СМЕЛЯКО́Ў Яраслаў Васілевіч (8.1.1913, г. Луцк, Украіна — 27.11.1972),

рускі паэт. Па паходжанні беларус. Працаваў у друкарні. У 1934—37 і 1948—55 рэпрэсіраваны. Друкаваўся з 1931. Першыя зб-кі — «Праца і каханне» і «Вершы» (абодва 1932). Рамантыка камсамольскага юнацтва, тэмы працы, пераемнасці пакаленняў, спалучэнне лірычнай патэтыкі з размоўнымі інтанацыямі і гумарам у кнігах вершаў «Дарога» (1934), «Крамлёўскія яліны» (1948), паэме «Строгае каханне» (1956). Глыбокае асэнсаванне жыцця, манум. публіцыстычнасць у зб-ках «Размова пра галоўнае» (1959), «Дзень Расіі» (1967, Дзярж. прэмія СССР 1967), «Таварыш Камсамол» (1968), «Снежань» (1970), паэме «Маладыя людзі» (1968). Суровы жыццёвы вопыт С. адлюстраваўся ў вершах-навелах, вершах-успамінах (апубл. 1987). Аўтар вершаў бел. тэматыкі «Беларусам», «Белая вежа», «Ода малодшаму лейтэнанту», публіцыст. і крытычных артыкулаў. На рус. мову пераклаў некат. вершы А.​Куляшова. На бел. мову паасобныя яго вершы пераклалі М.​Танк, Е.​Лось, М.​Аўрамчык, М.​Калачынскі, Я.​Семяжон.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—3. М., 1977—78;

Бел. пер. — у кн.: Дзень паэзіі. 1972. Мн., 1972;

Выбранае. Мн., 1974.

Літ.:

Дементьев В. Ярослав Смеляков: Сильный как терн. М., 1967;

Рассадин С. Ярослав Смеляков. М., 1971.

У.​А.​Паўлаў.

Я.В.Смелякоў.

т. 15, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)