1959), «Партызанскае вяселле» (1968), «Купалаўскія радкі» (1972), «Легенда Беларусі» (1975), «І памятае свет уратаваны...» (1985—95); лірычныя пейзажы «Стары і новы Мінск» (1963), «Цішыня» (1976), «Бацькаўшчына мая» (1982), «Мая Лагойшчына» (1985), серыя «Віцебск — радзіма Шагала» (1994); нацюрморты «Бэз» (1962), «Аб Вялікай Айчыннай...» (1968), «Ялінка» (1971), «Палітра новабудоўляў» (1979); партрэты «Сталявар» (1956), «Кінарэжысёр Э.Клімаў» (1985), пісьменнікаў А.Адамовіча і В.Быкава (абодва 1986) і інш. 3 твораў манум. жывапісу: мазаічнае пано ў кінатэатры «Партызан» (1966), мазаіка ў гасцініцы «Юбілейная» (1969, з Б.Няпомняшчым) — абодва ў Мінску. Творам Д. ўласцівы арыгінальныя кампазіцыйныя рашэнні, драматургічнасць зместу. Канструктыўна-пластычнае валоданне колерам, спалучэнне прыёмаў манум. і станковага мастацтваў, метафарычнасці і канкрэтыкі дазваляюць яму ствараць яркія маст. вобразы, поўна раскрыць сваю творчую індывідуальнасць. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1968.

Літ.:

Сурский О.А М.В.Данциг. М., 1975;

Крэпак Б.А Май Данцыг. Мн., 1976;

Петэрсан С. Убачым новыя творы // Мастацтва. 1995. № 9.

Л.Ф.Салавей.

М.В.Данцыг.
М.Данцыг. І памятае свет выратаваны... 1985—95.

т. 6, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)