ХЕНАМЕ́ЛЕС, японская айва (Chaenomeles),

род кветкавых раслін сям. ружакветных. 4 віды. Пашыраны ў Кітаі і Японіі. На Беларусі інтрадукаваны Х.​Маўлея, або айва нізкая (Ch. maulei), і Х. японскі, або айва японская (Ch. japonica).

Лістападныя ці паўвечназялёныя кусты або невял. дрэвы выш. 1—6 м, звычайна калючыя. Скурыстае лісце чаргаванае, простае, пілаватае ці гародчатае па краі. Кветкі адзіночныя або ў пакарочаных гронках, буйныя (дыям. 3—5 см), чырв., ружовыя. белыя. раскрываюцца перад ці адначасова з распусканнем лісця. Плод — яблыкападобны, ядомы. Лісце і плады айвы японскай маюць вітамін C. Пладовыя, дэкар. расліны.

Хенамелес Маўлея.

т. 17, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)