род кветкавых раслін сям. лабеліевых. Каля 350 відаў. Пашыраны на ўсіх кантынентах, пераважна ў вільготных тропіках і субтропіках Амерыкі і Афрыкі. На Беларусі 1 від — Л. Дортмана (L. dortmanna), занесены ў Чырв. кнігу; вядомы ў заказніках на воз. Свіцязь Навагрудскага і воз. Белае Лунінецкага р-на. Расце ў прыбярэжных зонах з пясчаным грунтам на глыб. 50—80 см, разам з палушнікам азёрным утварае зараснікі. У дэкар. садоўніцтве інтрадукаваны від Л. эрынус (L. erinus).
Лепшыя сарты: Кайзер Вільгельм (кветкі ярка-сінія), Розамунд (кветкі пурпуровыя), Сапфір (кветкі цёмна-блакітныя з белым вочкам) і інш.
Адна- і шматгадовыя травяністыя водныя і наземныя расліны, паўкусты і кусты. Лісце простае, чаргаванае. Кветкі няправільныя. адна- ці двухгубыя ў гронках на канцы сцябла або адзіночныя ў пазухах лісця. Плод — каробачка. Лек. (некат. віды маюць у сабе алкалоід лабелін), дэкар.расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЛЕО́ПСІДЫ, аднадольныя,
аднасемядольныя (Liliopsida),
клас кветкавых раслін, зародак якіх мае адну, у адрозненне ад двухдольных, семядолю. Каля 20 парадкаў, больш за 60 тыс. відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе, складаюць значную ч. травастою лугоў, стэпаў, саваннаў. На Беларусі 11 парадкаў: асакакветныя, ароннікакветныя, жабнікакветныя, касачакветныя, лілеякветныя, метлюжкакветныя, наядакветныя, рагозакветныя, сітакветныя, шальнікакветныя, ятрышнікакветныя; больш за 350 відаў. Гал. кампанент расліннага покрыва балот, лугоў і лясоў.
Пераважна травяністыя расліны. Дравяністыя Л. трапляюцца ў тропіках, радзей у субтропіках. У траў сцябло ў таўшчыню не расце. Лісце з паралельным або дугавым жылкаваннем, звычайна без чаранка і прылісткаў. Кветкі пераважна трохчленныя. Каранёвая сістэма валасніковістая, часта бывае змена падземных парасткаў (карэнішча, клубні, цыбуліны). Харч., кармавыя, тэхн., дэкар., лек. і прыпраўныя расліны.
Літ.:
Флора Европейской части СССР. Т. 1—2. Л., 1974—76;
Козловская Н.В. Флора Белоруссии, закономерности ее формирования, научные основы использования и охраны. Мн., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІЦЫ́НІЯ,
традыцыйная назва некалькіх відаў буйных лістападных дравяністых ліян з роду вістэрыя (Wisteria) сям. бабовых. Каля 10 відаў. Пашыраны ва Усх. Азіі і на УПаўн. Амерыкі. Звычайна гліцынію называюць вістэрыю кітайскую (W. sinensis), якая трапляецца ў лясах правінцый Хубэй і Сычуань у Кітаі, японскую (W. floribunda) з Японіі і інш. віды. Культывуюць у розных трапічных і субтрапічных краінах, таксама на Чарнаморскім узбярэжжы Крыма, Каўказа, у Сярэдняй Азіі і на Украіне. У Беларусі вырошчваюць у аранжарэях.
Расліны з трывалымі лазячымі сцёбламі даўж. да 20 м і паніклымі галінамі. Лісце няпарнаперыстае, даўж. да 30 см, з 7—13 лісцікамі. Кветкі духмяныя, блакітныя, сабраныя ў звіслыя гронкі. Плод — шматнасенны струк. Прыгожаквітучыя дэкар.расліны. Выкарыстоўваюць у дэкар. садоўніцтве. У культуры створаны садовыя формы гліцыніі з белымі, светла- і цёмна-фіялетавымі кветкамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАРАЗІ́ХА, ваўчок (Orobanche),
род кветкавых раслін сям. заразіхавых. Больш за 150 відаў. Пашыраны ў субтрапічным і ўмераным паясах Паўн. паўшар’я. На Беларусі пераважна ў паўд. раёнах трапляюцца 9 відаў: З. галінастая (O. ramosa), белая (O. alba), эльзаская (O. alsatica), гваздзіковая (O. caryophyllacea), блакітнаватая (O. coerulescens), парэзнікавая (O. libanotidis), кумская, або сланечнікавая (O. cumana), высокая (O. elatior), бледнакветкавая (O. pallidiflora).
Адна-, двух- і шматгадовыя бесхларафільныя травяністыя расліны. Сцёблы тоўстыя, мясістыя, простыя або галінастыя, каля асновы звычайна клубне- ці булавападобнапатоўшчаныя, з прысоскамі (гаўсторыямі) — відазмененымі каранямі, якімі З. прысмоктваецца да каранёў раслін, на якіх яна паразітуе. Лісце чаргаванае або супраціўнае, лускападобнае. Кветкі з трубчастым, двухгубым вяночкам рознага колеру, сабраны ў коласа- ці гронкападобныя суквецці. Плод — 2—3-створкавая шматнасенная каробачка. Лек. і харч.расліны, некат. віды (напр., З. галінастая) — пустазелле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВО́ЙНІК, клематыс (Clematis),
род кветкавых раслін сям. казяльцовых. Каля 300 (па інш. звестках ад 150 да 400) відаў. Пашыраны ва ўмеранай і цёплай зоне. У Зах. Еўропе выведзена больш за 2000 разнавіднасцей і сартоў. На Беларусі трапляецца на У і ПдУ па схілах рачных далін і яроў, на сухіх лугах і ўзлесках; у Цэнтр.бат. садзе Нац.АН інтрадукавана каля 30 відаў. Найб. вядомыя П.: вінаградалісты (C. vitalba), Жакмана (C. jackmanii), фіялетавы (C. viticella). У Чырв. кнігу Беларусі занесены П. прамы, або жыгунец (C. recta).
Шматгадовыя травы ці дравяністыя расліны з павойнымі, лазячымі або прамымі сцёбламі. Лісце супраціўнае, простае або складанае, трайчаста-рассечанае або складанаперыстае. Кветкі адзіночныя ці ў суквецці, белыя або жоўтыя, у інтрадукаваных відаў рознай афарбоўкі. Плод — шматарэшак. Дэкар.расліны, некат. віды лек. і ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕРЫСТЭ́МА (ад грэч. meristos што дзеліцца),
1) утваральная тканка раслін, што доўга захоўвае здольнасць да дзялення і ўтварэння новых клетак, адрозніваецца высокай метабалічнай актыўнасцю. Адны клеткі М. (ініцыяльныя) затрымліваюцца на эмбрыянальнай фазе развіцця і забяспечваюць бесперапыннае нарастанне масы расліны, інш. паступова дыферэнцыруюцца і ўтвараюць пастаянныя тканкі (покрыўныя, праводныя, мех., асн. і інш.). У вышэйшых раслін М. ўзнікае з прамерыстэмы зародка насення і ў далейшым знаходзіцца ў конусах нарастання парастка і кораня, якія неабмежавана растуць сваімі верхавінкамі на працягу жыцця расліны. У працэсе росту часткова захоўваецца ў каранях (перыцыкл), у вузлах парасткаў. Уставачная (інтэркалярная) М. часова захоўваецца ў пупышках, міжвузеллях (асабліва доўга ў злакаў), у аснове чаранка і краявой пласціны ліста (маргінальная М.). Другасныя М. (напр., фелаген, што ўтварае корак, раневая — калус і інш.) узнікаюць у пастаянных тканках.
2) Неспецыфічныя клеткі жывёлы, здольныя да дыферэнцыроўкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАТЫЦЭ́РЫУМ, аленевы рог (Platycerium),
род папарацей сям. мнаганожкавых. 17 відаў. Пашыраны ў трапічных лясах. На Беларусі ў аранжарэях і пакоях культывуюць П. двойчывілаваты, або аленярогі (P.bifurcatum).
Шматгадовыя буйныя эпіфітныя расліны. Замацоўваюцца на вял. галінах, часцей на кары ствалоў буйных вечназялёных і лістападных дрэў, што стаяць паасобку. У папярочніку дасягаюць 1,8 м, пад іх цяжарам дрэвы часам выварочваюцца з каранямі. Маюць стэрыльнае і спараноснае лісце. З дапамогай стэрыльнага лісця П. ўкараняюцца на дрэвах (ніжняя і бакавыя ч. ліста шчыльна прыціскаюцца да ствала ці галіны, а верхняя адыходзіць ад апоры так, што ўтвараецца ніша, у якой з цягам часу збіраецца перагной (масай да 100 кг) пранізаны каранямі эпіфіту. Спараноснае (і асімілюючае) лісце глыбока рассечана і нагадвае рогі аленя (адсюль назва). У сталых папарацей ніжняя паверхня разгалінаваных канцоў ліста пакрываецца цагельна-чырв. налётам шматлікіх спарангіяў. Дэкар.расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАФІ́ТЫ [ад апа... + ...фіт(ы)],
абарыгенныя расліны, якія з прыродных лясных, лугавых, балотных і інш. згуртаванняў перайшлі на тэрыторыі, звязаныя з гасп. дзейнасцю чалавека (палі, падвор’і, месцы здабычы карысных выкапняў і інш.). У новых месцах апафіты — пустазелле. На Беларусі да апафітаў належаць блюшчык плюшчападобны, крапіва двухдомная, купкоўка зборная, снітка звычайная, чальчак вербалісты і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДРАЎНЕ́ННЕ, лігніфікацыя,
змяненне клетачных абалонак раслін пад уздзеяннем лігніну, які запаўняе прамежкі паміж мікрафібрыламі цэлюлозы. Абалонка клеткі пры гэтым страчвае эластычнасць, робіцца цвёрдая, павялічваецца агульная трываласць расліны, устойлівасць абалонкі клеткі супраць мікраарганізмаў і грыбоў. Адраўненне клетачных абалонак характэрна для ўсіх вышэйшых раслін, акрамя імхоў. Адраўнелыя клеткі ўтвараюць драўніну і склеранхіму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАСА́ЎКА (Atropa),
род кветкавых раслін сям. паслёнавых. Каля 5 відаў. Пашырана ў Еўразіі, Паўн. Афрыцы. На Беларусі інтрадукавана К. беладонна, або соннае ачмурэнне, ці шалёная ягада (A. belladonna).
Шматгадовыя карэнішчавыя травы выш. да 2 м. Лісце суцэльнае, на кароткіх чаранках. Кветкі буйныя, адзіночныя. Плод — ягада. Ядавітая. Лек.расліны.