ЛАСЕ́НКА Антон Паўлавіч (10.8.1737, г. Глухаў Сумскай вобл., Украіна — 4.12.1773),
расійскі жывапісец і рысавальшчык. Вучыўся ў Пецярбургу ў майстэрні І.Аргунова (1753—58) і АМ (1758—60). ПенсіянерАМ у Парыжы (1760—65), Рыме (1766—69). З 1770 праф. Пецярбургскай АМ, з 1772 — яе дырэктар. Пісаў карціны на біблейскія і міфалагічныя тэмы, працаваў у гіст. і партрэтным жанрах. У творчасці спалучаў патэтычнасць вобразаў і дынамічнасць кампазіцый позняга барока з традыцыямі класіцызму. Сярод твораў: «Дзівосны ўлоў рыбы» (1762), «Ахвярапрынашэнне Аўрама» (1765), «Каін» (1768), «Зеўс і Фетыда» (1769), «Уладзімір перад Рагнедай» (1770), «Развітанне Гектара з Андрамахай» (1773), партрэты П.Шувалава (1760), Ф.Волкава (1763) і інш. Яго малюнкам уласцівы дакладнасць форм і тонкая тэхніка. Склаў вучэбны дапаможнік «Тлумачэнне сціслай прапорцыі чалавека...» (1772).
Літ.:
Каганович А.Л. Антон Лосенко и русское искусство середины XVIII столетия. М., 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЭ́ЦКІ Фадзей Антонавіч (5.5.1825, в. Дусяняты Віленскага пав., Літва — 31.1.1868),
жывапісец. Вучыўся ў Вільні ў В.Ваньковіча, у Пецярбургскай АМ (1841—50) у К.Брулова. У 1843—47 дапамагаў Брулову ў выкананні размалёвак Ісакіеўскага сабора ў Пецярбургу (альфрэска). У 1848—49 і 1855 жыў на Віцебшчыне. У 1850—54 пенсіянерАМ за мяжой (Італія, Іспанія, Галандыя), выконваў копіі класічных карцін. Пасля 1856 жыў пераважна ў Парыжы, у 1867 прыязджаў у Вільню і Пецярбург. Аўтар карцін: «Унутраны перспектыўны від Лютэранскай царквы св. Пятра» (1842), «Сляпы жабрак з павадыром» (1843), «Споведзь маладой дзяўчыны ў ксяндза» (1845), «Хрыстос благаслаўляе дзяцей» (1848), «Перспектыўны від Альгамбры», «Пілігрымы», «Апошняе прычашчэнне» (усе 1850-я г.; за апошнія тры ў 1854 атрымаў званне акадэміка), партрэтаў Л.Гарэцкага (1843), А.Міцкевіча (1847), адваката Палаўскага (1848), архіепіскапа Дмахоўскага (канец 1840-х г.), П.Клота (1850), аўтапартрэта і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВА́НАЎ Аляксандр Андрэевіч (28.7.1806, С.-Пецярбург — 15.7.1858),
рускі жывапісец. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1817—28; з 1836 акадэмік) у свайго бацькі А.Л.Іванава і ў А.Я.Ягорава. У 1830 пенсіянер у Італіі, у 1831—58 жыў у Рыме. Раннія творы маюць рысы класіцызму («Прыям просіць у Ахілеса цела Гектара», 1824; «Белерафонт накіроўваецца ў паход супраць Хімеры», 1829; «Апалон, Гіяцынт і Кіпарыс», 1831—34; «Яўленне Хрыста Марыі Магдаліне», 1835). Значную частку жыцця прысвяціў працы над манум. палатном «Яўленне Хрыста народу» (1837—57). Евангельскі сюжэт трактуецца як рэальная гіст. падзея, асн. змест якой — абнаўленне старога свету хрысціянствам з яго ідэаламі роўнасці і духоўнага адраджэння людзей. Шматфігурная кампазіцыя паказвае шэраг выразных характараў, жывапісная форма і каларыт вылучаюцца жыццёвасцю. Самастойнае значэнне мае серыя «Біблейскія эскізы» (пейзажы, партрэты, накіды) да карціны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РТАС Іван Пятровіч (1754, г. Ічня Чарнігаўскай вобл., Украіна — 17.4. 1835),
расійскі скульптар; прадстаўнік класіцызму. Скончыў Пецярбургскую АМ (1773), выкладаў у ёй у 1779—1835 (з 1814 рэктар). У 1773—79 пенсіянерАМ у Рыме. Майстар мемар. пластыкі, у якой гарманічна спалучаў грамадз. пафас і ідэальную ўзнёсласць вобразаў з іх жыццёвай пераканаўчасцю: надмагіллі С.С.Валконскай (1782), М.І.Паніна (1788), Е.С.Куракінай (1792), Паўла I (1807) і інш. Помнікі К.Мініну і Дз.Пажарскаму (1804—18, Масква), А.Э.Рышэльё (1823—28, Адэса), М.Ламаносаву (1826—29, Архангельск), Аляксандру I (1828—31, Таганрог) вызначаюцца велічнасцю вобразаў, якая ўвасабляе ант. ідэалы мужнасці і дасканалай прыгажосці. Аўтар манум.-дэкар. статуі «Актэон» для фантанаў Пецяргофа (1801), рэльефу «Здабыванне Майсеем вады ў пустыні» на атыку Казанскага сабора ў Пецярбургу (1804—07), партрэтных бюстаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЫСЦЯКО́Ў Павел Пятровіч (5.7.1832, с. Пруды Цвярской вобл., Расія — 11.11.1919),
расійскі педагог і жывапісец. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1849—61). ПенсіянерАМ у Парыжы і Рыме (1862—70). У 1860—64 выкладаў у Рысавальнай школе Пецярбургскага т-ва заахвочвання мастацтваў, з 1872 у Пецярбургскай АМ (у 1908—10 праф.-кіраўнік майстэрні, у 1890—1912 заг. мазаічнага аддз.). Яго пед. метад, засн. на спалучэнні непасрэднага ўспрыняцця натуры з яе навук. вывучэннем, адыграў вял. ролю ў развіцці рэалізму ў рус. мастацтве 2-й пал. 19 ст. Сярод вучняў В.Васняцоў, В.Паленаў, І.Рэпін, В.Сяроў, В.Сурыкаў, М.Урубель. У гіст. і жанравых партрэтах імкнуўся да драматызацыі гіст. сюжэта і псіхал. насычанасці вобразнага ладу: «Вялікая княгіня Соф’я Вітаўтаўна зрывае пояс з Васіля Касога на вяселлі Васіля Цёмнага» (1861), «Баярын» (1876).
Тв.:
Письма, записные книжки, воспоминания. М., 1953.
Літ.:
Молева Н., Белютин Э. П.П.Чистяков — теоретик и педагог. М., 1953.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ Мікалай Мікалаевіч (27.2.1831, г. Варонеж, Расія — 13.6.1894),
рускі жывапісец. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1850—57), пенсіянерАМ у Італіі (1857—63). Працаваў у Рыме (1857—59) і Фларэнцыі (1860—69). З 1870 у Пецярбургу. Зазнаў уплыў К.Брулова і А.Іванава. Адзін з заснавальнікаў Таварыства перасоўных мастацкіх выставак. У ранніх творах традыц. для акад. мастацтва евангельскія тэмы трактаваў з глыбокім псіхалагізмам і драматызмам («Тайная вячэра», 1863; «Вестуны ўваскрэсення», 1867). У карцінах на евангельскія тэмы («Што ёсць ісціна?», 1890; «Распяцце», 1892—94, «Галгофа», 1893) сцвярджаў блізкія да поглядаў Талстога ідэі духоўнага пратэсту супраць зла, веліч ахвярнага подзвігу ў імя ідэі. Звяртаўся да гіст. жывапісу («Пётр I дапытвае царэвіча Аляксея Пятровіча ў Пецяргофе», 1871, і інш.), пейзажаў, партрэтаў. Яго партрэты перадаюць складанасць духоўнага жыцця чалавека («А.І.Герцэн», 1867, «Л.М.Талстой», 1884, «Аўтапартрэт», 1893). У Нац.маст. музеі Беларусі тры карціны Ге: «Ахілес аплаквае цела Патрокла», 1855, «Рымлянка», 1857, «Мужчынская галава», 1868.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЛО́ЎСКІ Міхаіл Іванавіч (6.11.1753, С.-Пецярбург — 30.9.1802),
рускі скульптар і рысавальшчык. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1764—73) у Н.Жыле і А.Ласенкі; пенсіянерАМ у Рыме (1774—79) і Парыжы (1779—80), дзе працаваў у 1788—90. З 1794 акад. і праф. Пецярбургскай АМ. Прадстаўнік класіцызму, рысы якога спалучаў з жывапіснасцю барока. Творчасць прасякнута ідэямі асветніцтва, гуманізмам і эмацыянальнасцю. У ранніх творах адчуваецца імкненне да ўраўнаважанасці і строгай пластычнай формы (рэльефы для Мармуровага палаца ў Пецярбургу, 1787; «Няспанне Аляксандра Македонскага», 1780-я г.). Пазней ствараў пластычна тонкія, пастаральна-ідылічныя статуі («Амур спіць», 1792), творы нац.гіст. тэматыкі («Якаў Далгарукі разрывае царскі ўказ», 1797), алегарычныя ўвасабленні воінскай славы Расіі («Геркулес на кані», 1799; помнік А.Сувораву ў Пецярбургу, 1799—1801; «Самсон раздзірае пашчу льву», 1800—02). Развіваў мастацтва класічнага манум. надмагілля (П.Мялісіна, 1800; С.Строганавай, 1801—02). Аўтар малюнкаў «Расійская лазня» (1778), «Меропа» (1790), «Смерць Іпаліта» (1792) і інш. Сярод вучняў С.Піменаў і В.Дэмут-Маліноўскі.
Літ.:
Петров В.Н. М.И.Козловский, 1753—1802. 2 изд. Л., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШУ́БІН Фядот Іванавіч (28.5.1740, в. Цючкоўская Архангельскай вобл., Расія — 24.5.1805),
рускі скульптар; адзін з буйнейшых прадстаўнікоў асветніцкага класіцызму ў рус. мастацтве. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ у Н.Жыле (1761—67), з 1774 акад. у ёй, з 1794 прафесар. ПенсіянерАМ у Парыжы (1767—70), дзе працаваў пад кіраўніцтвам Ж.Б.Пігаля, і Рыме (1770—72). З 1773 у Пецярбургу. Творча пераасэнсаваў лепшыя дасягненні партрэтнай пластыкі франц. ракако, архітэктоніку партрэтнага бюста рус. класіцызму і стварыў уласны варыянт стылю, абумоўлены асветніцкімі ідэямі 18 ст. Раннія творы створаны пад уплывам ант. мастацтва: партрэты І.Шувалава, Ф.Галіцына (абодва 1771). Больш познім творам уласцівы аналіт. падыход да натуры, падкрэсленая шматгранная характарнасць, арганічнасць маст. вобраза: партрэты З.Чарнышова (1774), А.Галіцына (1775), М.Панінай, «Невядомага» (абодва сярэдзіна 1770-х г.), Р.Пацёмкіна-Таўрычаскага (1791), М.Ламаносава (1792), А.Безбародкі (каля 1798). Аўтар 58 медальёнаў з выявамі рус. князёў і цароў (1774—75), статуй і рэльефаў для Мармуровага палаца (1775—82) і Троіцкага сабора Аляксандра-Неўскай лаўры (1786—89), статуі «Кацярына II — заканадаўца» (1789—90) для Таўрычаскага палаца ў Пецярбургу.
Літ.:
Лазарева О.П. Русский скульптор Ф.Шубин. М., 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАРО́Ў Іван Ягоравіч (23.2.1745, С.-Пецярбург — 17.4.1808),
рускі архітэктар; адзін з заснавальнікаў рус.класіцызму. Акад. Пецярбургскай АМ (з 1769). Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1758—62), выкладаў у ёй (1769—72, з 1785 праф.). Як пенсіянерАМ у 1762—68 працаваў у Парыжы і Рыме. У 1772—74 гал. архітэктар Камісіі па мураванай будоўлі Пецярбурга і Масквы. Аўтар сядзібных ансамбляў у Багародзіцку каля Тулы, Нікольскім-Гагарыне каля Масквы (абодва 1773—76), Тайцах (з 1774) і Сіворыцах (1775—76) пад Пецярбургам. З 1774 працаваў над рэканструкцыяй Аляксандра-Неўскай лаўры, пабудаваў там Троіцкі сабор. Найб. значная яго пабудова — Таўрычаскі палац. У пач. 1790-х г. працаваў на Украіне (сабор у Мікалаеве і інш.). З 1800 узначальваў буд. кантроль пры ўзвядзенні Казанскага сабора ў Пецярбургу. Сярод работ на Беларусі: тыпавы праект мураванага і драўлянага паштовага дома (1772; мураваныя дамы пабудаваны ў Віцебску, Магілёве, Полацку); праекты планіроўкі гасцінага двара, сядзібнага дома для рэзідэнцыі графа Р.А.Пацёмкіна і перабудовы Спаскай царквы (1784) у г. Дуброўна (Віцебская вобл.), праект палаца Пацёмкіна (канец 1780-х г.) і суднабуд. верфі (1785) у г. Крычаў (Магілёўская вобл.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕ́НАЎ Васіль Дзмітрыевіч (1.6.1844, С.-Пецярбург — 18.7.1927),
расійскі жывапісец. Нар. мастак Расіі (1926). Правадз.чл. Пецярбургскай АМ (1893). Вучыўся ў П.Чысцякова і І.Крамскога, скончыў Пецярбургскую АМ (1871), у 1882—95 выкладаў у Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства. У 1872—76 пенсіянерАМ у Італіі, Францыі, Германіі; працаваў у духу салоннага акадэмізму на тэмы зах.-еўрап. гісторыі («Права пана», 1874, і інш.). У 1876 мастак-карэспандэнт на серба-чарнагорска-тур. вайне, у 1877—78 — на руска-тур. З 1878 чл.Т-ва перасоўных маст. выставак (гл.Перасоўнікі). Зазнаў уплывы А.Саўрасава і Ф.Васільева. Працаваў пераважна ў жанры пейзажа, у які прыўносіў жанравы і лірыка-асацыятыўны пачатак. У творах, якія вызначаліся кампазіцыйнай завершанасцю, дакладнасцю малюнка і свабоднай манерай пісьма, адзін з першых у рус. жывапісе перадаў пленэрную свежасць каларыту, увасобіў натуральнасць матыву рас. прыроды, непарыўна звязанай са штодзённым жыццём чалавека: «Маскоўскі дворык», «Бабулін сад» (абодва 1878), «Зарослая сажалка» (1879), «Залатая восень» (1893) і інш. Звяргаўся і да евангельскіх сюжэтаў, якім часта надаваў жанравую ці пейзажную афарбоўку («Хрыстос і грэшніца», 1886—87), да гуманіст. («Хворая», 1886) і рэв. («Барыкады на Садовай», 1905) тэматыкі. З 1873 афармляў спектаклі Маскоўскай прыватнай рус. оперы С.І.Мамантава. У 1910—18 вёў у Маскве асветную дзейнасць па арганізацыі нар. тэатра. З 1917 жыў у сядзібе Барок (цяпер Паленава Тульскай вобл.), дзе стварыў маст. музей.