ГРАМЫ́КА Віктар Аляксандравіч
(н. 1.1.1923, в. Сенькава Магілёўскага р-на),
бел. жывапісец, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1970). Нар. мастак Беларусі (1992). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1958), з 1959 выкладае ў ім жа (праф. з 1982; з 1991 Бел. АМ). Тэматычныя карціны «Салдаты» (1967), «1941 год. Над Прыпяццю» (1970), «Жанчынам Вялікай Айчыннай прысвячаецца» (1972), «Песня аб маім атрадзе» (1978), «Яблыкі ўраджаю 1941 года» (1987) і інш. вылучаюцца рамантызмам, сімвалічнасцю вобразаў, метафарычнасцю, гармоніяй кампазіцыі і колеру. У яго творах сінтэз тонкага лірычнага пачуцця з эпічнай шырынёй абагульненняў, жаданнем звязаць сучаснасць з бел. мінуўшчынай: «Халодны дзень. Браслаўшчына» (1963), «Ільны беларускія», «Чырвоныя землі Полаччыны» (абодва 1970), «На радзіме Янкі Купалы», «Глубелька — сэрца блакітных азёраў Беларусі» (абодва 1975), «Якое надвор’е будзе заўтра» (1988), «Над старымі акопамі цішыня» (1995). Аўтар серыі партрэтаў «Людзі цаліннага краю» (1963), партрэтаў Я.Брыля (1968), бацькі (1977), камісара А.Ф.Юр’ева (1982), В.Быкава (1984), аўтапартрэт (1988). Сярод пейзажаў: «Ружовы сакавік» (1974), «Над ракой Бобр крычаць жураўлі», «Месячная ноч бухты Чэхава» (абодва 1985), «Ліпень пахне травамі» (1990), «На схіле дня» (1996) і інш.
Літ.:
Бойка У.А. В.А.Грамыка. Мн., 1979;
В.А.Громыко: Красные земли Полотчины: [Альбом]. М., 1978.
В.Я.Буйвал.
т. 5, с. 403
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)