КАЖЭ́ЎНІКАЎ (Вадзім Міхайлавіч) (22.4.1909, с; Нарым Парабельскага р-на Томскай вобл., Расія — 20.10.1984),
рускі пісьменнік. Герой Сац. Працы (1974). Скончыў Маскоўскі ун-т (1933). У Айч. вайну журналіст, удзельнік вызвалення Беларусі. З 1949 гал. рэдактар час. «Знамя». Друкаваўся з 1928. Аўтар зб-каў апавяданняў «Начная размова» (1939), «Апавяданні пра вайну» (1942), «Любімыя таварышы» (1943), «Дарогамі вайны» (1955), «Дрэва жыцця» (1977); аповесцей «Стэпавы паход» (1939), «Знаёмцеся, Балуеў!» (1960), «Пётр Рабінкін» (1968), «Асобае падраздзяленне» (1969, за дзве апошнія Дзярж. прэмія СССР 1971); раманаў «Зары насустрач» (кн. 1—2, 1956—57, пра рэв. рух у Сібіры), «У поўдзень на сонечным баку» (1973), «Карані і крона» (1981—82). Раман «Шчыт і меч» (1965, паст; Бел. т-рам імя Я.Коласа 1967) пра сав. разведчыкаў. Пісаў п’есы, нарысы, кінасцэнарыі. Неаднаразова наведваў Беларусь. Аўтар нарыса «Кірыл Арлоўскі», артыкулаў пра бел. л-ру. На бел. мову паасобныя творы К. пераклалі А.Кудравец, Г.Шаранговіч.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—6. М., 1968—71;
Собр. соч.Т. 1—9. М., 1985—88;
Бел.пер. — у кн.: Аб кані і конніку. Мн., 1936;
Рускае савецкае апавяданне. Мн., 1988. Т. 1.
Літ.:
Леонов Б.А. Вадим Кожевников: Очерк жизни и творчества. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЎТУН (сапр.Новік) Валянціна Міхайлаўна
(н. 6.4.1946, в. Дземяхі Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл.),
бел. паэтэса. Канд.філал.н. (1979). Скончыла БДУ (1969). Настаўнічала на Гродзеншчыне, працавала ў «Сельской газете», выд-ве «Юнацтва», у 1979—81 і з 1990 у час. «Полымя». Друкуецца з 1966. У паэт. зб-ках «Каляровыя вёслы» (1971), «На ўзлёце дня» (1977), «Метраном» (1985; Літ. прэмія імя А.Куляшова 1986), «Лісты да цябе» (1988) размова пра час і сваё пакаленне, людзей вёскі і іх праблемы. Сутнасць яе лірыкі — маральна-этычныя ўзаемаадносіны ў грамадстве, сувязь з духоўнымі традыцыямі народа. Многія творы пабудаваны на фалькл. сюжэтах. Адна з важных тэм яе творчасці — асэнсаванне значнасці асобы бел. паэтэсы Цёткі (А.Пашкевіч), якой прысвечаны паэмы «На зломе маланкі» (1979), «Суд Алаізы» (1985). Аўтар паэт. зб-каў для дзяцей «Мы робім казку» (1983), «Вясёлы заасад» (1986), кн. апавяданняў «Калінавая гронка залатая» (1988), артыкулаў па пытаннях фальклору ў сучаснай бел. паэзіі, перакладаў з рус. і ўкр. моў. Прэзідэнт Усебел. жаночага фонду св. Ефрасінні Полацкай (з 1993).
Тв.:
Святло народнага слова: Паэтычны лад бел.нар. песні. Мн., 1984;
Крыніца паэзіі: На шляхах эпізацыі: Кн. для настаўніка. Мн., 1987;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЖДЗЕ́СТВЕНСКІ (Роберт Іванавіч) (20.6.1932, с. Касіха Троіцкага р-на Алтайскага краю, Расія — 20.8.1994),
рускі паэт. Скончыў Літ.ін-т імя М.Горкага ў Маскве (1956). Друкаваўся з 1950. Першая кніга — «Сцягі вясны» (1955). У паэт. зб-ках «Выпрабаванне» (1956), «Равесніку» (1962), «Радыус дзеяння» (1965), «Сын Веры» (1966), «Усур’ёз» (1970), «Радар сэрца» (1971), «Голас горада» (1977), «Гэты час» (1983), «Узрост» (1988) і інш. тэма вернасці загінуўшым у Вял.Айч. вайну, роздум над сэнсам жыцця, лірыка кахання. Паэма «Рэквіем» (1961, музыка Дз.Кабалеўскага) прысвечана памяці тых, хто загінуў у Вял.Айч. вайну. «Ліст у трыццатае стагоддзе» (1963) — своеасаблівая размова з нашчадкамі. Аўтар «Паэмы пра розныя пункты погляду» (1967), паэмы «Чаканне» (1982), кн. падарожных публіцыст. нарысаў «І не заканчваецца зямля...» (1971) і інш. За кнігу «Голас горада» і паэму «210 крокаў» (1978). Дзярж. прэмія СССР 1979. Многія яго вершы пакладзены на музыку. На бел. мову асобныя вершы Р. пераклалі Г.Бураўкін, І.Калеснік, В.Макарэвіч, М.Танк, В.Шыханцоў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКІЯ ДРУКА́РНІ 16 ст. Дзейнічалі ў 1550—70-я г. ў Брэсце. Мецэнатам большасці з іх быў канцлер ВКЛ, ваявода віленскі і староста берасцейскі М.Радзівіл Чорны. Узнікненню друкарняў садзейнічаў уздым у культ. развіцці Беларусі, пашырэнне міжнар. сувязяў і ўплыў Рэфармацыі. У ліку друкароў-кнігавыдаўцоў Б.Ваяводка (1553—54), С.Мармеліус (1558—60-я г.), Ц.Базылік (1560—70-я г.). Першыя кнігі, выдадзеныя Ваяводкам, адпавядалі патрэбам рэфармацыйнага руху: Вялікі і Малы Катэхізісы, перакладныя тэалагічныя творы Крыштофа Імлера і Урбана Рэгіуса. З выданняў Мармеліуса вядомы: «Два пасланні» (1559), «Гісторыя пра папу Іаана VIII, які быў жанчынай» (1560), «Артыкулы права магдэбургскага» Б.Граіцкага (1560) і інш. Выйшлі выданні і без упамінання друкара: «Брэсцкая біблія» (1563); сатыр. паэма «Пратэй, або Пярэварацень» (1564), «Размова паляка з ліцвінам» (каля 1564). Найб. росквіту кнігадрукаванне ў Брэсце дасягнула пад кіраўніцтвам Базыліка. У гэты час надрукавана больш за 40 выданняў рознага зместу на польск. і лац. мовах, у якіх адлюстраваны духоўныя і ідэйныя сувязі прагрэс. дзеячаў бел., літ. і польск. культур, белетрыстычныя, гіст., паліт. працы. Выдаўцы Б.д. адрасавалі значную частку сваіх кніг «простым», «посполитым» чытачам. У іх афармленні шырока выкарыстоўвалася рэнесансавая графіка, наборныя арнаменты, гатычныя шрыфты, застаўкі, канцоўкі, фігурныя ксілаграфіі, адчуваецца сувязь з кніжным мастацтвам Польшчы і краін паўночнаеўрап. Адраджэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАРЫ́НКІН (Уладзімір Максімавіч) (н. 7.6.1939, г. Віцебск),
бел. паэт і перакладчык. Скончыў Рыжскі ін-т інжынераў грамадз. авіяцыі (1961). З 1961 працаваў у Мінскім аэрапорце, з 1970 у Бел. упраўленні грамадз. авіяцыі, у 1982—87 і 1992—99 у Саюзе бел. пісьменнікаў. Друкуецца з 1955. Першы зб. вершаў «Буслы над аэрадромам» (1969). Аўтар вянка санетаў «Вачэй тваіх паляны» (1980), паэм «Дарога ў неба» (1970), «Насустрач веку» (1971), «Сляпы дождж» (1974), «Высокае сонца» (1976), «Узнясенне» (1983), «Астральны знак Скарыны» (1986). Асн. тэмы яго твораў — маленства, апаленае вайной, любоў да роднай зямлі, яе гісторыі, роздум над складанымі праблемамі сучаснасці, пытанні духоўнасці. Піша для дзяцей (кнігі вершаў, скорагаворак і казак «Канікулярная ангіна», 1991; «Падарожжа ў Крайшарад», 1997; фантаст.-прыгодніцкія апавяданні «У карэце па белым свеце», 2000). На бел. мову пераклаў зб-кі вершаў М.Рубцова «Рускі агеньчык» (1986), М.Вінграноўскага «Украінскі прэлюд» (1999), паэму Дантэ «Боская камедыя» (1997, Нац. прэмія Італіі 1998; Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Купалы 2000), паэму Дж.Байрана «Прароцтва Дантэ».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІДРО́ ((Diderot) Дэні) (5.10.1713, г. Лангр, Францыя — 31.7.1784),
французскі філосаф-асветнік, пісьменнік, тэарэтык мастацтва. Заснавальнік і рэдактар «Энцыклапедыі, або Тлумачальнага слоўніка навук, мастацтваў і рамёстваў» (т. 1—35; 1751—80). У філас. творах «Думкі пра тлумачэнне прыроды» (нап. 1754), «Размова Д’Аламбера з Дзідро» (нап. 1769, выд. 1830), «Філасофскія асновы матэрыі і руху» (нап. 1770) сцвярджаў адзінства матэрыі і руху, падкрэсліваў дыялект. ўзаемасувязь і вечную зменлівасць прыродных формаў; з узаемадзеяння элементаў матэрыі, якія з’яўляюцца носьбітамі адчуванняў, узнікае мысленне, адзіная свядомасць чалавецтва і сусвету. У паліт. сферы Дз. абапіраўся на тэорыю «грамадскага дагавору», выступаў супраць саслоўнай няроўнасці і дэспатызму, надзеі на стварэнне справядлівага грамадскага ладу звязваў з асвечаным манархам, пазней схіляўся да рэсп. формы праўлення.
У галіне этыкі быў адным са стваральнікаў тэорыі «разумнага эгаізму», лічыў сябелюбства найважнейшым матывам паводзін людзей. Як тэарэтык эстэтыкі сутнасць прыгожага выводзіў з суадносін індывід. пачуццёвага вопыту і логікі розуму. У тэорыі мастацтва гал. лічыў прынцып натуральнасці, «праўды натуры», дзе ідэалам выступае жывая прырода, абараняў ідэі адзінства дабра і прыгажосці. Асн. творы, у якіх выказаны эстэт. погляды Дз.: «Трактат аб прыгожым» (1751), «Салоны» (нап. 1759—81), «Вопыт аб жывапісе» (1765), «Парадокс пра акцёра» (нап. 1773—78). Аўтар маст. твораў: «Манашка» (нап. 1760, выд. 1796), «Пляменнік Рамо» (1762—79, на ням. мове ў пер. І.В.Гётэ ў 1805, на франц. 1823), «Жак-фаталіст і яго гаспадар» (1773, выд. на ням. мове 1792, на франц. 1796).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫ́ЗНА (Уладзімір Іванавіч) (н. 25.5.1938, в. Закружка Мінскага р-на),
бел.паэт. Скончыў БДУ (1961). Настаўнічаў на Браслаўшчыне (Віцебская вобл.), працаваў на Бел. радыё, у час. «Полымя», з 1981 у выд-ве «Юнацтва». Друкуецца з 1956. Аўтар больш за 20 паэт. зб-каў, у т. л. «Край мой сінявокі» (1963), «Жураўліны досвітак» (1969), «Святло ліўня» (1972), «Цеплыня» (1977), «Цішыня баразны» (1981), «Шумяць вербы...» (1982), «Музыка ў свеце» (1985), «Расколіна на Звоне Свабоды» (1986), «Душы разгуканай мелодыя» (1988), «Азёры дабрыні» (1995), кніг для дзяцей «На сяле ў бабулі» (1975), «Кыонг і яго сябры» (1982), «Зямля — два паўшар’і» (1988), «Мір і сонейка — для ўсіх» (1990), «Хітры і мудры» (1994), «Насціна кніжка» (1995), «Іграй, жалейка, не змаўкай...» (1998). Тэмы яго твораў — памяць мінулай вайны, любоў да роднага краю, жыццё і праца, шчасце, радасць і паўсядзённы клопат сучасніка. Шматлікія яго вершы пакладзены на музыку бел. кампазітарамі У.Буднікам, Я.Глебавым, Э.Зарыцкім, І.Лучанком, Ю.Семянякам, Л.Захлеўным, У.У.Карызнам і інш., найб. папулярныя з іх увайшлі ў зб-кі песень «Клубныя вечары» (1979), «Люблю цябе, Белая Русь» (1984), «Салавей спявае» (1990), «Гэта наша Радзіма» (1998). Уражанні ад наведвання В’етнама і ЗША — у аснове цыкла публіцыстычных твораў (паэма «Размова наросцяж», вершы). Творчасць К. адметная выразнасцю мовы. меладычнасцю, рытміка-інтанацыйным багаццем. Перакладае з укр., літ. і інш. моў. Дзярж. прэмія Беларусі 1996.
Літ.:
Гніламёдаў У. Упоравень з векам. Мн., 1976. С. 97—99.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКСІ́М ГРЭК (сапр.Трыволіс Міхаіл; каля 1470, г. Арта, Грэцыя — 12.12.1555),
пісьменнік-публіцыст, перакладчык, багаслоў. Адукацыю атрымаў у Фларэнцыі. Пастрыгся ў манахі і жыў на Афоне, адкуль у 1516 па запрашэнні вял.кн. Васіля III прыбыў у Маскву для выпраўлення і перакладу грэч. кніг. За збліжэнне з царк. апазіцыяй асуджаны на саборах 1525 і 1531, у 1525—51 вязень манастырскіх турмаў. Яго літ. спадчына — «словы», публіцыстычныя артыкулы, пропаведзі, філас. і багаслоўскія разважанні, пераклады. Яны вызначаюцца вобразным выкладаннем і эмацыянальнасцю стылю, іх мова кніжная, са складанымі сінтакс. зваротамі. Выступаў супраць хцівасці, бязлітаснасці і багацця царк. феадалаў («Аповесць страшная і варта памяці і пра дасканалае манаскае пражыванне», «Слова, якое падрабязней выкладае, з жалем, беспарадкі і бясчынствы цароў і ўлад апошняга жыція», «Размова розуму з душою», «Слова пра пакаянне» і інш.). Аўтар прац па фанетыцы («Пра грэчаскія галосныя і зычныя, пра склады, пра надрадковыя знакі грэчаскія і славянскія»), прасодыі («Аб прасодыі»), граматыцы. Яго праца «Тлумачэнні імёнам па алфавіце» — гал. крыніца для больш позніх рус.азбукоўнікаў. Творы М.Г. былі шырока вядомы на Беларусі. «Канон малебен...» уваходзіў у кнігу Фікарыя «Вертаград душэўны» (Вільня, 1620). «Слова на лацінаў» і «Пахвальнае слова да святых апосталаў Пятра і Паўла» выдадзены ў Магілёве (1625). Кананізаваны Рус. праваслаўнай царквою (1988).
Літ.:
Иванов А.И. Литературное наследие Максима Грека. Л., 1969;
Громов М.Н. Максим Грек. М., 1983;
Александропулос М. Сцены из жизни Максима Грека: Пер. с греч. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРО́КІН (Валянцін Васілевіч) (н. 25.7.1936, хутар Авашл, Башкортастан),
рускі паэт. Скончыў Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1965). З 1965 у час. «Волга» (г. Саратаў), з 1967 у час. «Молодая гвардия», у 1971—81 гал. рэдактар выд-ва «Современник», з 1983 прарэктар Літ. ін-та імя М.Горкага, Вышэйшых літ. курсаў у Маскве. Першая кніга паэзіі — «Мара» (1960). У зб-ках вершаў і паэм «Я не ведаю спакою» (1962), «Размова з каханай» (1968), «Блакітныя перавалы» (1970), «За жураўліным голасам» (1972), «Барвовыя салаўі» (1976), «Хачу быць ветрам» (1982, Дзярж. прэмія Расіі 1986), «Нас двое» (1987), «Абяцанне» (1989) і інш. — лёс Расіі і славян, айч. гісторыя; тэмы народ і герой, народ і паэт, творца і час, творца і радзіма, лірыка кахання. У кн. артыкулаў-роздумаў, нарысаў-апавяданняў «Падзяка: Паэт пра паэтаў» (1986) С. праз творчыя лёсы блізкіх яму паэтаў паказвае і свой лёс. Аўтар цыкла вершаў «Славянскія матывы», прысвечанага Беларусі. Перакладае на рус. мову вершы Р.Барадуліна, В.Зуёнка, Г.Пашкова, А.Пысіна і інш. Сакратар Міжнар. згуртавання пісьменніцкіх саюзаў (з 2000). Міжнар. прэмія імя М.Шолахава 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРЭ́ЕНКА (Кастусь) (Канстанцін Ціханавіч; 12.12.1918, в. Гайшын Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл. — 15.9.1988),
бел. пісьменнік. Засл. дз. культ. Беларусі (1970). Скончыў Гомельскі пед.ін-т (1940). Працаваў у час. «Беларусь» (1945—62), з 1962 гал. рэдактар час. «Бярозка», у 1972—86 — час. «Полымя». Друкаваўся з 1939. Паэзія К. непарыўна звязана з лёсам свайго пакалення, якое прайшло праз выпрабаванні вайной (зб. «Ранак ідзе», 1945). Тонкая настраёвасць і лірызм у ёй спалучаюцца з узнёслым пачуццём любові да роднай зямлі, са свежасцю і багаццем адценняў перажыванняў: зб-кі «Пасля навальніцы» (1947), «Мая рэспубліка» (1949), «Маякі», «Родны свет» (абодва 1952), «Любоў і дружба» (1955), «Светлая хваля» (1959). Творы больш позняга часу вызначаюцца схільнасцю да абагульненняў, філас. разважанняў над праблемамі часу: кн. «Смага» (1962, Літ. прэмія імя Я.Купалы 1964), «Цёплая радуга» (1966), «Кніга ста песень» (1971, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Купалы 1972), «Слухайце ластавак» (1974), «Сіні вырай» (1976), «Вёсны веснаваць» (1979), «Дэкрэтам сэрца» (1983), «Калыска вятроў», «Надзея» (абедзве 1985), ліра-эпічная паэма «Трыпутнік» (1976). Аўтар кніг аповесцей і апавяданняў «Ручаіны шукаюць ракі» (1967), «Вандроўнае шчасце. Рыбацкая паэма» (1988), публіцыстыкі «Амерыка здалёку і зблізку» (1971), успамінаў і эсэ «Заўсёды з Радзімай» (1980). Пісаў для дзяцей: паэма «Алёнчына школа» (1951), зб-кі вершаў і паэм «Зялёнае рэха» (1953), «Прысяга» (1969), «Размова з капітанам» (1987), апавяданняў «Алесева кніжка» (1972). На вершы К. напісалі песні М.Аладаў, У.Алоўнікаў, У.Буднік, Ю.Семяняка, С.Палонскі і інш. Перакладаў творы рус., укр., малд., лат. і інш. пісьменнікаў.
Тв.:
Зб. твораў. Т. 1—3. Мн., 1986—88.
Літ.:
Гніламёдаў У. Упоравень з векам. Мн., 1976. С. 196—213;
Гурская А. Адказнасць перад часам: Нарыс творчасці К.Кірэенкі. Мн., 1986.