старажытны горад Полацкай зямлі. Знаходзіўся каля сучаснай в. Друцк Талачынскага р-на Віцебскай вобл. Узнік на высокім правым беразе р. Друць на адным з адгалінаванняў шляху«з варагаў у грэкі». Паводле сведчання Друцкага евангелля 14 ст., існаваў ужо ў канцы 10 ст. У летапісах упершыню ўпамінаецца пад 1092. З 1-й пал. 12 ст. цэнтр Друцкага княства, якім валодалі нашчадкі полацкага кн. Усяслава Брачыславіча. У 1116 разбураны войскамі паўд.-рус. князёў. З 1180 уцягнуты ў барацьбу смаленскіх князёў з чарнігаўскімі. Найб. росквіту дасягнуў у 1230—40-я г. З 13 ст. ў складзе ВКЛ. З 14 ст. існаваў Друцкі замак.
Новы прамы шлях з Вільні ў Маскву праз Талачын паскорыў заняпад Д.
Дзядзінец стараж. Д. (пл. каля 1 га) быў умацаваны валам і ровам. З Пн да дзядзінца прымыкаў вакольны горад, умацаваны таксама валам і ровам. На абодвух валах знаходзіліся вежы з сістэмай двайных брам і сцены-гародні. За сценамі горада размяшчаўся неўмацаваны пасад. Археал. раскопкі Д. праводзілі ў 1930 А.Дз.Каваленя, у 1956—62, 1965, 1967 Л.В.Аляксееў.