ЛІВА́НАЎ (Барыс Мікалаевіч) (8.5.1904, Масква — 22.9.1972),
расійскі акцёр і рэжысёр. Нар. арт. СССР (1948). Вучыўся ў 4-й студыі МХТ. З 1924 акцёр МХАТ. З 1950-х г. выступаў і як рэжысёр. Творчасць вызначалася яркім тэмпераментам, рамант. узнёсласцю, спалучэннем сатырычнасці знешняга малюнка ролі з глыбокім лірызмам, імкненнем да выяўлення супярэчлівасці характараў герояў. Сярод тэатр. роляў: Наздроў («Мёртвыя душы» паводле М.Гогаля), Чацкі («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Кудраш («Навальніца» А.Астроўскага), Салёны («Тры сястры» А.Чэхава), Ягор Булычоў («Ягор Булычоў і іншыя» М.Горкага), Дзмітрый Карамазаў («Браты Карамазавы» паводле Ф.Дастаеўскага), Ламаносаў («Ламаносаў» У.Іванава), Кімбаеў («Страх» А.Афінагенава), Швандзя («Любоў Яравая» К.Транёва) і інш. Паставіў спектаклі «Браты Карамазавы» (з П. і В. Маркавымі), «Ягор Булычоў і іншыя» (1964), «Чайка» Чэхава (1969). Лепшыя ролі. ў кіно: Дуброўскі («Дуброўскі», 1936), Пажарскі («Мінін і Пажарскі», 1939), Руднеў («Крэйсер Вараг», 1947), Пацёмкін («Адмірал Ушакоў», 1953), Сядоў («Ступень рызыкі», 1969). Дзярж. прэміі СССР 1941, 1942, 1947, 1949, 1950, 1970.
т. 9, с. 240
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)