ЛЕАНІ́ДАЎ (сапр. Вальфензон) Леанід Міронавіч
(3.6.1873, г. Адэса, Украіна — 6.8.1941),
расійскі акцёр, рэжысёр, педагог. Нар. арт. СССР (1936). Д-р мастацтвазнаўства, праф. (1939). Вучыўся ў Маскоўскім імператарскім тэатр. вучылішчы (1895—96). З 1903 у трупе МХАТ. З 1935 выкладаў у Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва імя Луначарскага. У творчасці прапагандаваў сістэму К.Станіслаўскага. Трагедыйны акцёр. Сярод роляў: Плюшкін («Мёртвыя душы» паводле М.Гогаля), Ягор Булычоў («Ягор Булычоў і іншыя» М.Горкага), Дзмітрый Карамазаў («Браты Карамазавы» паводле Ф.Дастаеўскага), Атэла («Атэла» У.Шэкспіра), Пер Гюнт («Пер Гюнт» Г.Ібсена) і інш. Зняўся ў кінафільмах «Крылы халопа» (1926), «Габсек» (1937) і інш. З выпускнікоў курса Л. створаны Гомельскі абл. рус. драм. т-р (1939—41). Падрыхтаваў з імі ў час вучобы спектаклі: «Хто смяецца апошнім» К.Крапівы, «Рэвізор» Гогаля, «Чайка» А.Чэхава, «Васа Жалязнова» Горкага і інш.
Тв.:
Воспоминания, статьи, беседы, записные книжки. М., 1960.
Літ.:
Любимов Н. Былое лето: Из воспоминаний зрителя. М., 1982.
т. 9, с. 170
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)