ГАРБА́РНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна лёгкай прамысловасці, якая спецыялізуецца па вырабе натуральных цвёрдых і мяккіх скураных тавараў і штучных скур. Забяспечвае скуртаварамі абутковую прамысловасць, футравую прамысловасць, часткова швейную і інш. галіны. Асн. сыравінай для гарбарнай прамысловасці служаць скуры жывёл. Гарбарная сыравіна падзяляецца на: дробную (скуры цялят, жарабят, авечак, коз, цюленяў, нерпаў), што ідзе на выраб скур для верху абутку, адзення і галантарэйных вырабаў, буйную (скуры буйн. раг. жывёлы, коней, аслоў, вярблюдаў, аленяў, маржоў, кітоў) і свіную (са свойскіх свіней і дзікоў), якія служаць для вырабу хромавых і юхтовых скур на верх абутку, для рамізніцкіх і тэхн. вырабаў. Выкарыстоўваюць таксама скуры рэптылій (кракадзілы, яшчаркі, змеі), некат. рыб і інш.

Апрацоўка скур і выкарыстанне іх на абутак і адзенне вядома з глыбокай старажытнасці. Са скур выраблялі таксама пергамін, вупраж, шчыты і інш. Скуры дубілі пры дапамозе раслінных дубільнікаў. У 2-й пал. 19 ст. частка падрыхтоўчых і апрацоўчых аперацый механізавана, з 1880-х г. пачалі выкарыстоўваць паскораны метад вырабу скур солямі хрому. Рамесніцкае гарбарства ператварылася ў гарбарную прамысловасць. У 20 ст. развіццю гарбарнай прамысловасці спрыяла стварэнне галін машынабудавання, якія выпускалі машыны для апрацоўкі скур, пашыву абутку, адзення і інш. вырабаў, а таксама расшырэнне сыравіннай базы, развіццё вытв-сці штучных скур і заменнікаў скуры, сінт. каўчуку і дубільнікаў, дубільных экстрактаў.

Асартымент прадукцыі сучаснай гарбарнай прамысловасці акрамя шырока вядомых абутковых цвёрдых і мяккіх (хромавага дублення і юхту), адзежна-галантарэйных, рамізніцкіх і тэхн. скур уключае такія новыя вырабы, як спілак для абутку, велюры, асветленыя скуры для нізу абутку, лакавыя з поліурэтанавым пакрыццём, хромавыя павышанай эластычнасці, тэрмаўстойлівую юхту і інш. Развітую гарбарную прамысловасць маюць ЗША, Расія, Францыя, Італія, Вялікабрытанія, ФРГ, Аргенціна, Аўстралія, Манголія і інш. краіны.

Гарбарная прамысловасць — адна са старадаўніх на Беларусі. Скураны абутак 12—13 ст. вядомы з раскопак у Брэсце, Гродне, Мінску, Полацку і інш. У 2-й пал. 19 ст. скуры, вырабленыя на Беларусі, карысталіся попытам на рас. і замежным рынках. Цэнтрамі гарбарнай прамысловасці былі Смаргонь (22 прадпрыемствы), Ашмяны, Мінск (буйны з-д Сальмана), Магілёў, Скідзель, Талачын і інш. Вырабляліся лайка, хром, шчыгрын (гамбургскі тавар), падэшвы. Пабудаваны гарбарныя з-ды ў 1927 «Бальшавік» у Мінску, у 1930 — у Магілёве. У 1996 у краіне дзейнічаюць Мінскае гарбарнае вытворчае аб’яднанне, Магілёўскі гарбарны завод, Гродзенскае вытворчае гарбарнае аб’яднанне, Бабруйскі гарбарны камбінат, Пінскі завод штучных скур, шэраг меншых прадпрыемстваў. У 1996 выпушчана 426,9 млн. дм² верхніх скуртавараў (найбольш у 1991 — 992,4 млн. дм²), з іх 381,1 млн. дм² хрому, 45,8 млн. дм² юхту і 16 млн. дм² цвёрдых скуртавараў.

В.​М.​Логвінка.

Да арт. Гарбарная прамысловасць. У скурсыравінным цэху гарбарнага завода ў пас. Гатава Мінскага раёна.

т. 5, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́ННЕНСКІ РАЁН.

Размешчаны на ПдУ Віцебскай вобл. Утвораны 17.7.1924. Пл. 2 тыс. км². Нас. 33,4 тыс. чал. (2001), гарадскога 37,4%. Сярэдняя шчыльн. 17 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Сянно. Уключае г.п. Багушэўск, 334 сельскія населеныя пункты, Багушэўскі пасялковы Савет, 12 сельсаветаў: Алексініцкі, Багданаўскі, Багушэўскі, Беліцкі, Какоўчынскі, Машканскі, Нямойтаўскі, Обальскі, Расненскі, Студзёнкаўскі, Ульянавіцкі, Ходцаўскі.

Тэр. раёна знаходзіцца пераважна ў межах Чашніцкай раўніны, на Пд — Аршанскага ўзвышша, на крайнім У — Лучоскай нізіны. Паверхня ў паўд. ч. ўзгорыста-платопадобная, астатняя раўнінная, з асобнымі ўчасткамі камаў і озаў, 80% яе знаходзіцца на выш. 150—200 м, найвыш. пункт 255 м (на Пд раёна). Карысныя выкапні: торф, пясчана-жвіровы матэрыял, гліна і суглінкі, пяскі. Сярэдняя т-ра студз. -7,5 °C, ліп. 17,8 °C. Ападкаў 592 мм за год. Вегетац. перыяд 185 сут. Найб. рэкі Абалянка, Серакаратнянка (прытокі Лучосы) і Бярозка з Крывінкай. Найб. азёры Сянно, Бярозаўскае, Серакаротня, Кічына, Багданаўскае, Ліпна, Вял. Святое, Сосна, Ходцы. Пераважаюць глебы с.-г. угоддзяў: дзярнова-падзолістыя (57,8%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (19,8%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (11,5%). Пад лесам 33% тэр. раёна. Лясы пераважна хваёвыя, бярозавыя, яловыя, шэраальховыя, чорнаальховыя, асінавыя; трапляюцца дубовыя, ясянёвыя, кляновыя. Каля 10% штучныя хваёвыя і яловыя насаджэнні. Адметныя лясныя масівы: Цёмная пушча, Абалянская лясная дача, Канеўская дача, Сенненская пушча, Казённік, Купаваць, Іванькаўская пушча, Бор, Барок. Балоты займаюць 8% тэрыторыі, найб. масівы: Мох-Ніжняя Крывіна, Хабоціна-Бярозка, Капланскі Мох, Замашанскі Мох, Рудзецкае. На тэр. раёна ахоўныя тарфянікі: Зады, Мацькова, Расненскі Мох, Роў, Чысты Мох, Чысцік і Чысцік 1-ы. Помнікі прыроды рэсп. значэння: валуны «Клін» каля в. Арляны, «Пярун» каля в. Расходна, «Чортаў камень» каля в. Забор’е і «Чортаў камень» («Кравец») каля в. Вароніна; дуб і елка «Партызанскія» ў Скрыдлеўскім лясніцтве. Помнікі прыроды мясц. значэння: крыніцы Каплічка і Пясчанка ў г. Сянно.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 73,5 тыс. га, з іх асушаных 27,5 тыс. га. На 1.1.2002 у раёне 21 калгас, 3 рэспубліканскія і 5 камунальных с.-г. прадпрыемстваў, 27 фермерскіх гаспадарак. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, ільнаводстве, вырошчванні збожжавых і кармавых культур, бульбы. Прадпрыемствы харч. (спірт, сухое абястлушчанае малако, масла сметанковае), першаснай апрацоўкі лёну (ільновалакно), дрэваапр. (мэбля), кааператыўнай (хлеба-булачныя і каўбасныя вырабы, безалкагольныя напіткі) прам-сці, вытв-сць кармавых дабавак (кармавы лізін), лясгас. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі Орша — Віцебск, Орша — Лепель; аўтадарогі Віцебск — Орша, Орша — Лепель, Віцебск — Талачын; нафтаправод «Дружба». У раёне 17 сярэдніх, 11 базавых, у т. л. 2 школы-інтэрнаты і школа-садок, 12 пачатковых, у т. л. 2 шкалы-садкі, 1 спарт., 1 муз. школы, 2 дзіцячыя школы мастацтваў, цэнтры дзіцячай творчасці і пазашкольнай працы, 15 дашкольных устаноў, 29 клубаў і 12 дамоў культуры, Дом рамёстваў, 45 б-к, 7 бальніц, 2 паліклінікі, амбулаторыя, 25 фельч.-ак. пунктаў, дзіцячы санаторый. Краязнаўчы музей. Помнікі архітэктуры: паштовая станцыя (канец 1840-х г.) каля в. Паграбёнка на аўтамагістралі Кіеў — С.-Пецярбург; сядзіба з пейзажным паркам, сажалкай і гасп. зонай (2-я пал. 19 ст.) у в. Старая Беліца, дзе ў 1903—04 жыў і працаваў Я.​Купала. Выдаецца газ. «Голас Сенненшчыны».

Р.​Р.​Паўлавец, С.​В.​Шайко.

т. 14, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,

адна з найбуйнейшых наступальных аперацый Сав. Арміі ў Вял. Айч. вайну (кодавая назва «Баграціён»). Праведзена 23.6—29.8.1944. Задача аперацыі — разграміць ням. групу армій «Цэнтр», вызваліць Беларусь, пачаць вызваленне Літвы і Польшчы. Мела на мэце прарваць абарону праціўніка на 6 участках Віцебскага, Аршанскага, Магілёўскага і Бабруйскага напрамкаў, расчляніць яго войскі і разбіць іх паасобку. На пач. аперацыі фронт на Беларусі праходзіў па лініі воз. Нешчарда, на У ад Полацка, Віцебска, Оршы, Магілёва, Жлобіна, далей па р. Прыпяць да Ковеля, утвараючы т.зв. Беларускі выступ, даўж. больш за 1100 км. На тэр. Беларусі вораг стварыў глыбокаэшаланіраваную абарону (умоўная назва «Фатэрлянд»), якую ўтрымлівала група армій «Цэнтр» (ген.-фельдмаршал Э.​Буш, з 28 чэрв. В.​Модэль) у складзе армій: 3-й танк., 2, 4, 9-й палявых, 16-й з групы армій «Поўнач»; злучэнняў 4-й танк. арміі з групы армій «Паўн. Украіна» — усяго 63 дывізіі, 3 брыгады (1,2 млн. чал., 9,5 тыс. гарматаў і мінамётаў, 900 танкаў і штурмавых гарматаў), 6-ы, частка сіл 1-га і 2-га паветр. флотаў (1350 самалётаў). На разгром ворага Вярх. Галоўнакамандаванне вылучыла франты: 1-ы Прыбалт. (ген. Арміі І.​Х.​Баграмян), 1-ы (Маршал Сав. Саюза К.​К.​Ракасоўскі), 2-і (ген. арміі Г.​Ф.​Захараў), 3-і (ген. арміі І.​Д.​Чарняхоўскі) Бел. франты — усяго 17 армій, у т. л. 1 танк. і 3 паветр., 4 танк. і 2 кав. корпусы, конна-механіз. група, Дняпроўская ваенная флатылія; усяго 2,4 млн. чал., больш за 36 тыс. гарматаў і мінамётаў, 5200 танкаў і самаходных артыл. установак, каля 5,3 тыс. самалётаў, а таксама прыцягваліся авіяцыя далёкага дзеяння (маршал авіяцыі А.​Я.​Галаванаў) і авіяцыя проціпаветр. абароны. Дзеянні франтоў каардынавалі Маршалы Сав. Саюза А.​М.​Васілеўскі (1-ы Прыбалт. і 3-і Бел. франты), Г.​К.​Жукаў (2-і і 1-ы Бел. франты). З войскамі ўзаемадзейнічалі бел. партызаны і падпольшчыкі, якія напярэдадні Беларускай аперацыі пачалі масавае разбурэнне чыг. камунікацый ворага метадамі «рэйкавай вайны». Пры штабах франтоў былі створаны аператыўныя групы БШПР для каардынацыі партыз. сіл з войскамі. Аперацыя падзялялася на 2 этапы. На 1-м (23 чэрв. — 4 ліп. 1944) праведзены Віцебска-Аршанская, Магілёўская, Бабруйская, Полацкая, Мінская аперацыі (гл. адпаведныя арт.). З раніцы 23 чэрв. гал. сілы 2-га Прыбалт., 2-га і 3-га Бел. франтоў перайшлі ў наступленне на Віцебскім (гл. Віцебскі «кацёл»), Аршанскім і Магілёўскім напрамках. 24 чэрв. пачалі наступаць войскі 1-га Бел. фронту на Бабруйскім напрамку (гл. Бабруйскі «кацёл»). 29 чэрв 1-ы Прыбалт. фронт пачаў наступленне на Полацк і Глыбокае, 1, 2 і 3-і бел. франты — на сустрэчных напрамках на Мінск (гл. Мінскі «кацёл»). У выніку 1-га этапу Беларускай аперацыі былі разбіты гал. сілы групы армій «Цэнтр», утварыўся 400-кіламетровы пралом у цэнтры сав.-герм. фронту і сав. войскі атрымалі магчымасць імкліва наступаць на З; вызвалены Віцебск, Талачын, Орша, Лепель, Магілёў, Бабруйск, Барысаў, Вілейка, Слуцк, Стоўбцы, Нясвіж, Мінск, Полацк. На 2-м этапе (5 ліп. — 29 жн.) праведзены Вільнюская, Беластоцкая, Люблін-Брэсцкая, Шаўляйская, Каўнаская аперацыі (гл. адпаведныя арт.); вызвалены Смаргонь, Маладзечна, Баранавічы, Навагрудак, Ліда, Слонім, Ваўкавыск, Пінск, Гродна. У ходзе аперацыі партызаны пераразалі шляхі адступлення праціўніку, захоплівалі і будавалі новыя масты і пераправы да падыходу Сав. Арміі, вызвалілі шэраг раённых цэнтраў, удзельнічалі ў ліквідацыі акружаных груповак праціўніка; падпольшчыкі перадавалі сав. камандаванню звесткі пра абарону праціўніка, паказвалі замініраваныя палі і будынкі, удзельнічалі ў баях. 28 ліп. вызваленнем Брэста закончана выгнанне ням. фашыстаў з тэр. Беларусі. У выніку Беларускай аперацыі поўнасцю вызвалена Беларусь, большая ч. Літвы, ч. Латвіі, усх. раёнаў Польшчы, разгромлены 17 дывізій і 3 брыгады праціўніка, сав. войскі страцілі 765 815 салдатаў і афіцэраў, з іх 178 507 загінулі. Стварыліся ўмовы для далейшага наступлення Чырв. Арміі на тэр. Германіі. За ўдзел у Белрускай аперацыі больш як 1500 генералам, афіцэрам і салдатам прысвоена званне Героя Сав. Саюза, больш за 600 вайск. часцей і злучэнняў атрымалі ганаровыя найменні па назвах нас. пунктаў, пры вызваленні якіх яны вызначыліся. У гонар аперацыі на 21-м км ад Мінска на шашы Мінск—Масква насыпаны курган Славы.

Літ.:

Акалович Н.М. Освобождение Белоруссии: Люди, подвиги. Мн., 1985;

Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945: Энцыкл. Мн., 1990;

Всенародная борьба в Белоруссии против немецко-фашистских захватчиков в годы Великой Отечественной войны. Т. 3. Мн., 1985;

Освобождение Белоруссии, 1944. 2 изд. М., 1974;

Тимохович И.В. Битва за Белоруссию, 1941—1944. Мн., 1994;

Лемяшонак У.І. Вызваленне — без грыфа «Сакрэтна!». Мн., 1996.

У.​І.​Лемяшонак.

Да арт. Беларуская аперацыя 1944. Маршал Савецкага Саюза А.​М.​Васілеўскі і маршал бранятанкавых войскаў П.​А.​Ротмістраў на пераправе цераз Бярэзіну.

т. 2, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)