РАЗУ́ХА (Arabis),

род кветкавых раслін сям. крыжакветных. Больш за 100 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я і ў гарах трапічнай Афрыкі. На Беларусі 3 віды Р.: Жэрара (A. gerardii), стрэлкападобная (A. sagittata), павіслая (A. pendula). Трапляюцца ў хваёвых лясах, хмызняках, на палях, лугах. Як дэкар. расліны культывуюць Р. альпійскую (A. alpina), каўказскую (A. caucasica) і інш.

Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны. Сцёблы з шараватым адценнем, пераважна апушаныя, прамастойныя, выш. 10—60 см, часам ляжачыя, лёгка ўкараняюцца. Лісце суцэльнае, густаапушанае, прыкаранёвае ў разетцы. Кветкі белыя, ружовыя, жаўтаватыя, простыя або махрыстыя, сабраныя ў невял. шчыльныя шчытка- ці парасонападобныя гронкі. Плод — стручок. Дэкар. расліны.

В.​М.​Прохараў.

Разуха: 1 — прамая; 2 — шурпатая; 3 — альпійская.

т. 13, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)