ПІРАТЭХНІ́ЧНЫЯ САСТА́ВЫ,
сумесі, гарэнне якіх адбываецца адначасова са светлавымі, гукавымі, дымавымі і рэактыўнымі піратэхн. эфектамі (гл. Піратэхніка). Пры гарэнні П.с. вылучаецца вял. колькасць цеплаты; т-ра гарэння ад 400 °C (дымавыя саставы) да 3000 °C (асвятляльныя саставы).
Аснова большасці П.с. — сумесі акісляльніку з гаручым. У якасці акісляльнікаў выкарыстоўваюць нітраты, хлараты шчолачных і шчолачна-зямельных металаў, аксіды некаторых металаў; у якасці гаручага — пераважна парашкі магнію, алюмінію і іх сплаваў, а таксама вуглевадародныя сумесі (газа, бензін, мазут), драўняны вугаль і інш. Выкарыстоўваюць у вытв-сці боепрыпасаў (гл. Запальныя саставы), для зваркі рэек, труб, эл. правадоў, пры даследаваннях верхніх слаёў атмасферы, кіназдымках, арганізацыі феерверкаў, у сельскай гаспадарцы (барацьба са шкоднікамі, рассейванне граду і інш.).
В.І.Вараб’ёў.
т. 12, с. 381
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРО́ЛІЗ (ад піра... + лізіс),
дэструктыўныя ператварэнні арган. злучэнняў пад уздзеяннем высокай (некалькі соцень градусаў) т-ры. Пры П. адначасова з асн. рэакцыяй (расшчапленнем вуглярод-вугляродных сувязей), што прыводзіць да ўтварэння прадуктаў ненасычанага характару з меншай малекулярнай масай, адбываюцца рэакцыі ізамерызацыі, цыклізацыі, полімерызацыі ці полікандэнсацыі зыходных злучэнняў і прадуктаў іх ператварэнняў. У прам-сці найб. пашыраны П. нафтавай сыравіны, піроліз драўніны, а таксама вугалю (гл. Каксаванне).
П. нафтавай сыравіны (пераважна газаў нафтаперапрацоўкі, бензінавых і газойлевых фракцый) — дэструктыўныя ператварэнні вуглевадародаў нафты пры т-рах 650—900 °C (гл. Крэкінг тэрмічны). Асн. прамысл. працэс атрымання этылену, прапілену, а таксама бутэнаў, бутадыену, бензолу, талуолу і інш. манамераў і паўпрадуктаў для хім. прам-сці.
т. 12, с. 382
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЯТНЁЎ (Міхаіл Васілевіч) (н. 14.4.1957, г. Архангельск, Расія),
расійскі піяніст, дырыжор. Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1979), з 1981 у ёй выкладае. Вучань Я.Фліера, Л.Уласенкі і інш. З 1978 саліст Маскоўскай філармоніі. З 1990 заснавальнік, маст. кіраўнік і гал. дырыжор Рас. нац. сімф. аркестра. У рэпертуары творы кампазітараў розных эпох і стыляў, асабліва вылучаюцца інтэрпрэтацыі П.Чайкоўскага. Яго выканальніцтва адметнае бліскучай віртуознасцю, багаццем тэмбравай палітры, арганізаваным і адначасова гнуткім рытмам, яснасцю выканальніцкай задумы. Аўтар муз. твораў розных жанраў. «Гран пры» конкурсу муз. моладзі (Парыж, 1974), 1-я прэмія V Усесаюзнага конкурсу піяністаў (Ленінград, 1977), 1-я прэмія Міжнар. конкурсу піяністаў імя Чайкоўскага (Масква, 1978). Дзярж. прэміі Расіі 1982, 1995.
т. 12, с. 441
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОСТФІ́КС (ад пост... + лац. fixus прымацаваны),
службовая марфема (афікс), якая ў структуры слова размяшчаецца пасля кораня. Падзяляюць на асноваўтваральныя («кал-ёс-ы», «плем-ен-і»), да якіх адносяцца і тэматычныя галосныя («бег-а-ць», «хадз-і-ць»), суфіксы («ляс-ок», «гняў-лів-ы», «хто-сьці») і флексіі («галов-ы», «сін-яя», «хоч-аш»). Як асобны тып П. функцыянуе сукупнасць флексій (парадыгма) пры канверсіі, паколькі яна адначасова выконвае флексійную і словаўтваральную ролі (назоўнік «соль-, сол-і, солл-ю» і дзеяслоў «сал-ю, сол-іш, сол-іць, сол-ім, сол-іце, сол-яць»). Кожнай мове ўласцівы свае П., заканамернасці іх размяшчэння ў слове і марфал. ўзаемадзеяння.
Літ.:
Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985.
А.Я.Міхневіч.
т. 12, с. 518
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́НА (санскр. дыханне),
у індыйскай метафізіцы і ідэалістычных сістэмах абазначае тонкую энергію Сусвету, крыніцу ўсіх сіл, руху і нават мыслення. У шэрагу выпадкаў атаясамліваецца з паняццямі «пракрыці» (пачатковая сіла) і «атман» — (душа). Адначасова П. мае і касм. значэнне, блізкае да паняцця «сусветная душа», злучыцца з якой імкнецца П. індывіда. На практыцы П. звычайна абазначае энергію дыхання. Ёгі сцвярджаюць, што акрамя П. дыхання ў чалавечым арганізме (і ў Сусвеце) існуюць яшчэ 4 тонкія энергіі: апана — токі, якія вядуць уніз, да выхаду з кішэчніка; в’яна — токі, што размеркаваліся па целе паміж пранай і апанай, удана — токі, накіраваныя ўверх, канцэнтруюцца ў горле, самана — токі, што збіраюцца каля пупка і садзейнічаюць страваванню.
т. 13, с. 12
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСКО́ЎСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1650,
паўстанне гараджан, стральцоў і казакоў г. Пскоў супраць спекуляцыйнага продажу рас. урадам хлеба ў Швецыю, з прычыны чаго хлеб значна падаражэў. Адбывалася адначасова з Наўгародскім паўстаннем 1650. 10—11.3.1650 паўстанцы (кіраўнік Г.Дзямідаў) разграмілі двары купцоў, гар. знаці і адміністрацыі, захапілі ўладу ў горадзе, стварылі органы кіравання: сход грамады, Земскую ізбу. У маі ў Маскву накіравана пасольства з памяркоўнымі патрабаваннямі, у чэрв. Пскоў блакіравала карнае войска кн. І.М.Хаванскага. Спец. Земскі сабор у Маскве пагадзіўся задаволіць некат. патрабаванні паўстанцаў і 4.9.1650 у Пскове адноўлена ўлада царскіх ваявод. Кіраўнікі П.п. былі арыштаваны і пасля катаванняў сасланы.
Літ.:
Тихомиров М.Н. Классовая борьба в России XVII в. М., 1969.
т. 13, с. 106
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЦІ́ЧКІН (Яўген Мікалаевіч) (1.6.1930, Масква — 28.11.1993),
расійскі кампазітар. Засл. дз. маст. Расіі (1978). Нар. арт. Расіі (1988). Скончыў Муз.-пед. ін-т імя Гнесіных (1958). З 1958 гукарэжысёр на радыё, адначасова выкладаў у Маск. ін-це культуры (1961—64). У 1969—78 гал. муз. рэдактар кінастудыі «Масфільм». Сярод твораў: балет «Добрае сонца» (1958), опера «Я прыйшоў даць вам волю» (паводле В.Шукшына, 1988), аперэты, мюзіклы, муз. камедыі, у т. л. «Вяселле з генералам» (паводле А.Чэхава, 1980), «Дыліжанс з Руана» (паводле Гі дэ Мапасана, 1985), сюіты-кантаты, музыка да кінафільмаў (больш за 70) і драм. спектакляў. Аўтар папулярных песень, у т. л. «Рамонкі схаваліся», «Салодкая ягада», «Рэха кахання», «Я люблю сваю зямлю» і інш.
т. 13, с. 145
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРО́ВА (Марына Уладзіміраўна) (н. 6.2.1934, Рыга),
бел. артыстка балета, педагог. Засл. арт. Беларусі (1967). Скончыла Маскоўскае харэагр. вучылішча (1952). У 1952—72 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, адначасова ў 1968—71, 1973—75 і з 1980 выкладае ў Бел. харэагр. каледжы. Выканала гал. партыі ў бел. балетах: Джулія, Няўзіра («Альпійская балада», «Выбранніца» Я.Глебава), Рузя («Падстаўная нявеста» Г.Вагнера); у спектаклях класічнага і сучаснага рэпертуару: Аўрора, Маша («Спячая прыгажуня», «Шчаўкунок» П.Чайкоўскага), Ліза («Марная засцярога» П.Гертэля), Гамзаці, Вулічная танцоўшчыца («Баядэрка», «Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Гюльнара («Карсар» А.Адана), Вакханка («Вальпургіева ноч» Ш.Гуно), Крыўляка («Золушка» С.Пракоф’ева), Анель («Блакітны Дунай» І.Штрауса), Эгіна («Спартак» А.Хачатурана).
А.І.Калядэнка.
т. 13, с. 166
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯЦЬКО́ (Валерый Іванавіч) (н. 30.1.1940, г.п.Пагранічны Прыморскага краю, Расія),
бел. вучоны ў галіне тэхн. кібернетыкі. Канд. тэхн. н. (1975). Скончыў Разанскі радыётэхн. ін-т (1964). З 1969 у Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац. АН, з 1992 у Навук. цэнтры праблем механікі машын, адначасова з 1989 у БДУ. Навук. працы па тэорыі і метадах лічбавай фільтрацыі сігналаў, аўтаматызацыі паскораных выпрабаванняў дынамічных аб’ектаў. Распрацаваў дыферэнцыяльна-структурны метад пераўтварэння графічнай інфармацыі, алгарытмы апрацоўкі эксперым. інфармацыі ў геафізіцы. Дзярж. прэмія Беларусі 1986.
Тв.:
Модификация дискретного преобразования Фурье для обработки процессов в реальном времени. Мн., 1988 (разам з У.Я.Куконіным);
Цифровая фильтрация и обработка сигналов. Мн., 1995 (разам з У.Я.Куконіным, М.Б.Шыхавым).
М.П.Савік.
т. 13, с. 177
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ХЛІН (Натан Рыгоравіч) (10.1.1906, г. Шчорс Чарнігаўскай вобл., Украіна — 28.6.1979),
украінскі і рас. дырыжор, педагог. Нар. арт. СССР (1948). Скончыў муз.-драм. ін-т імя М.В.Лысенкі. Вучань А.І.Арлова. У 1931—37 маст. кіраўнік, гал. дырыжор сімф. аркестраў Харкава і Данецка (Украіна). У 1937—62 (з перапынкамі) гал. дырыжор дзярж. сімф. аркестра Украіны, у 1941—45 СССР, у 1966—79 Татарстана. Адначасова ў 1946—66 праф. Кіеўскай, у 1967—79 Казанскай кансерваторый. Дырыжорскае майстэрства, артыстызм, тэмперамент Р. найб. выявіліся пры выкананні твораў І.С.Баха, Л.Бетховена, Г.Берліёза, П.Чайкоўскага, С.Пракоф’ева, Дз.Шастаковіча. Першы выканаўца шматлікіх твораў сучасных кампазітараў. Дзярж. прэмія СССР 1952.
Л.А.Шымановіч.
т. 13, с. 381
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)