ЮО́Н Канстанцін Фёдаравіч (24.10.1875, Масква — 11.4.1958),

расійскі жывапісец, педагог. Нар. маст. СССР (1950). Правадз. чл. АМ СССР (1947). Скончыў Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і архітэктуры (1898), у 1898—1900 выкладаў у ім, у 1900—17 ва ўласнай студыі ў Маскве (з І.​Дудзіным). У 1952—55 праф. Маскоўскага маст. ін-та імя В.​Сурыкава, у 1948—50 дырэктар НДІ тэорыі і гісторыі мастацтваў АМ СССР. Чл. аб’яднанняў «Свет мастацтваў», Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі, адзін з заснавальнікаў «Саюза рускіх мастакоў». У сакавітай яркай жывапіснай манеры перадаваў пейзажы: «Веснавы сонечны дзень» (1910), «Сакавіцкае сонца» (1915), «Канец зімы. Поўдзень» (1919), «Расчыненае акно» (1947), «Раніца індустрыяльнай Масквы» (1949), жанравыя і гісторыка-рэв. карціны «Вясковае свята» (1910), «Парад Чырвонай Арміі» (1923), «Падмаскоўная моладзь» (1926), «Штурм Крамля ў 1917 годзе» (1947), «Парад на Краснай плошчы ў Маскве 7 лістапада 1941 года» (1942), арх. пейзажы стараж.-рус. гарадоў, партрэты. Аформіў оперы М.​Мусаргскага «Барыс Гадуноў» у Т-ры Елісейскіх палёў у Парыжы (1912—13), «Хаваншчына» ў Вял. т-ры ў Маскве (1940) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1943.

Тв.:

Об искусстве. Т. 1—2. М., 1959.

Літ.:

Осмоловский Ю. К.​Ф.​Юон. М., 1982.

К.Юон. Раніца індустрыяльнай Масквы. 1949.

т. 18, кн. 1, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)