МА́РТАС (Іван Пятровіч) (1754, г. Ічня Чарнігаўскай вобл., Украіна — 17.4. 1835),
расійскі скульптар; прадстаўнік класіцызму. Скончыў Пецярбургскую АМ (1773), выкладаў у ёй у 1779—1835 (з 1814 рэктар). У 1773—79 пенсіянер АМ у Рыме. Майстар мемар. пластыкі, у якой гарманічна спалучаў грамадз. пафас і ідэальную ўзнёсласць вобразаў з іх жыццёвай пераканаўчасцю: надмагіллі С.С.Валконскай (1782), М.І.Паніна (1788), Е.С.Куракінай (1792), Паўла I (1807) і інш. Помнікі К.Мініну і Дз.Пажарскаму (1804—18, Масква), А.Э.Рышэльё (1823—28, Адэса), М.Ламаносаву (1826—29, Архангельск), Аляксандру I (1828—31, Таганрог) вызначаюцца велічнасцю вобразаў, якая ўвасабляе ант. ідэалы мужнасці і дасканалай прыгажосці. Аўтар манум.-дэкар. статуі «Актэон» для фантанаў Пецяргофа (1801), рэльефу «Здабыванне Майсеем вады ў пустыні» на атыку Казанскага сабора ў Пецярбургу (1804—07), партрэтных бюстаў і інш.