горад, цэнтр Сенненскага р-на Віцебскай вобл., на беразе воз. Сянно. Вузел аўтадарог на Багушэўск, Чашнікі, Бешанковічы, Талачын. За 56 км на ПдЗ ад Віцебска. 8,9 тыс.ж. (2001).
У пісьмовых крыніцах упершыню ўпамінаецца ў 1534. У розны час належала Дз.Відуніцкаму-Любецкаму, Сапегам, Агінскім, Курчам, Серакоўскаму і інш. У 1595 згадваецца маёнтак, замак і мястэчка С. з «цэрквамі і іх фундушамі». З 1772 С. ў складзе Рас. імперыі, горад (1773), цэнтр Сенненскага павета (з 1773) Магілёўскай губерні (у 1773—77 і з 1802), намесніцтва (1778—96), Бел. губерні (1796—1802). У 1781 зацверджаны герб: у зялёным полі дзве скрыжаваныя залатыя касы (у знак багацця сенам). У 1897 у С. 4061 ж. (з іх 39,9% пісьменных). У пач. 20 ст. было 4367 ж., 543 дамы, 54 рамесныя прадпрыемствы (у 1907), натарыяльная кантора, 4 страхавыя агенты, паштовая кантора, тэлеграф, друкарня, фатаграфія, 10 заезных дамоў, 82 крамы, 6 корчмаў; адбывалася 6 кірмашоў у год; працавалі гар. вучылішча, 4-класная жаночая прагімназія, З б-кі, 2 бальніцы, аптэка. З 1919 С. ў складзе Віцебскай губ. РСФСР. З 1924 у складзе БССР, з 17.7.1924 цэнтр Сенненскага раёна Віцебскай акр., з 1938 — Віцебскай вобл. У 1939 у С. 4,3 тыс.ж., ільнозавод, заатэхнікум, бальніца, гасцініца, кінатэатр, лазня. У Вял.Айч. вайну з ліп. 1941 да 25.6.1944 С. акупіравана ням. фашыстамі, якія загубілі ў С. і раёне 3104 чал. Дзейнічала Сенненскае патрыятычнае падполле, у 1942—44 існавала Сенненска-Аршанская партыз. зона. 5,4 тыс.ж. у 1959, 5,2 тыс.ж. у 1970.
Працуюць: з-д сухога абястлушчанага малака, ільнозавод, 3 буд. арганізацыі, камбінат каап. прам-сці, дарожнае рамонтна-буд. ўпраўленне; 2 сярэднія школы, школа-інтэрнат, дзіцячая юнацка-спарт. школа, дзіцячая школа мастацтваў, Сенненскі краязнаўчы музей, 2 б-кі, бальніца, паліклініка, аптэка. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Каля С. гарадзішча жал. веку (мясц. назва Гарадок).