ЦЮРГО́ (Turgot) Ан Рабер Жак (10.5.1727, Парыж — 20.3.1781),
французскі дзярж. дзеяч, філосаф, эканаміст. Скончыў тэалагічны ф-т Сарбоны, але адмовіўся ад духоўнай кар’еры. У 1761—74 інтэндант у Ліможы. У 1774—76 ген. кантралёр фінансаў (міністр фінансаў, гандлю і грамадскіх работ); ажыццявіў шэраг рэформ, якія лібералізавалі эканам. жыццё Францыі (выдаў дэкрэт пра свабодны гандаль хлебам, у 1766 скасаваў дарожныя павіннасці і цэхавую арганізацыю). У працы «Размова пра ўсеагульную гісторыю» (1750) распрацаваў філасофію гісторыі, у цэнтры якой аналіз прагрэсу ў розных галінах грамадскага жыцця і законаў, якія імі кіруюць. Гэтыя ідэі Ц. развіты ў працах М.Ж.Кандарсэ і К.А.Сен-Сімона. У эканам. тэорыі Ц. за аснову ўзяў канцэпцыю фізіякратаў чыстага с.-г. прадукту і фізіякратычны падзел на класы. Адмаўляў ідэю натуральнага парадку і стаяў на пазіцыях асабістага інтарэсу, з якога выводзіў пастулат свабоднай канкурэнцыі; прадказаў ідэю гарманізуючай дзейнасці рынку А.Сміта. Зрабіў пэўны ўклад у развіццё тэорыі грошай. Асн. яго праца «Роздумы пра стварэнне і размеркаванне багаццяў» (1766). Аўтар артыкулаў у «Энцыклапедыі» Д.Дзідро і Ж.Л.Д’Аламбера.
Тв.:
Рус. пер. — Избранные философские произведения. М., 1937;
Избранные экономические произведения. М., 1961.
Н.К.Мазоўка.
т. 17, с. 188
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)