ЛАФАНТЭ́Н ((La Fontaine) Жан дэ) (8.7.1621, г. Шато-Цьеры, Францыя — 13.4.1695),
французскі пісьменнік; прадстаўнік класіцызму. Чл. Французскай акадэміі (з 1684). Дэбютаваў вольнай перапрацоўкай аднайм. камедыі Тэрэнцыя «Еўнух» (1654). Аўтар драматызаванай эклогі «Клімена» (1658), паэм «Адоніс» (1658), «Сон у Во» (1658—61), «Хіна» (1682), «Філемон і Баўкіда» (1685, паводле «Метамарфоз» Авідзія), рамана з вершаванымі ўстаўкамі «Каханне Псіхеі і Купідона» (1669, паводле навелы з рамана Апулея «Залаты асёл»), зб. «Казкі і вершаваныя апавяданні» (кн. 1—5, 1665—85), «Зборніка хрысціянскіх вершаў» (1671). Гал. твор — напісаныя рытмізаванай прозай «Байкі» (кн. 1—12, 1668—94), у якіх паўстае шырокая карціна франц. рэчаіснасці 17 ст. і адначасова універсальная энцыклапедыя заганаў свету. Яны вызначаюцца драматызмам і лірызмам, лаканічнасцю і выкарыстаннем інтанацый жывой гаворкі.
Тв.:
Рус.пер. — Любовь Психеи и Купидона. М.; Л., 1964;
У кн.: Классическая басня. М., 1981.
Літ.:
Виппер Ю.Б. Лафонтен // История всемирной литературы. М., 1987. Т. 4.