СТАРО́Ў Іван Ягоравіч (23.2.1745, С.-Пецярбург — 17.4.1808),
рускі архітэктар; адзін з заснавальнікаў рус. класіцызму. Акад. Пецярбургскай АМ (з 1769). Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1758—62), выкладаў у ёй (1769—72, з 1785 праф.). Як пенсіянер АМ у 1762—68 працаваў у Парыжы і Рыме. У 1772—74 гал. архітэктар Камісіі па мураванай будоўлі Пецярбурга і Масквы. Аўтар сядзібных ансамбляў у Багародзіцку каля Тулы, Нікольскім-Гагарыне каля Масквы (абодва 1773—76), Тайцах (з 1774) і Сіворыцах (1775—76) пад Пецярбургам. З 1774 працаваў над рэканструкцыяй Аляксандра-Неўскай лаўры, пабудаваў там Троіцкі сабор. Найб. значная яго пабудова — Таўрычаскі палац. У пач. 1790-х г. працаваў на Украіне (сабор у Мікалаеве і інш.). З 1800 узначальваў буд. кантроль пры ўзвядзенні Казанскага сабора ў Пецярбургу. Сярод работ на Беларусі: тыпавы праект мураванага і драўлянага паштовага дома (1772; мураваныя дамы пабудаваны ў Віцебску, Магілёве, Полацку); праекты планіроўкі гасцінага двара, сядзібнага дома для рэзідэнцыі графа Р.А.Пацёмкіна і перабудовы Спаскай царквы (1784) у г. Дуброўна (Віцебская вобл.), праект палаца Пацёмкіна (канец 1780-х г.) і суднабуд. верфі (1785) у г. Крычаў (Магілёўская вобл.).
Літ.:
Кючарианц Д.А. И.Старов. Л., 1982;
Морозов В.Ф. Петербургские зодчие — Белоруссии // Ленингр. панорама. 1982. № 12.
В.Ф.Марозаў.
т. 15, с. 163
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)