род кветкавых раслін сям. ясноткавых (губакветных). Каля 40 відаў. Пашыраны ва ўмеранай зоне Паўн. паўшар’я. На Беларусі 5 відаў Я.: белая, або глухая крапіва (L. album; нар. назвы белая крапіва, мядоўнік, шанта), гібрыдная (L. hybridum), сцеблаабдымная (L. amplexicaule), плямістая (L. maculatum), пурпурная (L. purpureum; нар. назва шанта чырвоная). Трапляюцца каля жылля, у садах, парках, на пустках, сметніках.
Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны выш. да 100 см. Маюць доўгія паўзучыя карэнішчы, утвараюць зараснікі. Сцёблы граністыя. Лісце супраціўнае, суцэльнае (лісце Я. белай падобнае на лісце крапівы — адсюль другая назва). Кветкі белыя, жоўтыя, ружовыя, чырв., у пазушных кальчаках, сядзячыя. Плод — арэшак. Харч., лек., дэкар., меданосныя расліны, некат. пустазелле.