ЦЯЦЕ́РЫН,

вёска ў Круглянскім р-не Магілёўскай вобл., на паўд. беразе Цяцерынскага вадасховішча, каля аўтадарогі Бялынічы—Шклоў. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 9 км на Пд ад г.п. Круглае, 65 км ад Магілёва, 31 км ад чыг. ст. Талачын. 482 ж., 195 двароў (2003). ГЭС. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, паліклініка, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

Упершыню ўпамінаецца ў «Спісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх» не раней 1387 і не пазней 1406 (паводле датавання М.​М.​Ціхамірава). У 1430 згадваецца ў акце ўзвядзення Свідрыгайлы на трон ВКЛ. У 1501 аддадзена вял. кн. ВКЛ і польскім каралём Аляксандрам у пажыццёвае ўладанне сваёй жонцы Алене Іванаўне. У сярэдзіне 16 ст. ў Аршанскім пав., прыватнаўладальніцкае мястэчка. З 1577 цэнтр маёнтка. З 1772 у Рас. імперыі, уладанне графа Салтыкова. У 1848 у Магілёўскім пав., 541 ж., 66 двароў, уласнасць памешчыка. У 1860—416 ж., 78 двароў, 3 царквы, яўр. малітоўны дом, бровар. У 1864 адкрыта школа, якая ў 1884 пераўтворана ў нар. вучылішча. У 1897—593 ж., 94 двары, пошта, крэдытнае т-ва, фельчарска-акушэрскі пункт, нар. і рамеснае вучылішчы, царк.-прыходская школа, царква, сінагога, крама. У 1926—658 ж., 148 двароў. З 1928 вёска. У 1924—31, 1935—59 і з 1966 у Круглянскім, у 1931—35 і ў 1959—66 у Бялыніцкім р-нах. У Вял. Айч. вайну ням. фашысты спалілі 119 двароў, загубілі 188 жыхароў. У 1956 пабудавана гідраэлектрастанцыя Каля Ц. гарадзішча жал. веку.

А.​Г.​Шчарбатаў (гісторыя).

т. 17, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)