КО́ЎТУН (сапр. Новік) Валянціна Міхайлаўна

(н. 6.4.1946, в. Дземяхі Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. паэтэса. Канд. філал. н. (1979). Скончыла БДУ (1969). Настаўнічала на Гродзеншчыне, працавала ў «Сельской газете», выд-ве «Юнацтва», у 1979—81 і з 1990 у час. «Полымя». Друкуецца з 1966. У паэт. зб-ках «Каляровыя вёслы» (1971), «На ўзлёце дня» (1977), «Метраном» (1985; Літ. прэмія імя А.Куляшова 1986), «Лісты да цябе» (1988) размова пра час і сваё пакаленне, людзей вёскі і іх праблемы. Сутнасць яе лірыкі — маральна-этычныя ўзаемаадносіны ў грамадстве, сувязь з духоўнымі традыцыямі народа. Многія творы пабудаваны на фалькл. сюжэтах. Адна з важных тэм яе творчасці — асэнсаванне значнасці асобы бел. паэтэсы Цёткі (А.Пашкевіч), якой прысвечаны паэмы «На зломе маланкі» (1979), «Суд Алаізы» (1985). Аўтар паэт. зб-каў для дзяцей «Мы робім казку» (1983), «Вясёлы заасад» (1986), кн. апавяданняў «Калінавая гронка залатая» (1988), артыкулаў па пытаннях фальклору ў сучаснай бел. паэзіі, перакладаў з рус. і ўкр. моў. Прэзідэнт Усебел. жаночага фонду св. Ефрасінні Полацкай (з 1993).

Тв.:

Святло народнага слова: Паэтычны лад бел. нар. песні. Мн., 1984;

Крыніца паэзіі: На шляхах эпізацыі: Кн. для настаўніка. Мн., 1987;

Крыж міласэрнасці: Раман. Мн., 1996.

В.М.Коўтун.

т. 8, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)