ШУ́БІН Фядот Іванавіч (28.5.1740, в. Цючкоўская Архангельскай вобл., Расія — 24.5.1805),
рускі скульптар; адзін з буйнейшых прадстаўнікоў асветніцкага класіцызму ў рус. мастацтве. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ у Н.Жыле (1761—67), з 1774 акад. у ёй, з 1794 прафесар. Пенсіянер АМ у Парыжы (1767—70), дзе працаваў пад кіраўніцтвам Ж.Б.Пігаля, і Рыме (1770—72). З 1773 у Пецярбургу. Творча пераасэнсаваў лепшыя дасягненні партрэтнай пластыкі франц. ракако, архітэктоніку партрэтнага бюста рус. класіцызму і стварыў уласны варыянт стылю, абумоўлены асветніцкімі ідэямі 18 ст. Раннія творы створаны пад уплывам ант. мастацтва: партрэты І.Шувалава, Ф.Галіцына (абодва 1771). Больш познім творам уласцівы аналіт. падыход да натуры, падкрэсленая шматгранная характарнасць, арганічнасць маст. вобраза: партрэты З.Чарнышова (1774), А.Галіцына (1775), М.Панінай, «Невядомага» (абодва сярэдзіна 1770-х г.), Р.Пацёмкіна-Таўрычаскага (1791), М.Ламаносава (1792), А.Безбародкі (каля 1798). Аўтар 58 медальёнаў з выявамі рус. князёў і цароў (1774—75), статуй і рэльефаў для Мармуровага палаца (1775—82) і Троіцкага сабора Аляксандра-Неўскай лаўры (1786—89), статуі «Кацярына II — заканадаўца» (1789—90) для Таўрычаскага палаца ў Пецярбургу.
Літ.:
Лазарева О.П. Русский скульптор Ф.Шубин. М., 1965.