РАСХО́ДНІК (Sedum),

род кветкавых раслін сям. таўсцянкавых. Каля 600 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я, пераважна ў Еўразіі, некалькі відаў у Паўд. Афрыцы і Паўд. Амерыцы (Перу). На Беларусі 6 відаў Р.: адагнуты (S. reflexum), бледны (S. pallidum), валасісты (S. villosum), едкі, або заечая капуста (S. acre), несапраўдны (S. spurium), шасцірадковы (S. sexangulare). Трапляюцца ў разрэджаных хваёвых лясах, уздоўж дарог, чыгунак, на сухадольных лугах. Шэраг інтрадукаваных відаў пад назвай «седум» вырошчваецца ў дэкар. і пакаёвым кветкаводстве.

Шмат-, двух- і аднагадовыя травы, часам паўкусцікі выш. 5—25 см. Сцёблы прамастойныя або сцелістыя. Лісце патоўшчанае, сакаўное, рознай формы і колеру, у кальчаках або ў прыкаранёвай разетцы. Кветкі двухполыя, белыя, жоўтыя, пурпуровыя, пераважна ў шчыткападобных суквеццях. Плод — шматлістоўка. Меданосныя, лек., дэкар., харч. расліны.

В.​М.​Прохараў.

Расходнік едкі.

т. 13, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́БАРАЎ (Валерый Паўлавіч) (н. 26.6.1939, г. Саратаў, Расія),

бел. кінарэжысёр. Скончыў Ленінградскі ін-т т-ра, музыкі і кіно (1976). З 1957 (з перапынкам) на кінастудыі «Беларусьфільм», з 1978 рэжысёр. Першая работа — кароткаметражны фільм «Жывы зрэз» (1978, паводле апавядання В.​Патаніна «Белыя яблыкі», дыплом Міжнар. кінафестывалю ў Обергаўзене Германія). Цікавасць да нар. лёсу, да нац. каларыту выявілася ў фільме «Чужая бацькаўшчына» (паводле раманаў В.​Адамчыка, 1982). Найб. значны фільм — «Сведка» (паводле аповесці В.​Казько «Суд у слабадзе», 1985), у якім для дасягнення маст. выразнасці выкарыстаў спалучэнне ігравых эпізодаў з дакумент.-маст. (стылізаванымі пад кінадакумент). Праблемы сучаснасці ўзняты ў карціне «Мяне завуць Арлекіна» (паводле п’есы Ю.​Шчакаціхіна «Пастка-44», 1988). Зняў дакумент. фільмы «Чаканне» («Зімовая казка», 1975), «Тонежскія бабы», «Нямая скрыпка» (абодва 1977).

В.​Ф.​Нячай.

т. 13, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВІДЗІ́НА (Swida),

род кветкавых раслін сям. кізілавых. Каля 40 відаў. Пашыраны ва Усх. Азіі і Паўн. Амерыцы, радзей у Еўропе. На Беларусі 1 від — С. крывава-чырвоная (S. sanquinea). Трапляецца на схілах у лісцевых і мяшаных лясах. Больш за 10 відаў прайшлі інтрадукцыйную праверку ў Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі: С. Амома (S. amomum), белая (S. alba), шаўкавістая (S. sericea) і інш. Выведзена шмат садовых форм.

Лістападныя кусты або дрэвы выш. 1,5—6 м. Лісце супраціўнае, суцэльнае, чаранковае. Кветкі белыя, у шчытка- ці парасонападобных галоўчатых суквеццях. Плод — сакаўная, чорная або белая касцянка. З насення атрымліваюць тэхн. алей, чырванаватая драўніна ідзе на такарныя вырабы, з галін плятуць кошыкі і маты. Выкарыстоўваюць С. для замацавання пяскоў і схілаў. Дэкар., тэхн., меданосныя расліны.

А.​М.​Скуратовіч.

Свідзіна белая.

т. 14, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕМАШКЕ́ВІЧ (Раман Мацвеевіч) (1904, в. Лебедзева Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. — 1937),

бел. жывапісец, графік, скульптар. Скончыў бел. гімназію і маст. студыю ў Вільні, Віцебскі маст. тэхнікум па класе скульптуры і жывапісны ф-т Вышэйшых маст.-тэхн. майстэрняў у Маскве. Удзельнік 3-й Усебел. маст. выстаўкі (1930). У графічных і жывапісных работах адлюстроўваў побыт сялян, родную прыроду, а таксама сац.-рэв. тэматыку: «Даліна ракі Граматухі. Алтай», «Коннік на белым кані», «Белыя кветкі», «Галадоўка палітзняволеных у Лукішскай турме», «На этапе», «Паны забіраюць апошнюю карову», «Бойка з секвестратарамі», «Здзек паліцыі». Аўтар групавога партрэта М.​Галадзеда, М.​Гікалы і А.​Александровіча, партрэтаў А.​Грыневіча, В.​Таўлая, Я.​Купалы, Я.​Коласа і інш. Выканаў скульпт. кампазіцыю «Юны змаганец».

Літ.:

Ліс А Пякучай маланкі след. Мн., 1981.

А.​С.​Ліс.

т. 14, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПЕ́НЬКА (Armillaria),

род базідыяльных грыбоў парадку агарыкальных. Каля 12 відаў. Касмапаліты. На Беларусі трапляюцца апенька сапраўдная, або восеньская (A. mellea), апенька марнеючая (A. tabescens) і апенька скараспелая, або ранняя (A. praecox). Факультатыўныя паразіты (на старых або аслабленых дрэвах), часцей існуюць як сапратрофы. Растуць групамі на пнях, ствалах, каля дрэў у хвойных і лісцевых лясах. Ядомыя (спажываюцца смажаныя, вараныя, салёныя, сушаныя і марынаваныя).

Шапка ў маладых апенек выпуклая, пазней плоская, гладкая або лускаватая, сухая, зрэдку слізістая, дыям. да 12 см, жоўта-бурая або жаўтавата-карычневая. Пласцінкі жоўта-белыя, бураватыя. Ножка з добра выяўленым кольцам, рэдка без яго. Апенькай часта наз. грыбы інш. родаў, напр. ядомая апенька летняя (Kuehneromyces mutabilis), а таксама ядавітыя апенька несапраўдная серна-жоўтая (Nematoloma fasciculare) і апенька несапраўдная цагельна-чырвоная (N. sublateritium).

В.​С.​Гапіенка.

Апенькі: 1 — летняя; 2 — восеньская.

т. 1, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАВО́ЎНІК (Gossypium),

род шматгадовых травяністых раслін і кустоў сям. мальвавых. 35 відаў у Амерыцы, Азіі, Афрыцы, Аўстраліі. Адна з асн. тэхн. культур (прадзільная культура). Вырошчваюць у аднагадовай культуры ў тропіках, субтропіках, паўд. раёнах умеранага пояса бавоўнік мексіканскі (звычайны, або упланд; Gossypium hirsutum; больш за 70% сусв. вытв-сці бавоўнавага валакна), бавоўнік індакітайскі (дрэвападобны; Gossypium arboreum), бавоўнік перуанскі, барбадоскі (Gossypium peruvianum, Gossypium barbadense) і інш.

Кусты і травы з моцнай стрыжнёвай каранёвай сістэмай. Кветкі вял., белыя, крэмавыя, жоўтыя, двухполыя; звычайна самаапыляльнікі. Плод — каробачка. Насенне ўкрыта доўгімі, пераважна белымі, валаскамі, што выкарыстоўваюцца як валакно — бавоўна. Цеплалюбівая расліна, патрабавальная да ўмоў увільгатнення, жыўлення і асвятлення. Вегетац. перыяд 110—145 сут Лепшыя глебы — лёгкія сугліністыя шэразёмы. Засоленыя глебы папярэдне меліяруюць. З насення бавоўніка атрымліваюць баваўняны алей (22—29%), з пладоў — бавоўну. Добры меданос (мёдавытворчасць 300 кг/га). Гл. таксама Баваўнаводства.

Бавоўнік.

т. 2, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАВІ́К, белы грыб (Boletus edulis),

шапкавы грыб сям. балетусавых. Пашыраны пераважна ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі трапляецца нярэдка ў хвойніках, ельніках, дубровах, бярэзніках і мяшаных лясах. Расце адзіночна і групамі. Сапратроф. Пладовыя целы з’яўляюцца ў чэрв. — кастрычніку.

Пладовае цела ў выглядзе шапкі на ножцы масай да 2, рэдка 4 кг. Шапка паўшарападобная, дыям. 4—20 см, мясістая, пазней плоска-пукатая, матавая. У залежнасці ад умоў росту ад белага да фіялетава-карычневага колеру. Ножка цыліндрычная або клубнепадобная, белаватая, з тонкім сеткавым малюнкам. Мякаць і гіменафор (малады) белыя, прыемна пахнуць, на зломе не мяняюць колеру. Утварае мікарызу з многімі дрэвамі (адрозніваюць каля 20 формаў баравіка — хваёвы, яловы, бярозавы, дубовы, грабавы і інш.). Багаты бялком, вугляводамі, тлушчам, мінер. рэчывамі; мае вітаміны A, B, C, D, PP, таксама антыбіётыкі, танізавальныя і проціпухлінныя рэчывы. Спажываюць баравікі смажаныя, вараныя, марынаваныя, сушаныя.

Баравік.

т. 2, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРШЧЭ́ЎНІК (Heracleum),

род кветкавых раслін сям. сельдэрэевых. Каля 70 відаў. Пашыраны ва ўмеранай і субтрапічнай зонах Еўропы, Азіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі 2 дзікарослыя — баршчэўнік сібірскі (Heracleum sibiricum), які расце на ўзлесках, уздоўж дарог, каля жылля, на пустках і схілах, і звычайны (Heracleum sphondylium) — рэдкая расліна, занесеная ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь, каля 10 інтрадукаваных відаў, з якіх найб. вядомы баршчэўнік Сасноўскага (Heracleum sosnowskyi), што вырошчваўся як эксперым. сіласная культура і добра натуралізаваўся каля дарог, жылля, палёў і ў далінах рэк.

Двух- або шматгадовыя травяністыя расліны з тоўстым прамастойным галінастым сцяблом выш. да 5—6 м. Лісце чаргаванае, трайчастае, перыстае або двойчыперыстае. Кветкі дробныя, белыя, зеленавата-жоўтыя, ружовыя, у складаных парасоніках. Плод — яйцападобны або адваротнаяйцападобны плоскі віслаплоднік. Кармавыя, лек., дэкар., харч., меданосныя і эфіраалейныя расліны. Сок большасці відаў, асабліва баршчэўніка Сасноўскага, выклікае дэрматыты.

Баршчэўнік Сасноўскага.

т. 2, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТА́Т (Ipomoea batatas),

салодкая бульба, від кветкавых раслін з роду іпамея сям. бярозавых. Радзіма — Мексіка, Цэнтр. Амерыка. У Еўропу завезены Х.​Калумбам, у Афрыку — партугальцамі, Паўн. Амерыку — іспанцамі. Вырошчваюць у тропіках і субтропіках Індыі, Інданезіі, Кітая, Японіі, Іспаніі, Італіі і ЗША як адну з асн. караняплодных харч. культур; як доследную культуру разводзяць у Туркменіі, Грузіі і інш. краінах.

Шматгадовая (у культуры часта аднагадовая) травяністая расліна з клубнепадобным коранем і сцелістым сцяблом даўж. 1—5 м. Лісце цэльнае або пальчаталопасцевае. Кветкі буйныя, ружовыя ці белыя, лейкападобныя. Плод — 4-насенная каробачка Харч. і кармавая расліна. «Клубні» батату маюць 24—28% крухмалу і цукру (адсюль другая назва — «салодкая бульба»). Маса «клубняў» 0,2—10 кг; іх спажываюць свежымі і сушанымі, перапрацоўваюць на кансервы, муку, крупы, крухмал, цукар, патаку, спірт. «Клубні» і бацвінне скормліваюць жывёле. Размнажаюць батат парасткамі прарослых «клубняў» і адрэзкамі сцяблоў.

Батат.

т. 2, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛЕФАРЫ́Т (ад грэч. blepharon павека + ...іт),

запаленне краёў павекаў. Адна з пашыраных і працяглых хвароб вачэй. Прычыны ўзнікнення: хранічныя інфекц. і інфекцыйна-алергічныя хваробы, гіпавітамінозы, анеміі, хваробы страўнікава-кішачнага тракту, эндакрынныя парушэнні, глісныя інвазіі, хранічны танзіліт і інш. Развіццю блефарыту спрыяюць хранічныя кан’юнктывіты, запаленні слёзных шляхоў, гіперметрапія і астыгматызм вока, уздзеянні ветру, пылу, дыму.

Адрозніваюць блефарыт просты (лускаваты), язвавы і ангулярны. Для ўсіх відаў блефарыту характэрны сверб, адчуванне цяжару павекаў, хуткая стамляльнасць вачэй і павышаная адчувальнасць іх да святла. Назіраецца пачырваненне і патаўшчэнне краёў павекаў каля асновы вейкаў — дробныя сухія паслойныя шаравата-белыя лускавінкі ці жаўтаватыя скарыначкі, пры гнойных — кроватачывыя язвачкі. Пры іх рубцаванні парушаецца рост вейкаў. Прычынай блефарыту бывае себарэя. Стафілакокавы блефарыт можа выклікаць абсцэс тлушчавай залозы валасянога фалікула — вонкавы ячмень. Пры ангулярным блефарыце запаляюцца краі вонкавай і ўнутр. спаек павекаў. Лячэнне тэрапеўтычнае.

Л.​М.​Марчанка.

т. 3, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)