ЦЁРН, сліва калючая (Prunus spinosa),
кветкавая расліна сям. ружавых. Пашыраны ў Еўропе, Зах. Азіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі трапляецца на палянах, узлесках і ярах; занесены ў Чырв. кнігу.
Калючы куст, радзей дрэўца выш. 4—8 м. Лісце прадаўгавата-авальнае, зубчаста-пальчатае, цёмна-зялёнае, матавае, скурыстае. Кветкі белыя, дыям. да 2 см, адзіночныя, распускаюцца да паяўлення лісця. Плод — чорна-сіняя, з шызым налётам касцянка. Плады з глыбокай старажытнасці ўжываліся ў ежу, маюць 5,5—8,8% цукроў (глюкоза і фруктоза), 0,8—2,8% арган. к-т. Выкарыстоўваюцца ў сушаным і перапрацаваным (варэнне) выглядзе, з іх атрымліваюць (як і з каранёў) фарбу. Драўніна прыдатная для дробных вырабаў. Культывуюць як прышчэпу (зіма- і засухаўстойлівы). Меданосная, дэкар. расліна.
т. 17, с. 110
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)