ФАЛЬЦО́ЎКА (ад ням. falzen складаць, згінаць),

1) злучэнне загатовак з тонкаліставога металу падоўжным швом (фальцам). Выкарыстоўваецца пры дахавых работах, у вытв-сці бляшаных вырабаў.

2) Ф. у паліграфіі — паслядоўнае складванне аддрукаваных аркушаў кнігі, часопіса і інш. y 1—4 узаемна перпендыкулярныя ці паралельныя згібы для ўтварэння сшытка з правільна размешчанымі старонкамі. Робіцца з дапамогай нажавых (нож — метал. планка апускаецца на аркуш і згінае яго) і касетных (аркуш упіраецца ў планку касеты і згінаецца) фальцавальных машын. Пры ратацыйным друку Ф. выконваецца адначасова з друкаваннем на фальцапаратах, што далучаны да друкарскіх машын (гл. Ратацыйная друкарская машына).

т. 16, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)