УЛА́ШЧАНКА Леанід Аляксандравіч (н. 29.8.1941, в. Нагульная Тарасаўка Данецкай вобл., Украіна),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1997). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1965). Працуе ў Бел. рэсп. т-ры юнага гледача. Выканаўца роляў маладых герояў, станоўчых персанажаў: Раман («Сіні снег» Я.Шабана), Заслонаў («Паядынак» М.Матукоўскага), Фелікс («Юнацтва рыцара» В.Зуба), Міця («З любімымі не расставайцеся» А.Валодзіна), герцаг Арсіна («Дванаццатая ноч» У.Шэкспіра), Д’Артаньян («Тры мушкецёры» паводле А.Дзюма-бацькі), Келер («Стваральніца цуду» У.Гібсана). Асаблівасці творчай індывідуальнасці акцёра выявіліся ў характарных ролях: Кручкоў («Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча), дзед Астап («Міколка-паравоз» паводле М.Лынькова), Гарэцкі («Ваўкі і авечкі» А.Астроўскага), Кальмон, Тарталля («Зялёная птушка», «Шчаслівыя жабракі» К.Гоцы), кот Базыль («Палёт у краіну мрояў» М.Варфаламеева), Тата («Ніхто не паверыць» паводле Я.Экхольма). Аўтар цыклаў радыёпастановак «Казкі дзядзечкі Рымуса» (1997—98), «Казачныя літары» (2000—01) і інш. Кіраўнік дзіцячай тэатр. студыі «Надзея» (з 1995). Аўтар кн. для дзяцей «Як Верабейка сябра шукаў» (1981), «Птушка шчасця» (1991).
Дз.У.Стэльмах.
т. 16, с. 221
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)