ФЕЙХО́А (Feijoa),

род кветкавых раслін сям. міртавых. 2 віды. Пашыраны ў субтропіках Паўд. Амерыкі. У Еўропе з канца 19 ст. культывуюць Ф. Селава (F. sellowiana, ці Acca sellowiana).

Вечназялёныя дрэвы або кусты выш. да 5 м. Лісце супраціўнае, суцэльнае, эліптычнае, з шызым апушэннем на ніжнім баку. Кветкі пазушныя, адзіночныя або ў невял. шчыткападобных суквеццях. Пялёсткі звонку белыя, унутры малінавыя, шматлікія тычынкі ружавата-кармінавага колеру. Плод — ядомая ягада з чашалісцікамі, што застаюцца на верхавінцы. Цёмна-зялёныя плады Ф. даўж. 4—7 см, дыяметрам 3—5 см, масай да 130 г, кісла-салодкія, з ананасна-сунічным пахам; лячэбны прадукт (багаты ёдам). Харч., лек. і дэкар. расліны.

І.​М.​Гарановіч.

Фейхоа Селава.

т. 16, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)