ПЛАНШО́Н ((Planchon) Ражэ) (н. 12.9.1931, г. Сен-Шамон, Францыя),
французскі рэжысёр, акцёр, драматург. Творчую дзейнасць пачаў у засн. ім у Ліёне «Тэатр дэ ла камеды» (1952). У 1957 стварыў і ўзначальвае «Тэатр дэ ла сітэ» ў Віёрбане (з 1973 Нац.нар.т-р). Зазнаў уплыў Б.Брэхта. Паставіў спектаклі «Генрых IV» У.Шэкспіра (1957), «Жорж Дандэн» (1958) і «Тарцюф» (1962, 1973) Мальера, «Тры мушкецёры» паводле А.Дзюма (1958), «Мёртвыя душы» (1959) паводле М.Гогаля, «Нейтральная паласа» Х.Пінтэра (1979), «Аталі» Ж.Расіна (1980), якім уласціва сучасная інтэрпрэтацыя літ. матэрыялу. Сярод інш. пастановак: «Добры чалавек з Сезуана» (1958) і «Швейк у другой сусветнай вайне» (1961) Брэхта, а таксама ўласныя драм. творы, у якіх звяртаецца да актуальных праблем сучаснасці: «Карэтны хлеў» («Даўжнікі», 1962), «Белая лапа» (1964), «Сінія, белыя, чырвоныя» (1966), «Знявага» (1968), «Здаюся!» (1972) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКАЯ ГУБЕ́РНЯ,
адм.-тэр. адзінка ў Рас. імперыі ў 1776—96. Утворана паводле ўказа Кацярыны II ад 4.9.1776 і ўказа Сената ад 2.4.1777 на землях ВКЛ, далучаных да Рас. імперыі ў выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772). Цэнтр — г.Полацю. Уключала 11 паветаў, вылучаных з Пскоўскай губерні: Веліжскі, Віцебскі, Гарадоцкі, Дрысенскі, Дынабургскі, Люцынскі, Невельскі, Полацкі, Рэжыцкі, Себежскі, Суражскі. З 1778 да 1796 складала асобнае Полацкае намесніцтва. У 1784 у П.г. было 15 мястэчак, 144 сялы, 1125 сяльцоў, 61 пагост, 21 слабада, 14042 вёскі, у 78 070 дварах пражывала 620 266 чал. падатковага насельніцтва. У 1777 мелася 22 правасл., 153 уніяцкія, 44 каталіцкія прыходы. У 1793 у губерні ўтвораны Лепельскі павет, у 1795 да яе далучана частка тэр. Мінскай губ.Паводле ўказа ад 23.12.1796 П.г. аб’яднана з Магілёўскай губерняй у Беларускую губерню.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІЯ ПРЫВІЛЕ́І,
граматы, якія вызначалі дзярж.-прававое становішча Полацкай зямлі ў складзе ВКЛ. Рэгулявалі ўнутранае жыццё, гарантавалі правы і прывілеі полацкага баярства, духавенства і мяшчан (гл.Полацкае права). Прывілей, выдадзены ў 1-й пал. 14 ст., не збярогся і адноўлены паводле пацвярджальнага прывілея 1511. Ён змяшчаў пагадненне полацкіх феадалаў і мяшчан са сваім удзельным князем. У 1399 Вітаўт выдаў прывілей, паводле якога абмежаванні ўлады ўдзельнага князя пераносіліся на велікакняжацкую ўладу. Прывілей Жыгімонта Кейстутавіча, выдадзены паміж 1436—40, пацвердзіў ранейшыя П.п. Прывілей 1451, выдадзены Казімірам IV Ягелончыкам, дадаткова гарантаваў юрыд. і маёмасныя правы палачан. Пры вял.кн. Аляксандру П.п. пацверджаны і дапоўнены новымі артыкуламі, што было звязана з наданнем Полацку 7.10.1498 прывілея на магдэбургскае права. Канчаткова становішча Полацкай зямлі ў складзе ВКЛ аформлена пацвярджальным прывілеем Жыгімонта I ад 23.7.1511. Наступныя пацвярджальныя прывілеі выдаваліся ў 1547, 1580, 1593, 1634.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГНЕ́ДА РАГВАЛО́ДАЎНА (?, г. Полацк —1000),
полацкая князёўна, дачка полацкага кн.Рагвалода, жонка вял.кн.Уладзіміра Святаславіча, маці кн.Ізяслава Уладзіміравіча. Паводле летапісаў, адхіліла сватанне Уладзіміра Святаславіча, які тады княжыў у Ноўгарадзе. Каля 980 Уладзімір захапіў Полацк, забіў бацьку, маці і двух братоў Р.Р., а яе гвалтоўна зрабіў сваёй жонкай і даў слав. імя Гарыслава. З пачуцця помсты Р.Р. зрабіла няўдалы замах на жыццё мужа. Уладзімір хацеў пакараць Р.Р., але за маці заступіўся сын Ізяслаў. Тады Уладзімір саслаў Р.Р. і сына ў г. Ізяслаўль (Заслаўе). Паводле падання, пасля хрышчэння Уладзіміра і ліквідацыі яго гарэма Р.Р. адмовілася другі раз выйсці замуж і пастрыглася ў манашкі пад імем Анастасіі. Каля Заслаўя назвы ўрочышчаў звязаны з імем Р.Р.
Літ.:
Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990.
Г.В.Штыхаў.
Да арт.Рагнеда Рагвалодаўна. Рагнеда і Уладзімір. Мастак С.І.Грыбкоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁПЕРАДА́ТЧЫК,
прылада для атрымання мадуляваных эл. ваганняў у дыяпазоне радыёчастот і іх наступнага выпрамянення з дапамогай антэны. Выкарыстоўваецца для радыёсувязі, радыёвяшчання, тэлебачання, радыёнавігацыі, радыёлакацыі і інш.
Асн. вузлы Р. — генератар, мадулятар і крыніца сілкавання. Канструкцыя Р. залежыць ад спосабу атрымання высокачастотных ваганняў, дыяпазону рабочых хваль, прызначэння і магутнасці Р., віду сігналаў, якія павінны перадавацца, роду работы і інш. Бываюць стацыянарныя і рухомыя, адна- і многаканальныя. Паводле дыяпазону рабочых частот умоўна адрозніваюць нізка-, высока- і звышвысокачастотныя (нізка- і высокачастотныя Р. маюць вагальныя сістэмы з засяроджанымі параметрамі, звышвысокачастотныя — з размеркаванымі). Паводле роду работы існуюць тэлегр., тэлеф., аднапалосныя, імпульсныя і інш. Р. малой (да 100 Вт) і сярэдняй (да 10 кВт) магутнасці робяць на паўправадніковай элементнай базе, у выхадных каскадах магутных (да 1000 кВт) і звышмагутных (больш за 1000 кВт) Р. выкарыстоўваюцца электравакуумныя прылады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́МУЛ (Romulus),
заснавальнік Рыма і першы рымскі цар [753—716 да н.э.]. Паводлестараж.-рым. падання Р. і яго брат-блізня Рэм былі сынамі весталкі Рэі Сільвіі і бога вайны Марса. Кінутых паводле загаду дзядзькі Рэі Амулія ў р. Тыбр братоў-немаўлят рака вынесла на бераг. Ваўчыца выкарміла іх сваім малаком (Капіталійская ваўчыца), пасля братоў знайшоў пастух Фаўстул, які разам з жонкай выхаваў іх. Р. і Рэм вярнулі свайму дзеду Нумітару царскую ўладу над Альба-Лонгай, несправядліва захопленай Амуліем, а на месцы свайго выратавання заснавалі горад. Падчас сваркі Р. забіў Рэма і стаў адзіным уладаром горада, які атрымаў яго імя. Ва ўяўленнях нашчадкаў Р. быў ініцыятарам выкрадання сабінянак, заснавання рым. сената, курый, арганізацыі войска, падзелу грамадзян на патрыцыяў і плебеяў. Пасля смерці Р. абагаўлёны, пазней атаясамліваўся з богам Квірынам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́ЦКА-ТУРЭ́ЦКІЯ ДАГАВО́РЫДагавор 1921 аб дружбе і братэрстве,
падпісаны 16 сак. ў Маскве. Паводле яго РСФСР адмовілася ад усіх нераўнапраўных дагавораў і пагадненняў Турцыі з Рас. імперыяй; да Турцыі адыходзілі раёны Карса, Ардахана і Артвіна; Нахічэванская вобл. ператваралася ў аўт. тэрыторыю пад пратэктаратам Азербайджана; бакі абавязаліся не дапускаць знаходжання на сваёй тэрыторыі арг-цый, якія мелі мэтай барацьбу супраць інш. боку. Дагавор меў важнае значэнне для перамогі Кемалісцкай рэвалюцыі 1920—23. Дагавор 1925 аб дружбе і нейтралітэце, падпісаны 17 снеж. ў Парыжы. Паводле яго ў выпадку ваен. выступлення супраць аднаго з бакоў адной ці некалькіх трэціх дзяржаў інш. бок абавязваўся захоўваць нейтралітэт у адносінах да першай. СССР і Турцыя абавязаліся ўстрымлівацца ад усякага нападу на інш. бок і не прымаць удзелу ні ў якім саюзе ці пагадненні, якія накіраваны супраць інш. боку. Дэнансаваны СССР у сак. 1945.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛО́Н (грэч. Solōn; паміж 640 і 635 — каля 559 да н.э.),
афінскі (Стараж. Грэцыя) палітычны дзеяч, рэфарматар. Паходзіў са збяднелага арыстакратычнага роду Кадрыдаў. Пасля абрання ў 594 на пасаду архонта ажыццявіў шэраг рэформ у інтарэсах афінскага дэмасу: скасаваў пазыковае рабства, уніфікаваў меры вагі і грашовую сістэму, увёў закон пра свабоду завяшчання і інш. Ранейшы падзел грамадзян паводле родавага паходжання С. замяніў на 4 маёмасныя разрады (філы), якія вызначалі правы і абавязкі грамадзян паводле памераў прыбытку. Усе грамадзяне атрымалі права браць удзел у эклесіі (нар. сход). Заснаваў новы орган кіравання — Раду 400, куды выбіралася па 100 чал. ад кожнай з 4 разрадных філ, і геліэю (суд прысяжных). Рэформы С. сталі важным этапам на шляху ўсталявання афінскай рабаўладальніцкай дэмакратыі. С. — адзін з першых атычных паэтаў. Стараж. грэкі прылічалі яго да «сямі мудрацоў».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́ЛАў механіцы, вектарная фіз. велічыня, якая вызначае меру мех. ўзаемадзеяння цел; адна з асн. дынамічных характарыстык. Паводле 2-га закону Ньютана С.
, дзе m — маса цела і — паскарэнне, з якім яно рухаецца.
Дзеянне С. на цела выклікае змену скарасцей яго пунктаў (узнікае паскарэнне) або дэфармацыю і можа адбывацца як пры непасрэдным кантакце матэрыяльных аб’ектаў (С. трэння, С. ціску, удар), так і паміж аддаленымі целамі пры дапамозе поля (гл. Поле фізічнае). У кожны момант часу С. характарызуецца модулем (лікавым значэннем), напрамкам (лініяй дзеяння) і пунктам прыкладання; складанне С. праводзіцца паводле правіла паралелаграма. Пры непасрэдным выкарыстанні паняцця «С.» фармулююцца многія фіз. законы: Ампера закон, Гука закон, Кулона закон і інш., а таксама вызначаюцца важныя фіз. велічыні: імпульс сілы, момант сілы, работа, энергія і інш. Модуль С. вымяраецца дынамометрам. Адзінка С. ў СІ — ньютан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕТЫ́ЧНАЕ ВЫЗНАЧЭ́ННЕ ПО́ЛУ,
фарміраванне арганізмаў пэўнага полу ў залежнасці ад камбінацый генетычных фактараў, лакалізаваных у храмасомах. Пры гэтым мае значэнне і пэўны набор палавых храмасом, і дзеянне генаў, размешчаных у іх, а таксама ў аўтасомах. Палавыя храмасомы XX і XY, якія генетычна вызначаюць пол, фарміруюцца ў невял. колькасці двухдомных раслін (эладэя, смолка, некаторыя імхі), яны ёсць у чалавека і вышэйшых пазваночных жывёл (трапляюцца як выключэнне ў рыб і земнаводных) і ў многіх членістаногіх, павукападобных, насякомых і інш.
У чалавека звычайна вылучаюць некалькі ўзроўняў палавой дыферэнцыяцыі. Адзін з іх звязаны з наяўнасцю Y-храмасомы, прысутнасць якой неабходна для дыферэнцыяцыі палавых залоз (ганад) паводле мужчынскага тыпу. У мужчын фарміруецца 2 тыпы сперміяў: з X-храмасомай (23,X) і Y-храмасомай (23,Y). У яйцаклетак набор храмасом у норме 23,X. Апладненне яйцаклеткі сперміем 23,X прыводзіць да развіцця зародка жаночага полу (з наборам храмасом 46,XX), апладненне сперміем 23,Y вядзе да ўзнікнення зародка мужчынскага полу (46,XY). Фарміраванне полу плода першапачаткова залежыць ад тыпу спермія, які апладніў яйцаклетку (т.ч. за вызначэнне полу дзіцяці «адказвае» мужчына). Наяўнасць Y-храмасомы з’яўляецца першым фактарам, неабходным для фарміравання полу плода. Далейшае развіццё полу адбываецца пад кантролем H-Y антыгена, які кантралюецца Y-храмасомай. Калі H-Y антыген не ўтвараецца, ідзе развіццё паводле жаночага тыпу. Разам з тым і Y-храмасома, і H-Y антыген вызначаюць толькі генетычную дэтэрмінацыю полу, але не адказваюць за фарміраванне вонкавых палавых органаў, якія ў мужчын утвараюцца з вольфавых, а ў жанчын — з мюлеравых праток. Важная роля належыць гармонам, што выпрацоўваюцца клеткамі эмбрыянальных яечак. Парушэнні на храмасомным, антыгенным або гарманальным этапах вядуць да развіцця паводле жаночага тыпу. Зрэдку бываюць анамаліі псіхасексуальнай арыентацыі паводле полу (гл.Гомасексуалізм, Трансвестызм). Існуе мноства захворванняў (крыптархізм, манархізм, дысгенезія ганад і інш.), калі пад уплывам парушэнняў храмасом, генаў або знешніх фактараў развіццё палавых органаў індывіда адхіляецца ад звычайнага. Прагноз і лячэнне ў такіх выпадках залежаць ад характару захворвання.