ТРА́ЎМА (ад грэч. trauma рана),

парушэнне анатамічнай цэласнасці і функцый тканак (органаў) у выніку знешняга ўздзеяння. Вывучае траўматалогія. Бываюць Т. мех. (уздзеянне мех. сілы), хім. (уздзеянне к-т, шчолачаў і інш.), тэрмічныя (апёкі, абмаражэнне), акустычныя (гукі празмернай сілы), прамянёвыя, баявыя і інш.

Мех. пашкоджанні найб. частыя, бываюць ізаляваныя, множныя, спалучаныя (адначасова ў некалькіх органах). Адрозніваюць Т. вострую (узнікае раптоўна). хранічную (ад уплыву фактараў, што паўтараюцца). закрытую (удар, зрушэнне, вывіхі) і адкрытую (рана); таксама быт. і вытв., Т. ў час родаў (родавую), чэрапна-мазгавую (агульная назва адкрытых і закрытых Т. чэрапа і галаўнога мозга). Гл. таксама Траўматызм.

т. 15, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)