ТРАДЗЬЯКО́ЎСКІ Васіль Кірылавіч (5.3.1703, г. Астрахань, Расія — 17.8.1768),
рускі пісьменнік, філолаг. Вучыўся ў Славяна-грэка-лац. акадэміі (Масква, 1723—26), Сарбоне (1727—30). У 1732—59 перакладчык у Пецярбургскай АН (з 1745 акад.). Пераклаў раманы П.Тальмана «Паездка ў востраў Кахання» (1730; дадаў да яго свае любоўныя вершы, напісаныя мовай, блізкай да размоўнай), Д.Барклея «Аргеніда» (1751), рус. гекзаметрам раман Ф.Фенелона «Прыгоды Тэлемака» («Тылемахіда», 1766). У трактаце «Новы і кароткі спосаб да складання расійскіх вершаў» (1735) прапанаваў новы прынцып арганізацыі рус. верша — сілаба-танічнае вершаскладанне, у зб. «Творы і пераклады як вершамі так і прозай» (т. 1—2, 1752) выклаў сваю тэорыю перакладу. Аўтар філас. паэмы «Феоптыя» (нап. 1753, выд. 1963), даследавання «Аб старажытным, сярэднім і новым вершаскладанні расійскім» (1755). Яго праца «Размова пра артаграфію» (1748) — першая рас. спроба вывучэння фанет. ладу мовы. Пераклаў «Старажытную гісторыю» Ш.Ралена (т. 1—10, 1749—62), «Рымскую гісторыю» (т. 1—16, 1761—67) і інш. Пісаў драмы, оды, байкі, эпіграмы. На бел. мову яго байку «Фанабэрысты сабака» пераклаў Э.Валасевіч.
Тв.:
Избр. произв. М.; Л., 1963.
Літ.:
Венок Тредиаковскому. Волгоград, 1976;
Дерюгин А.А. В.К.Тредиаковский — переводчик: Становление классицистского перевода в России. Саратов, 1985.
Л.В.Календа.
т. 15, с. 497
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)