рускі скульптар і рысавальшчык. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1764—73) у Н.Жыле і А.Ласенкі; пенсіянер АМ у Рыме (1774—79) і Парыжы (1779—80), дзе працаваў у 1788—90. З 1794 акад. і праф Пецярбургскай АМ. Прадстаўнік класіцызму, рысы якога спалучаў з жывапіснасцю барока. Творчасць прасякнута ідэямі асветніцтва, гуманізмам і эмацыянальнасцю. У ранніх творах адчуваецца імкненне да ўраўнаважанасці і строгай пластычнай формы (рэльефы для Мармуровага палаца ў Пецярбургу, 1787; «Няспанне Аляксандра Македонскага», 1780-я г.). Пазней ствараў пластычна тонкія, пастаральна-ідылічныя статуі («Амур спіць», 1792), творы нац.гіст. тэматыкі («Якаў Далгарукі разрывае царскі ўказ», 1797), алегарычныя ўвасабленні воінскай славы Расіі («Геркулес на кані», 1799; помнік А.Сувораву ў Пецярбургу, 1799—1801; «Самсон раздзірае пашчу льву», 1800—02). Развіваў мастацтва класічнага манум. надмагілля (П.Мялісіна, 1800; С.Строганавай, 1801—02). Аўтар малюнкаў «Расійская лазня» (1778), «Меропа» (1790), «Смерць Іпаліта» (1792) і інш. Сярод вучняў С.Піменаў і В.Дэмут-Маліноўскі.
Літ.:
Петров В.Н. М.И.Козловский, 1753—1802. 2 изд. Л., 1983.