ЛА́ЗАРАЎ (Мікалай Аляксандравіч) (25.8. 1905, г. Смаргонь Гродзенскай вобл. — 16.1.1980),
бел. спявак (драм. тэнар). Засл. арт. Беларусі (1954). На оперную сцэну прыйшоў з маст. самадзейнасці. У 1937—61 (з перапынкам) саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Прыроджаная музыкальнасць і артыстызм дазвалялі яму выконваць разнапланавыя партыі: Міхась, Сяргей («Міхась Падгорны», «Алеся» Я.Цікоцкага), Нупрэй («Яснае світанне» А.Туранкова), Мечыслаў («Кастусь Каліноўскі» Дз.Лукаса), Герман, Андрэй, Вакула («Пікавая дама», «Мазепа», «Чаравічкі» П.Чайкоўскага), Князь («Русалка» А.Даргамыжскага), Сабінін («Іван Сусанін» М.Глінкі), Андрэй («Запарожац за Дунаем» С.Гулак-Арцямоўскага), Стэфан («Страшны двор» С.Манюшкі), Хазэ («Кармэн» Ж.Бізэ), Пінкертон («Чыо-Чыо-сан» Дж.Пучыні).
Дз.М.Жураўлёў.
т. 9, с. 98
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛА́ЗАЎ (Уладзімір Міхайлавіч) (25.6.1915, Масква — 20.5.1980),
бел. і рускі спявак (барытон). Засл. арт. Беларусі (1954). У 1938—49 саліст Ансамбля песні і танца Сав. Арміі імя А.В.Аляксандрава. У 1951—61 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. У 1962—75 саліст Москанцэрта. Валодаў голасам прыемнага тэмбру, шырокага дыяпазону, пачуццём стылю. Стварыў разнапланавыя вобразы ў нац. операх: Змітрок і фон Шолен («Міхась Падгорны» і «Дзяўчына з Палесся» Я.Цікоцкага), Лагоўскі («Яснае світанне» А.Туранкова), Лявон («Калючая ружа» Ю.Семянякі); у класічных — Мечнік («Страшны двор» С.Манюшкі), Мазепа, Томскі і Ялецкі, Анегін («Мазепа», «Пікавая дама», «Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Жэрмон, граф ды Луна, Рэната («Травіята», «Трубадур», «Баль-маскарад» Дж.Вердзі).
Б.С.Смольскі.
т. 5, с. 284
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́Р’ЕЎ (Віктар Фёдаравіч) (н. 11.8.1926, с. Барысаўка Жытомірскай вобл., Украіна),
бел. спявак (лірыка-драм. тэнар). Засл. арт. Беларусі (1967). Скончыў Бел. кансерваторыю (1960). У 1960—92 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Выконваў партыі рознага плана, ад лірыка-драм. да характарных: Сяргей («Алеся» Я.Цікоцкага), Мікалай («Яснае світанне» А.Туранкова), Нунцый («Джардана Бруна» С.Картэса), Супонька («Калі ападае лісце» Ю.Семянякі, Князь («Русалка» А.Даргамыжскага), Герман («Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Арэст («Арэстэя» С.Танеева), Лыкаў, Гвідон («Царская нявеста», «Залаты пеўнік» М.Рымскага-Корсакава), Атэла, Манрыка («Атэла», «Трубадур» Дж.Вердзі), Пінкертон, Каварадосі («Чыо-Чыо-сан», «Тоска» Дж.Пучыні), Хазэ («Кармэн» Ж.Бізэ), Катэ («Кето і Катэ» В.Далідзе), Міндыя («Міндыя» А.Тактакішвілі), Барклай дэ Толі («Вайна і мір» С.Пракоф’ева).
Б.С.Смольскі.
т. 5, с. 536
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРЫЧЭ́НКА (Віктар Лук’янавіч) (19.8.1935, г. Ліскі Варонежскай вобл., Расія — 25.4.1974),
бел. спявак (лірычны тэнар). Засл. арт. Беларусі (1968). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1963). З 1963 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Валодаў лёгкім рухомым голасам цёплага тэмбру. Яго выкананне вызначалася музыкальнасцю, тонкім лірызмам, шчырасцю. Сярод партый: Мільчык і Уронак («Яснае світанне» А.Туранкова), Пётр («Зорка Венера» Ю.Семянякі), Сашка («Андрэй Касценя» М.Аладава), Ленскі («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Уладзімір Ігаравіч («Князь Ігар» А.Барадзіна), граф Альмавіва («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Альфрэд, Герцаг, Касіо («Травіята», «Рыгалета», «Атэла» Дж.Вердзі), Немарына («Любоўны напітак» Г.Даніцэці), Фауст («Фауст» Ш.Гуно), Надзір («Шукальнікі жэмчугу» Ж.Бізэ), Рудольф («Багема» Дж.Пучыні), Дон Атавіо («Дон Жуан» В.А.Моцарта), П’еро («Балаганчык» А.Янчанкі), у тэлеоперах «Тарас на Парнасе» М.Аладава, «Ранак» Г.Вагнера.
т. 8, с. 289
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУЙ (Вікенцій Фёдаравіч) (8.7.1912, в. Ракаў Валожынскага р-на Мінскай вобл. — 28.7.1985),
бел. спявак (тэнар). Засл. арт. Беларусі (1971). Скончыў Бел. кансерваторыю (1952). У 1939—41 саліст ансамбля БВА. У 1944—48 і з 1950 саліст хору, у 1959—78 саліст оперы Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Артыст вострахарактарнага плана, стварыў запамінальныя вобразы ў операх класічнага і сучаснага рэпертуару: Бамелій («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Ярошка («Князь Ігар»А.Барадзіна), Шуйскі і Місаіл, Пад’ячы («Барыс Гадуноў», «Хаваншчына» М.Мусаргскага), Жэром («Заручыны ў манастыры» С.Пракоф’ева), Стары Фауст («Фауст» Ш.Гуно), Радрыга («Атэла» Дж.Вердзі); у нац. операх — Нупрэй і Мільчык («Яснае світанне» А.Туранкова), Жабрак («Зорка Венера» Ю.Семянякі); выканаў партыі ў аперэтах І.Штрауса «Лятучая мыш» (Айзенштайн) і «Цыганскі барон» (Стэфан).
А.Я.Ракава.
т. 3, с. 265
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУЖЫ́НА (Паліна Васілеўна) (н. 1.6.1927, в. Палоева Чавускага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. спявачка (мецца-сапрана). Засл. арт. Беларусі (1964). Скончыла Бел. кансерваторыю (1955, клас Я.Віцінга). З 1955 салістка Бел. філармоніі, у 1957—83 — Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Валодае моцным прыгожым голасам вял. дыяпазону. Найб. блізкія ёй ролі лірыка-драм. плана. Сярод партый у нац. операх Марына («Яснае світанне» А.Туранкова), у класічных — Марына Мнішак («Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага), Канчакоўна («Князь Ігар» А.Барадзіна), Любаша, Любава («Царская нявеста» і «Садко» М.Рымскага-Корсакава), Графіня і Паліна, Княгіня («Пікавая дама», «Чарадзейка» П.Чайкоўскага), Княгіня («Русалка» А.Даргамыжскага), Амнерыс, Ульрыка, Азучэна («Аіда», «Баль-маскарад», «Трубадур» Дж.Вердзі), Лаура і Сляпая («Джаконда» А.Панк’елі). У канцэртным рэпертуары творы бел. кампазітараў, кампазітараў-класікаў, бел. нар. песні.
А.Я.Ракава.
т. 6, с. 218
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУЖЫ́НА (Міхаіл Афанасьевіч) (н. 7.5.1922, в. Курылаўка Днепрапятроўскай вобл., Украіна),
бел. спявак (бас). Засл. арт. Беларусі (1982). Скончыў Бел. кансерваторыю (1956, клас Я.Віцінга). З 1956 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Валодае голасам шырокага дыяпазону, добрымі сцэнічнымі данымі, свабодна адчувае сябе ў партыях лірыка-драм. і камедыйнага плана. Сярод партый нац. рэпертуару: Гадлеўскі («Яснае світанне» А.Туранкова), Прафесар, Ракоўскі («Калючая ружа», «Новая зямля» Ю.Семянякі), Палкоўнік («Надзея Дурава» А.Багатырова), Найміт («Сівая легенда» Дз.Смольскага); найб. значныя партыі з класічных опер — Сусанін («Іван Сусанін» М.Глінкі), Грэмін («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Млынар («Русалка» А.Даргамыжскага), Дасіфей, Пімен («Хаваншчьша», «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага), Канчак («Князь Ігар» А.Барадзіна), цар Дадон («Залаты пеўнік» М.Рымскага-Корсакава), Агамемнан («Арэстэя» С.Танеева), Мефістофель («Фауст» Ш.Гуно), Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Інквізітар («Дон Карлас» Дж.Вердзі), Стольнік («Галька» С.Манюшкі).
А.Я.Ракава.
т. 6, с. 218
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ЦЦА-САПРА́НА (італьян. mezzosopiano ад mezzo сярэдні),
жаночы голас, сярэдні паміж сапрана і кантральта. Адрозніваюць высокае (лірычнае) М.-с., блізкае да сапрана, і нізкае, якое набліжаецца да кантральта. Дыяпазон — a(b)—a2(b2). Для М.-с. характэрны паўната гучання ў сярэднім рэгістры, наяўнасць ніжняга груднога рэгістра. Сярод оперных партый, напісаных для М.-с.; Марфа («Хаваншчына» М.Мусаргскага), Любаша («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Амнерыс («Аіда» Дж.Вердзі), Кармэн («Кармэн» Ж.Бізэ), у бел. операх — Надзея Дурава (аднайм. опера А.Багатырова), Алеся («Алеся» Я.Цікоцкага), Марына («Яснае світанне» А.Туранкова), Квета («Князь Наваградскі» А.Бандарэнкі). Сярод бел. спявачак М.-с.: С.Данілюк, Р.Асіпенка, Г.Цэпава, В.Валчанецкая, Л.Галушкіна, К.Кудрашова, П.Дружына, Н.Галеева, Н.Руднева і інш. Асаблівая разнавіднасць М.-с. — каларатурнае М.-с. (партыя Разіны ў «Севільскім цырульніку» Дж.Расіні). У хоры М.-с. выконваюць партыі першых альтоў.
т. 10, с. 324
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКО́ЛЬСКІ (Барыс Веньямінавіч) (н. 14.12.1918, г. Валгаград, Расія),
бел. спявак (драм. тэнар). Засл. арт. Беларусі (1962). Скончыў Муз. вучылішча імя Гнесіных у Маскве (1951). У 1951—73 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Валодае гучным прыгожым голасам вял. дыяпазону, роўным ва ўсіх рэгістрах. Яго творчай індывідуальнасці найб. адпавядалі ролі героіка-драм. плана. Сярод партый у операх бел. кампазітараў: Міхась («Міхась Падгорны» Я.Цікоцкага), Мікола («Яснае світанне» А.Туранкова), Палонскі («Надзея Дурава» А.Багатырова); у класічных творах — Герман, Андрэй, княжыч Юрый («Пікавая дама», «Мазепа», «Чарадзейка» П.Чайкоўскага), Князь («Русалка» А.Даргамыжскага), Сабінін («Іван Сусанін» М.Глінкі), Садко («Садко» М.Рымскага-Корсакава), Атэла, Радамес, Рычард («Атэла», «Аіда», «Баль-маскарад» Дж.Вердзі), Энца («Джаконда» А.Панк’елі), Каварадосі («Тоска» Дж.Пучыні), Хазэ («Кармэн» Ж.Бізэ). У 1962 выконваў партыі Радамеса і Сабініна ў спектаклях Вял. т-ра ў Маскве.
А.Я.Ракава.
т. 11, с. 344
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ЖНІК (Леанід Фёдаравіч) (17.4.1917, в. Маскаленкі Белапольскага р-на Сумскай вобл., Украіна — 16.4.1992),
бел. спявак (бас). Нар. арт. Беларусі (1959). Скончыў Муз.-пед. ін-т імя Гнесіных у Маскве (1955). У 1952—66 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. З 1964 выкладаў у Бел. кансерваторыі. Дасканала валодаў вак. тэхнікай, майстэрствам пераўвасаблення; яму былі ўласцівыя натуральнасць сцэн. паводзін, завершанасць пластычнага малюнка роляў. Шмат спяваў у нац. операх: Даніла, Анішчук («Дзяўчына з Палесся», «Міхась Падгорны» Я.Цікоцкага), Дураў («Надзея Дурава» А.Багатырова), Гадлеўскі («Яснае світанне» А.Туранкова), Якуб («Марынка» Р.Пукста). Сярод партый класічнага рэпертуару: Млынар («Русалка» А.Даргамыжскага), Грэмін («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Карась («Запарожац за Дунаем» С.Гулак-Арцямоўскага), Галіцкі («Князь Ігар» А.Барадзіна), Пімен, Варлаам («Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага), Мефістофель («Фауст» Ш.Гуно), Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні). Выступаў як камерны спявак. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу на лепшае выкананне твораў Мусаргскага (1956).
т. 3, с. 230
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)