буйное антыфеад. выступленне сялян Крычаўскага староства (гл.Крычаўская воласць). Выклікана ўзмацненнем феад.-прыгоннага прыгнёту, жорсткай эксплуатацыяй сялян арандатарамі і адміністрацыяй староства. Доўгія гады сяляне вялі ўпартую барацьбу супраць самавольства адміністрацыі староства і арандатараў, адмаўляліся плаціць падаткі, адбываць паншчыну і інш. павіннасці, збівалі панскіх прыказчыкаў, уцякалі на Украіну. У канцы 1743 выбухнула ўзбр. паўстанне, якое ўзначалілі мясц. сяляне В.Вашчыла і яго паплечнікі І.Карпач, С.Бачко, В.Вецер і інш. Сяляне выступалі супраць шляхты, нападалі на дамы купцоў і ліхвяроў, разганялі адміністрацыю. Кіраўнік Крычаўскага староства Г.Ф.Радзівіл 15.1,1744 накіраваў супраць паўстанцаў войска на чале з палкоўнікам Пястжэцкім, якое размясцілася ў Крычаве. 18.1.1744 сяляне штурмавалі Крычаў сіламі да 2 тыс.чал., але былі разбіты добра ўзброеным войскам. Пацярпеўшы паражэнне, паўстанцы сабраліся каля в. Царкавішча, дзе папоўніліся новымі сіламі (да 4 тыс.чал.) і планавалі пачаць 26.1.1744 новую аблогу Крычава. Але ў ноч перад аблогай на іх лагер нечакана напалі атрады Пястжэцкага. У выніку забіта больш за 200 чал. і шмат паранена. У пач.лют. 1744 паўстанне канчаткова задушана; 76 чал. было пакарана смерцю; да розных мер пакарання былі прыгавораны ўсе актыўныя паўстанцы, якія трапілі ў палон. Радзівіл абмежаваўся асобнымі ўступкамі: замяніў прымусовыя работы на будах грашовым чыншам, зняў некат. абмежаванні ў сялянскім гандлі, аб’явіў пра намер не здаваць староства ў арэнду і інш.
Літ.:
Мялешка В.І., Лойка П.А. Паўстанне сялян пад кіраўніцтвам Вашчылы. Мн., 1988;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРБЭ́ ((Courbet) Жан Дэзірэ Гюстаў) (10.6.1819, г. Арнан, Францыя — 31.12.1877),
французскі жывапісец; заснавальнік рэалізму. З 1837 вучыўся ў рысавальнай школе Ш.А.Флажуло ў Безансоне, з 1839 у прыватных атэлье ў Парыжы. Зазнаў уплывы ісп. і галандскага жывапісу 17 ст. У ранні перыяд творчасці блізкі да рамантызму: «Лот з дочкамі», «Вальпургіева ноч» (абодва 1841), «Аўтапартрэт з чорным сабакам» (1842), «Закаханыя ў вёсцы» (1844) і інш. Пасля паездкі ў Галандыю ў 1846 супрацьпаставіў рамантызму і акад. класіцызму мастацтва новага тыпу, якое сцвярджала матэрыяльную каштоўнасць свету і адвяргала маст. каштоўнасць таго, што нельга ўвасобіць адчувальна-прадметна. Імкнуўся да перадачы натуральнай прыгажосці колераў, святлоценявых эфектаў, градацый тонаў, жывапіснай пластыкі, да раскрыцця значнасці і паэтычнасці паўсядзённага жыцця, фіз. працы. У шматфігурных манум. палотнах «Пахаванне ў Арнане» (1849—50), «У майстэрні мастака» (1855) стварыў партрэт франц. грамадства. Сярод інш. твораў: «Каменячосы», «Вячэра ў Арнане» (абодва 1849), «Купальшчыцы» (1853), «Сустрэча (Добры дзень, пан Курбэ!)» (1854), «Веяльшчыцы» (1855), «Жанчыны на беразе Сены» (1857), «Каменяломня ў Аптэво» (каля 1865), «Хваля» (1870). У 1855 у сваім каталогу да Сусв. выстаўкі ў Парыжы апублікаваў «Маніфест рэалізму». Удзельнік Парыжскай камуны 1871, пасля яе падзення абвінавачаны ў разбурэнні Вандомскай калоны і прыгавораны да выгнання. У 1873 эмігрыраваў у Швейцарыю, дзе яго творчасць прыйшла ў заняпад.
Літ.:
Гюстав Курбе: Письма, док., воспоминания современников: Пер. с фр.М., 1970;
Шури М. Здравствуйте, господин Курбе!: Пер. с фр.М., 1977;
Калитина Н. Г.Курбе: Очерк жизни и творчества. М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГО́ЙСК,
горад, цэнтр Лагойскага р-на Мінскай вобл., на р. Гайна. За 40 км ад Мінска, 31 км ад чыг. ст. Смалявічы на лініі Мінск—Орша. Аўтадарогамі злучаны з Мінскам, Лепелем, Смалявічамі, Барысавам, Маладзечна. 9,9 тыс.ж. (1998).
Упершыню згадваецца ў крыніцах у 1078 як горад-крэпасць Полацкай зямлі. З 12 ст. цэнтр удзельнага Лагожскага княства. З 14 ст. ў складзе ВКЛ, уладанне Ягайлы, Скіргайлы, Вітаўта. Пазней належаў князям Чартарыйскім і Тышкевічам. У 19 ст. мястэчка. У 1809—60 у Л. дзейнічала Лагойская палатняна-папяровая мануфактура. У 1842 К.П.Тышкевіч і Я.П.Тышкевіч стварылі Лагойскі музей старажытнасцей. У 1897—2296 ж., цэнтр воласці Барысаўскага пав. З 1924 цэнтр раёна, з 27.9.1938 гар. пасёлак. З 2.7.1941 да 2.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія ў Л. і раёне загубілі 3906 чал. У ноч на 23.12.1942 у выніку Лагойскага бою 1942 партызаны разграмілі тут варожы гарнізон. У 1979—5,3 тыс.ж. З 3.6.1998 горад.
Прадпрыемствы дрэваапр., харч. прам-сці. 2 сярэднія, базавая, муз. і дзіцяча-юнацкая спарт. школы, дамы нар. і дзіцячай творчасці, 2 б-кі, бальніца, паліклініка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкія могілкі сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму. Помнікі: архітэктуры — Мікалаеўская царква (1824); садова-паркавага мастацтва — Лагойскі палацава-паркавы ансамбль. Каля Л. 2 гарадзішчы культуры штрыхаванай керамікі і гарадзішча эпохі Кіеўскай Русі (дзядзінец стараж. Л.). Радзіма бел. археолагаў, гісторыкаў і этнографаў К.П. і Я.П.Тышкевічаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕВАЭСЭ́РАЎСКІ МЯЦЕ́Ж 1918,
узброенае антыбальшавіцкае выступленне левых эсэраў у Маскве 6—7 ліп. з мэтай сарваць выкананне Брэсцкага міру 1918, які яны лічылі пагібельным для краіны і рэвалюцыі. 5 ліп. леваэсэраўская фракцыя на 5-м Усерас. з’ездзе Саветаў зрабіла няўдалую спробу правесці рашэнне аб недаверы ўраду У.І.Леніна. 6 ліп. левы эсэр Я.Р.Блюмкін забіў герм. пасла В.Мірбаха. У той жа дзень левыя эсэры арыштавалі 30 бальшавікоў, у т. л. старшыню ВЧК Ф.Э.Дзяржынскага, старшыню Массавета П.Г.Смідовіча, апіраючыся на свае ўзбр. атрады (больш за 1800 чал.), у ноч на 7 ліп. захапілі цэнтр. тэлеграф, абстралялі з гармат Крэмль і заклікалі інш. часці гарнізона далучыцца да іх. 7 ліп. мяцеж падаўлены. Паводле пастановы ВЧК 8 ліп. 13 актыўных мяцежнікаў расстраляны. Мяцеж падтрымалі мясц. леваэсэраўскія арг-цыі Петраграда, Уладзіміра, Віцебска і некаторых інш. гарадоў. 6 жн. адбыліся мяцяжы ў Оршы (кіраўнік І.І.Буевіч) і Сянно (кіраўнік Дз.Ф.Прышчэпаў). У час следства кіраўнікі левых эсэраў сцвярджалі, што ЦК іх партыі не ставіў за мэту скінуць сав. ўладу і бальшавіцкі ўрад. 27.11.1918 Вярх.рэв. трыбунал асудзіў 13 кіраўнікоў леваэсэраўскай партыі на турэмнае зняволенне ад 1 да 3 гадоў, у т. л. М.А.Спірыдонаву на 1 год (29.11.1918 амнісціравана ВЦВК). Л.м. паставіў партыю левых эсэраў на мяжу катастрофы, яна страціла паліт. ўплыў і дзесяткі тысяч членаў. 5-ы Усерас. з’езд Саветаў 9.7.1918 выключыў левых эсэраў, якія падтрымлівалі лінію свайго ЦК, са складу Саветаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗЫ́РСКІ ДРАМАТЫ́ЧНЫ ТЭА́ТРімя І.Мележа.
Створаны ў 1990 у г. Мазыр Гомельскай вобл. на базе нар.т-рагар. Дома культуры; да 1994 наз.Бел. эксперыментальны т-р «Верасень». Заснавальнік і першы кіраўнік М.Колас. З 1992 дырэктар і маст. кіраўнік С.Кліменка, з 1994 маст. кіраўнік В.Ласоўскі. Т-р працуе ў будынку б. Дома культуры, мае вял. і малую сцэны.
У рэпертуары пераважаюць спектаклі камед. жанру. Т-р плённа працуе з бел. драматургамі, эксперыментуе ў галіне муз. відовішча: «Несцерка» В.Вольскага, «Welcome ў нашу вёску» Г.Марчука, «Хачу быць мільянерам» А.Дзялендзіка, «Шкірдзюкі займаюць абарону» В.Ткачова, «Мар’я» А.Кудраўцава, «Купальская ноч» і «Гуляць дык гуляць» («Вяртаецца муж з камандзіроўкі») Ю.Куліка, «Трышчан ды Іжота» С.Кавалёва і інш. Значнае месца ў рэпертуары займаюць творы класічнай і сучаснай замежнай драматургіі: «Даходнае месца» А.Астроўскага, «Пад адным дахам» Л.Разумоўскай, «Ехай» Н.Садур, «Стваральніца цуда» і «Утаймаванне тырана» У.Гібсана, «Як пазнаёміцца з бацькам» («Хачу здымацца ў кіно») паводле Н.Саймана і інш. Сярод пастановак для дзяцей: «Прыгоды Люстрынкі, ці Несусветнае зладзейства» І.Сідарука, «Прынцэса і Янка» У.Ягоўдзіка, «Беласнежка і сем гномаў» Л.Усцінава і А.Табакова, «Птушка, што забыла сваю песню» паводле Г.Пракопа і інш. Лепшыя спектаклі т-ра вызначаюцца музычнасцю, дынамічным рытмам, сакавітым гумарам і рэжысёрскай фантазіяй. Тэатр — лаўрэат Міжнар тэатр. фестывалю «Студыйныя каляды» ў Мінску (1991).
В.А.Грыбайла.
Мазырскі драматычны тэатр імя І.Мележа. Сцэна са спектакля «Утаймаванне тырана».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКО́ЎСКІ ТЭА́ТР «СУЧА́СНІК».
Засн. ў 1956 як Студыя маладых акцёраў (пераважна з выпускнікоў Школы-студыі імя У.Неміровіча-Данчанкі), з 1957 тэатр-студыя «Сучаснік», з 1964 сучасная назва. Заснавальнік і гал. рэжысёр т-ра А.Яфрэмаў (да 1970), з 1972 гал. рэжысёр Г.Волчак. Першы спектакль — «Вечна жывыя» В.Розава (1956). Т-р узнік у спрэчцы з афіц. мастацтвам канца 1940 — пач. 1950-х г., выражаў настроі грамадства перыяду «адлігі». Мастацтва т-ра, заснаванае на сучаснай драматургіі, вызначалася дэмакратызмам, маральным пафасам. У далейшым т-р звярнуўся да класікі; сцэн. стыль стаў больш складаным і багатым. Сярод пастановак: «Голы кароль» Я.Шварца (1960), «Без крыжа» паводле У.Цендракова, «Назначэнне» А.Валодзіна (абедзве 1963), «Звычайная гісторыя» Розава паводле І.Ганчарова (1966), «Балалайкін і К°» С.Міхалкова паводле М.Салтыкова-Шчадрына (1973), «Эшалон» (1975) і «Валянцін і Валянціна» (1976) М.Рошчына, «Дванаццатая ноч» У.Шэкспіра (1975), «Рэвізор» М.Гогаля (1984), «Хто баіцца Вірджыніі Вулф?» Э.Олбі (1985), «Кватэра Каламбіны» Л.Петрушэўскай (1986), «Круты маршрут» паводле Я.Гінзбург (1989), «Пігмаліён» Б.Шоу (1994), «Тры таварышы» А.Гетмана паводле Э.М.Рэмарка (1999) і інш. У розныя гады ў т-ры працавалі і працуюць акцёры: Л.Ахеджакава, А.Вярцінская, В.Гафт, А.Даль, Н.Дарошына, Я.Еўсцігнееў, М.Казакоў, І.Кваша, Т.Лаўрова, А.Мягкоў, М.Няёлава, А.Табакоў, Л.Талмачова, П.Шчарбакоў і інш.; рэжысёры: Р.Вікцюк, Кваша, Г.Таўстаногаў, В.Фокін, А.Эфрас і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕНДЭЛЬСО́Н, Мендэльсон-Бартольдзі (Mendelssohn-Bartholdy) Якаб Людвіг Фелікс (3.2.1809, г. Гамбург, Германія —4.11.1847), нямецкі кампазітар, піяніст, арганіст, дырыжор, муз. дзеяч; адзін з прадстаўнікоў ням. рамантызму, заснавальнік лейпцыгскай школы. Музыцы вучыўся ў Л.Бергера (фп.) і К.Ф.Цэльтэра (кампазіцыя). З 1833 музік-дырэктар у Дзюсельдорфе, з 1835 дырыжор і кіраўнік аркестра Гевандхаўза. Заснавальнік першай ням. кансерваторыі (Лейпцыг, 1843). У творчасці спалучаў прынцыпы рамантызму з арганічным развіццём класічных традыцый. У яго музыцы яснасць і ўраўнаважанасць, элегічнасць тону, апора на быт. формы музіцыравання, інтанацыі ням. песеннасці і пратэстанцкага харалу спалучаюцца з маляўнічасцю аркестроўкі, трапяткой усхваляванасцю, прасветленай летуценнасцю. Адзін з заснавальнікаў рамант. сімфанізму, у т. л. жанру праграмнай канцэртнай уверцюры. Сярод твораў: оперы «Вяселле Камача» паводле М.Сервантэса (паст. 1827), «Вяртанне з чужыны» (паст. 1829), «Ларэлея» (паст. 1852, незак.), араторыі «Павел» (1836), «Ілія» (1846), «Хрыстос» (незак.), царк.хар. музыка, кантаты; 5 сімфоній (1824—42), у т. л. Італьянская (1833) і Шатландская (1842); 7 канцэртных уверцюр, у т. л. «Гебрыды, або Фінгалава пячора» (1830); 13 сімфоній для стр.арк. (1821—23); канцэрты з арк., у т. л. для фп. (1831, 1837), для скрыпкі (1844); камерныя ансамблі, у т. л. 4 фп., 7 стр. квартэтаў; творы для фп., у т. л. 48 «Песень без слоў» (1829—45), для аргана, у т. л. 6 санат; каля 60 хароў, больш за 100 песень; музыка да драм. спектакляў (у т. л. да п’есы «Сон у летнюю ноч» У.Шэкспіра) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́РСКІ БОЙ 1812.
Адбыўся 9—10 ліп. каля мяст. Мір (цяпер г.п. Мір Гродзенскай вобл.) паміж рас. казацкім корпусам ген. М.І.Платава і дывізіяй польскіх уланаў ген. А.Ражнецкага са складу напалеонаўскіх войск у час вайны 1812. Адступаючы з Ваўкавыска на Нясвіж, камандуючы 2-й Зах. арміі ген. П.І.Баграціён загадаў Платаву затрымаць ворага на 2 дні каля Міра. У склад рас. корпуса ўваходзілі 3 казацкія брыгады (5 тыс.чал.). Дывізія ген. Ражнецкага налічвала 6 палкоў. За 3 вярсты ад Міра па дарозе на Карэлічы была падрыхтавана засада, з Міра іх павінен быў падтрымаць полк Сысоева. 9 ліп. 3 палкі польскай дывізіі пад камандаваннем ген. К.Турно пачалі атаку на Мір, але былі контратакаваны казакамі з засады, якіх падтрымалі інш. палкі корпуса Платава. У ноч на 10 ліп. да Платава падышоў атрад І.В.Васільчыкава (16 эскадронаў). Платаў пакінуў у Міры 3 казацкія палкі, а з астатнімі пачаў адступленне на Нясвіж. Раніцай 10 ліп. дывізія Ражнецкага размясцілася каля Міра і пачала дзеянні супраць часцей Васільчыкава. Спачатку праціўнік пацясніў рускіх, але з падыходам брыгады Д.Е.Куцейнікава палякі адступілі да Міра, дзе іх чакала дапамога ў складзе коннай брыгады ген. Т.Тышкевіча і артыл. брыгады. Пасля бою корпус ген. Платава адышоў да Нясвіжа і 12 ліп. далучыўся да гал. сіл 2-й Зах. арміі. М.б. даў магчымасць 2-й Зах. арміі адарвацца ад праследавання і праз Слуцк і Бабруйск рушыць на злучэнне з 1-й Зах. арміяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛО́НСКІ (Якаў Пятровіч) (18.12.1819, г. Разань, Расія — 30.10.1898),
рускі пісьменнік. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1886). Скончыў Маскоўскі ун-т (1844). Жыў у Адэсе, Тбілісі. З 1851 у Пецярбургу, рэдагаваў час. «Русское слово» (1859—60), служыў у Камітэце замежнай цэнзуры, у Савеце Гал. ўпраўлення па справах друку (1860—96). Друкаваўся з 1840. Першы зб. вершаў — «Гамы» (1844). Паэзіі П. ўласцівы напружаны драматызм, нар.-песенныя матывы, выкарыстанне сюжэтна-навелістычнай кампазіцыі, казачных і міфал. вобразаў, нар. мовы; зб-кі «Вершы 1845 года» (1846), «Сазандар» (1849; на каўк. матэрыяле), «Адбіткі» (1866), «Снапы» (1871), «Вячэрні звон» (1890) і інш. Аўтар жартоўнай паэмы-казкі «Конік-музыкант» (1859), гіст. паэм «Браты» (1866—70), «Келіёт» (1874), аўтабіягр. рамана ў вершах «Свежае паданне» (1861—62, незавершаны), раманаў «Прызнанні Сяргея Чалыгіна» (1867), «Танны горад» (1879), п’ес у вершах і прозе, у т. л. «Разлад» (1864, пра паўстанне 1863—64), лібрэта оперы «Каваль Вакула» (1872, паст. 1876; паводле аповесці «Ноч перад Калядамі» М.Гогаля; муз. П.Чайкоўскага), аповесцей, апавяданняў, нарысаў, мемуараў, публіцыст. артыкулаў і інш. Многія вершы П. пакладзены на музыку А.Даргамыжскім, С.Рахманінавым, С.Танеевым, Чайкоўскім і інш.Нар. песнямі сталі «Песня цыганкі» («Мой касцёр у тумане свеціць...») і «Пустэльніца». На бел. мову асобныя яго творы пераклаў Ф.Баторын.