ІВА́НАЎ (Аляксандр Андрэевіч) (28.7.1806, С.-Пецярбург — 15.7.1858),

рускі жывапісец. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1817—28; з 1836 акадэмік) у свайго бацькі А.Л.Іванава і ў А.​Я.​Ягорава. У 1830 пенсіянер у Італіі, у 1831—58 жыў у Рыме. Раннія творы маюць рысы класіцызму («Прыям просіць у Ахілеса цела Гектара», 1824; «Белерафонт накіроўваецца ў паход супраць Хімеры», 1829; «Апалон, Гіяцынт і Кіпарыс», 1831—34; «Яўленне Хрыста Марыі Магдаліне», 1835). Значную частку жыцця прысвяціў працы над манум. палатном «Яўленне Хрыста народу» (1837—57). Евангельскі сюжэт трактуецца як рэальная гіст. падзея, асн. змест якой — абнаўленне старога свету хрысціянствам з яго ідэаламі роўнасці і духоўнага адраджэння людзей. Шматфігурная кампазіцыя паказвае шэраг выразных характараў, жывапісная форма і каларыт вылучаюцца жыццёвасцю. Самастойнае значэнне мае серыя «Біблейскія эскізы» (пейзажы, партрэты, накіды) да карціны.

Літ.:

Загянская Г.А. Пейзажи А.​Иванова. М., 1976;

Алленов М.М. А.​А.​Иванов. М., 1980;

Яго ж. А.​А.​Иванов: [Альбом]. Л., 1981.

В.​Я.​Буйвал.

А.А.Іванаў. Яўленне Хрыста народу. 1837—57.

т. 7, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)